Беларуская Служба

Дзмітро Кулеба прапануе пяць крокаў у адказ на масіраваныя атакі Расіі

02.01.2024 15:15
Ноч з 1 на 2 студзеня стала для Украіны чарговай ноччу масіраванай атакі, якая папярэднім разам здарылася на прыканцы мінулага тыдня.
Аўдыё
  • Дзмітро Кулеба прапануе пяць крокаў у адказ на масіраваныя атакі Расіі
Кіеў PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітро Кулеба чакае рэакцыі і рашучых захадаў заходніх краінаў пасля чарговага масіраванага ракетнага ўдару Расіі.

Расія выпусціла па Украіне 99 ракет, 72 удалося збіць. Паведамляецца пра чатыры ахвяры, 92 параненых. Замежныя карэспандэнты ва Украіне перадаюць, што такой колькасці выбухаў у кароткім часе яны не чулі даўно.

Папярэдняя падобная атака адбылася з чацвярга на пятніцу, загінулі 36 чалавек, былі знішчаныя будынкі грамадзянскай інфраструктуры.

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітро Кулеба чакае рэакцыі і рашучых захадаў заходніх краінаў пасля чарговага масіраванага ракетнага ўдару Расіі 2 студзеня:

-Пуцін узмацняе тэрор супраць Украіны. Сёння быў другі масіраваны ракетны ўдар усяго за чатыры дні. Пашкоджана грамадзянская інфраструктура, ёсць параненыя і загінулыя, у тым ліку дзеці. Мы чакаем, што ўсе дзяржавы рашуча асудзяць напад і прымуць рашучыя меры.

Паводле кіраўніка МЗС Украіны, ужо зараз можна зрабіць пяць крокаў:

паскорыць забеспячэнне Украіны дадатковымі сістэмамі супрацьпаветранай абароны і боепрыпасамі;

забяспечыць Украіну баявымі беспілотнікамі ўсіх тыпаў;

забяспечыць Украіну ракетамі далёкага дзеяння з далёкасцю 300 км+;

ухваліць выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў для дапамогі Украіне;

ізаляваць расійскіх дыпламатаў у сваіх сталіцах і міжнародных арганізацыях.

-Тэрарыстычны рэжым у Маскве павінен усвядоміць, што міжнародная супольнасць не будзе заплюшчваць вочы на ​​забойства мірных жыхароў і разбурэнне грамадзянскай інфраструктуры ва Украіне, — падкрэсліў Кулеба

У сувязі з чарговым масіраваным расійскім ракетным ударам па Украіне Польшча падняла ў неба знішчальнікі F-16 і авіязапраўшчык.

Генерал Вальдэмар Скшыпчак на хвалі Польскага радыё сёння падкрэсліў, што ўсе краіны НАТА павінны адбудоўваць мілітарную сілу, каб быць падрыхтаванымі да найгоршых сцэнараў.

Генерала Скшыпчака пыталіся пра сітуацыю на ўкраінскім фронце і пра магчымыя дзеянні, звязаныя з вайной:

-З маёй перспектывы, перспектывы апошніх двух гадоў, гэта ўсё ж два страчаныя гады для Украіны. Расіяне цяпер маюць стратэгічную перавагу, якую адбудоўвалі з лета мінулага году. Гэтая стратэгічная перавага дапамагае ім весці аперацыі адначасова на некалькіх адрэзках фронту і разбіваць абарону ўкраінскай арміі. Гэта вельмі непакоіць, тым больш, што ўкраінцы не маюць дастатковага патэнцыялу, каб абараняцца. Незалежна ад дапамогі з Захаду, а яна не паступае такім струмянём, як бы хацелі ўкраінцы, украінцам не хапае жаўнераў. З траўня гэтага году яны вагаюцца, ці праводзіць мабілізацыю. Калі яны не правядуць мабілізацыі, не абучаць новых жаўнераў, то не будуць у стане працягваць абаронныя аперацыі.

Зіма - гэта самы складаны час для вядзення ваенных дзеянняў, дадае генерал Вальдэмар Скшыпчак:

-Большасць украінскіх жаўнераў цяпер сядзіць у акопах, у баявых аўтамабілях. Нішто так моцна не вычэрпвае жаўнераў, як адсутнасць сну і зіма, снег і дождж. Праз 2-3 дні ў такіх умовах жаўнеры становяцца надзвычай вычарпаныя фізічна і псіхічна. Ім неабходная ратацыя. Ці могуць сабе абедзьве арміі дазволіць ратацыю, цяжка ацаніць з Варшавы. Аднак напэўна ўкраінцы маюць цяжкасці з абаронай таму, што войска стомленае. Без адпачынку войска не ў стане ўтрымаць абаронныя пазіцыі, не ў стане змагацца.

Генерал нагадвае нядаўнія словы генсакратара НАТА Енса Столтэнберга, які казаў, што Пуцін не затрымаецца на Украіне, калі атрымае перамогу. Вальдэмар Скшыпчак кажа, што словы кіраўніка альянсу непакояць:

-Мы павінны прыслухацца да таго, што кажа Столтэнберг і Байдэн, які казаў у Кангрэсе, што калі Украіна не выйграе, то амерыканскі жаўнер разам з польскім будуць вымушаныя ўстаць на абарону ўсходніх межаў НАТА. Краіны НАТА без выключэння павінны прадпрыняць усе намаганні, каб адбудаваць свой мілітарны патэнцыял. Пуцін напэўна нейкім чынам будзе імкнуцца да таго, каб перашкодзіць функцыянаванню краін НАТА, шчыпаючы нашую ўсходнюю мяжу, пераследуючы нас гібрыднай вайной, з якой мы не ведаем як справіцца. Пуцін стала штурмуе нашу ўсходнюю мяжу, а мы ўтрымліваем там велізарную колькасць войска, якое павінна замест гэтага вучыцца на палігонах.

Пацверджаннем словаў польскага генерала павінны быць выказванні самога Пуціна.

Ён у чарговы раз указаў на Захад як на галоўнага ворага Расіі. — Праблема не ў тым, што яны дапамагаюць нашаму ворагу. Яны наш вораг. Сама Украіна нам не вораг. Але тыя, хто хоча знішчыць расійскую дзяржаву, хто хоча дамагчыся, як яны кажуць, стратэгічнай паразы Расіі на полі бою, і кажуць гэта ў асноўным на Захадзе г.зв. эліты, для якіх існаванне Расіі, (...) з яе цяперашняй якасцю і памерам, на іх думку, непрымальна, - сказаў Пуцін падчас наведвання параненых вайскоўцаў.

Там жа Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія ўзмоцніць атакі на Украіну. Паводле яго, гэта будзе адказ на апошнія паспяховыя атакі на Белгарад, за якімі, паводле расіян, стаяць украінцы.

ав

слухайце аўдыё