Беларуская Служба

Змены ў Польшчы пачаліся са сродкаў масавай інфармацыі

21.12.2023 14:24
Новы ўрад, які дзейнічае з 12-га снежня, прыняў рашэнне аб замене кіраўніцтва ў Польскай тэлевізіі, Польскім радыё і Польскім прэсавым агенцтве (PAP).
Аўдыё
  • У Польшчы пачаліся змены ў публічных СМІ
Сядзіба Польскай тэлевізіі ў ВаршавеPAP/Leszek Szymański

Гэтае рашэнне выклікала пратэсты і супраціў з боку апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасць», у сітуацыю ўмяшаўся прэзідэнт краіны.

Адным з перадвыбарчых абяцанняў кіроўнай кааліцыі было ажыццяўленне змен у публічных СМІ ў Польшчы. Палітыкі кааліцыі казалі, што за часоў урада партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) «публічныя медыі ператварыліся ў прапагандысцкі рупар папулісцкай улады». На гэта звяртаў увагу падчас выбараў Дональд Туск.

- Мільёны полек і палякаў штодня маюць доступ толькі да «інфармацыі», насамрэч, - прапаганды, якую ствараюць у гэтай фабрыцы хлусні. Мы бачым выразна на чым палягае «місія» тэлебачання ПіС. Гэта дзейнасць, якая нагадвае палітычную паліцыю, правакатараў. Усе, хто парушаюць законы і Канстытуцю, знішчылі публічную тэлевізію, замяніўшы яе ў рупар прапаганды будуць несці адказнасць. ПіС ды памагатыя парушылі заканадаўства тым, што зрабілі з тэлевізіяй.

Кааліцыя на чале з прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам паабяцала зрабіць публічныя СМІ больш аб’ектыўнымі ды менш прапагандысцкімі. За рэалізацыю абяцання новы ўрад узяўся праз тыдзень пасля прыняцця прысягі. У сераду 20 снежня міністр культуры і нацыянальнай спадчыны, як орган, які ажыццяўляе правы ўласнасці над публічнымі СМІ, звольніў кіраўнікоў Польскай тэлевізіі, Польскага радыё і Польскага прэсавага агенцтва, і прызначыў новае кіраўніцтва.

Гэта рашэнне было прынятае пасля таго, як у аўторак Сейм прыняў пастанову, у якой, між іншым, гаворыцца пра «недапушчальнасць працягваць стан адкрытага парушэння закону з боку грамадскіх устаноў радыё і тэлевяшчання і Польскага прэсавага агенцтва. Пастанову прадставіў маршалак Сейму Шымон Галоўня.

- Пастанова Сейма не закон, гэта меркаванне ды заклік з боку парламента, у дакуменце ўнесенае абяцанне Сейма прыняць заканадаўчую папраўку, каб выправіць сітуацыю ў публічных СМІ, якія былі сапсаваныя за часы кіравання ПіС.

У абгрунтаванні пастановы гаварылася, што за два папярэднія тэрміны паўнамоцтваў Сейма «грамадскае радыё, тэлебачанне і Польскае прэсавае агенцтва цалкам страцілі сваю місію і ролю, акрэсленую законам, па прадстаўленні надзейнай, бесстаронняй інфармацыі, і такое становішча спраў працягваецца дагэтуль». Пра гэта падчас выступу казаў дэпутат ад партыі «Грамадзянская кааліцыя» Міхал Краўчык.

- Восем год таму ПіС зладзіў пераварот і захоп публічных СМІ. Два месяцы пасля прыходу да ўлады кіраўніком тэлебачання зрабілі дзейснага палітыка. Потым партыя прыняла закон, які парушаў Канстытуцыю. Такі вердыкт вынес Канстытуцыйны суд.

У аўторак у галасаванні па праекце пастановы аб грамадскіх СМІ не ўдзельнічалі 109 дэпутатаў ад «Права і справядлівасці». Замест у Сейм палітыкі ПіС пайшлі ў сядзібу TVP. Сярод палітыкаў, якія правялі там ноч, быў старшыня партыі Яраслаў Качыньскі.

- Гэта абарона дэмакратыі, бо няма дэмакратыі без плюралізму СМІ і без антыўрадавых выданняў. У кожнай дэмакратыі павінны быць моцныя антыўрадавыя СМІ. У Польшчы такую пазіцыю займаюць публічныя выданні. Таму мы мусім бараніць свабоду выказвання, права доступу грамадзян да інфармацыі.

Прадстаўнікі апазіцыі спадзяваліся, што іх прыхільнікі выйдуць масава на дэманстрацыю ў пратэсце супраць змен у публічных СМІ. Гэтага не адбылося. Наадварот, рашэннем ураду перастаў працаваць канал TVP Info, перапынілася вяшчанне рэгіянальнага тэлебачання, перастаў працаваць партал, які належыць каналу навін.

У сітуацыю ўмяшаўся прэзідэнт. На думку Анджэя Дуды, уносячы змены ў СМІ, цяперашняя ўлада ігнаруе дзеючыя нормы.

– Учора былі апушчаны нормы дзеючага заканадаўства, што з'яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі і з гэтым нельга пагадзіцца. Дзеянне міністра культуры? Так, гэта цалкам незаконныя дзеянні. Гэта анархія.

Супраць звальнення і прызначэння новага кіраўніцтва і назіральных радаў Польскага телебачання, Польскага радыё і Польскага прэсавага агенцтва выступіла таксама Нацыянальная рада па СМІ. У пазіцыі, падпісанай трыма з пяці сябрамі Рады, падкрэслівалася незаконнасць дзеянняў. Паводле старшыні рады Кшыштафа Чабаньскага, тое, што адбываецца, з'яўляецца атакай на грамадскія СМІ.

- Нам вельмі балюча, што сілавым і беззаконным метадам спрабуюць рэгуляваць тое, што вырашаюць законы. У прававой дзяржаве законнасць павінна быць на першым месцы. Гэта кепскі прагноз, што да сітуацыі ў Польшчы, і асабліва што да стану СМІ.

З боку незалежных каментатараў чуваць стрыманыя меркаванні. Новая кааліцыя абрала найменш зразумелы метад, і ёсць шмат прыкмет таго, што ён не зусім законны, напісаў на партале «Wirtualnej Polski» Томаш Тэрлікоўскі. Публіцыст зазначыў, што змены, уведзеныя міністрам культуры ў СМІ, будуць абскарджаны ў судах, у тым ліку ў Канстытуцыйным і Вярхоўным судах. Разгляд зацягнецца, абодва бакі будуць называць сябе законна абранымі або незаконна адхіленымі, можа быць двоеўладдзе, хаос, у тым ліку прававы бардак, зазначыў публіцыст.

Пра змены ў польскіх грамадскіх медыя пішуць ужо СМІ ва ўсім свеце. Напрыклад, BBC нагадала, што «за часоў папярэдняга ўраду Польшча апусцілася з 18-га на 57-е месца ў Сусветным індэксе свабоды прэсы», а партал Politico напісаў, што «рэвалюцыя ў Польшчы становіцца рэальнасцю». Затое «The Guardian» адзначыў, што «некаторыя людзі ставяць пад сумнеў законнасць крокаў новага ўрада і папярэджваюць, што,  урад Туска рызыкуе стварыць уласны палітызаваны тэлеканал замест папярэдняга».

Юры Ліхтаровіч