Беларуская Служба

У Польшчы вяртаецца абмеркаванне пытання пераходу на адзіную еўрапейскую валюту

02.01.2024 14:10
Таксама ў Чэхіі гучаць заклікі перайсці на еўра. 
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выданне Rzeczpospolita на першай паласе прысвячае ўвагу пытанню патэнцыйнага ўваходу Польшчы ў еўразону. На думку экспертаў, польскі ўрад павінен узяць курс на еўра, паколькі карысці ад такога рашэння больш, чым шкоды.

Польшча, уваходзячы ў Еўрапейскі Саюз, абяцала стаць часткай зоны адзінай валюты. З таго часу прайшло амаль 20 гадоў, а рашэнне ўсё яшчэ не прынятае. Эканамісты адзначаюць, што кожны год без валюты еўра прыносіць Польшчы страты. Урад партыі «Права і справядлівасць», які быў супраць пераходу на еўра, гэтых стратаў не падлічваў.

Тым часам, спіс пазітываў ад пераходу на еўра вельмі вялікі. Эксперты кажуць пра рост надзейнасці эканамічнай палітыкі, ліквідацыю рызыкі змены курса валют, ніжэйшыя працэнтныя стаўкі, больш танныя крэдыты і рост спажывецтва, інвестыцый, канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці эканомікі, дзякуючы чаму магчымы эканамічны рост. Страчаныя магчымасці росту ў Польшчы, паводле розных падлікаў, складаюць ад 2,5 да 7,5% ВУП.

Праціўнікі пераходу на еўра кажуць пра адмоўныя бакі гэтага рашэння. Галоўны – страта часткі суверэнітэту, паколькі манетарнай палітыкай будзе кіраваць Еўрапейскі Цэнтральны Банк, адпаведна, Польшча не зможа самастойна рэагаваць на патэнцыйныя валютныя крызісы. Аднак, Польшча атрымала б уплыў на рашэнні ЕЦБ.


Партал Filary Biznesu піша пра дэбаты ў Чэхіі аб пераходзе краіны на еўра. Ініцыятарам стаў прэзідэнт Петер Павел. Прэм'ер-міністр Пётр Фіяла ставіцца да пытання скептычна, на ягоную думку, Чэхія слаба падрыхтаваная, аднак яго пазіцыя знаходзіцца пад жорсткай крытыкай.

Прэзідэнт Павел заявіў, што трэба пачаць рабіць канкрэтныя крокі па пераходзе на еўра. На думку Паўла, адзіная валюта – гэта «лагічная будучыня», прэзідэнт раскрытыкаваў правацэнтрысцкі ўрад за недастатковую камунікацыю з грамадствам, асабліва ў данясенні тых рашэнняў, якія закранаюць большасць грамадзян.

У маі 2023 года лідар кіруючай партыі заявіў, што ўвядзенне еўра «не зʼяўляецца важнейшай праблемай» і дадаў, што «спачатку трэба навесці парадак у дзяржаўным бюджэце і спыніць рост інфляцыі». Прэм’ер Фіяла адзначыў, што краіна не адпавядае крытэрам, якія зʼяўляюцца ўмовай далучэння да зоны еўра. Гэта стабільныя цэны, працэнтныя стаўкі і абменныя курсы, а таксама доўгатэрміновая ўстойлівасць дзяржаўных фінансаў.

Тэма ўвядзення еўра зʼявілася ў лістападзе 2023 года. Міністэрства фінансаў Чэхіі сумесна з цэнтральным банкам падрыхтавалі справаздачу, у якой была зроблена выснова, што чэшская эканоміка ў задавальняючай ступені падрыхтаваная да прыняцця адзінай валюты.

Варта дадаць, што ў Польшчы партнёры па кааліцыі кіруючай Грамадзянскай дэмакратычнай партыі выступаюць за еўра. У той жа час у чэхаў вялікія праблемы з айчыннай эканомікай. Інфляцыя застаецца высокай, а эканамічны рост знаходзіцца на мяжы рэцэсіі.

нг