Беларуская Служба

Беларускія дэмакратычныя сілы агучылі планы на бягучы год

09.01.2024 10:52
2024 стане для беларускіх дэмакратычных сіл час больш рашучага змагання з рэжымам Лукашэнкі. Аб’яднаны Пераходны Кабінет абвесціў планы па ўзмацненні ціску на рэжым ды прыцягненні Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/tsikhanouskaya

Апроч таго дэмакратычныя сілы будуць працягваць аказваць падтрымку палітвязням, спрыяць легалізацыі беларусаў, што апынуліся за мяжой, ды падтрымліваць захаванне нацыянальнай тоеснасці.

8 студзеня 2024 года ў Варшаве ў памяшканні Музея Вольнай Беларусі прайшло пасяджэнне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета з удзелам кіраўніцы Кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскаў, прадстаўніка па транзіце ўлады Паўла Латушкі, прадстаўніка па замежных справах Валера Кавалеўскага, прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай, прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка ды прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аліны Коўшык.

Пасля сустрэчы прадстаўнікі Кабінета распавялі пра планы беларускіх дэмакратычных сіл на 2024 і падзяліліся вынікамі сустрэч з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і міністрам па еўрапейскіх справах Польшчы Адамам Шлапкам.

У сваім выступе Святлана Ціханоўская распавяла пра тое, што Кабінет будзе праводзіць кампанію па папулярызацыі еўрапейскага выбару сярод беларусаў у 2024-м годзе, і збіраецца працягваць праект альтэрнатыўнага пашпарта, будзе дамагацца непрызнання выбараў у лукашэнкаўскі парламент і працягнення Лукашэнкі разам з памагатымі да адказнасці.

- Наступны год будзе цяжкі, я зычу нам усім цярплівасці ды мудрасці. Мы выстаялі ў 2023 годзе, які таксама быў складаным, выстаім і ў гэтым. Галоўнае захоўваць аптымізм, веру ды адзінства. Верыць у нашыя сілы ды перамогу над дыктатурай. Будучы ў Польшчы мы казалі пра неабходнасць падтрымкі беларускіх арганізацый ды медыяў, пра стыпендыі ды стажыроўкі для беларусаў, а таксама пра патрэбу больш жорсткай ды эфектыўнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

У гэтым годзе Кабінет плануецца заняцца ўмацаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці, засяроджваючыся ў першую чаргу на адукацыі, зазначыла Аліна Коўшык.

- 24 год Аб’яднаны пераходны кабінет абвясціў годам нацыянальных традыцый. Гэта можа даць штуршок развіццю нацыянальнай ідэнтычнасці, звароту да нашых каранёў ды погляд у будучыні. Без традыцый, без узмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці не будзе незалежнай Беларусі. Дзейнасць прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні будзе скіравана на тое, каб мы беларусы заставаліся беларусамі. Дзеля гэтага мы будзем імкнуцца стварыць беларускі ўніверсітэт. Мы працуем над стварэннем Інстытута беларускай мовы, каб захаваць мову як сродак ідэнтычнасці. Мы вядзём перамовы з Варшаўскім універсітэтам аб стварэнні Еўрапейскага цэнтра беларускіх даследаванняў. Яшчэ ідзецца пра стварэнне беларускіх школ на эміграцыі, без дзяцей не будзе будучыні.

Важным напрамкам працы Кабінета на бягучы год застанецца пытанне вызвалення палітвязняў ды падтрымкі іх сем’ям. Пра што казала Вольга Гарбунова.

- На наступны год у нашай працы застаецца той самы фокус – падтрымка палітвязняў. Тут важна казаць не толькі пра вызваленне, бо з гэтым не заўсёды ёсць вынікі і разуменне, што рабіць далей. Але мы будзем працягваць над гэтым працаваць. Аднак пытанне палітвязняў палягае не толькі на пошуку шляхоў вызвалення, але і прадстаўлення дапамогі. Мы плануем правесці розныя акцыі, па прыкладзе мінулагодняга марафону Салідарнасці з палітвязнямі, у тым ліку міжнароднага характару.

На міжнароднай арэне Кабінет будзе працягваць працу па аказанні ціску на рэжым Лукашэнкі, падкрэсліў Валер Кавалеўскі.

- Магістральным кірункам, як і раней, нашай працы застаецца непрызнанне рэжыму Лукашэнкі ды аказанне ціску на рэжым: палітычны, дыпламатычны, санкцыйны. Яшчэ мабілізацыя дапамогі для грамадзянскай супольнасці, палітычных сіл дэмакратычнай Беларусі. Мы таксама займаемся распрацоўкай стратэгіі для вольнай Беларусі, для вызвалення ад дыктатуры ды расійскага ўплыву, каб спыніць расійскі наступ на незалежнасць Беларусі.

У сваю чаргу Павал Латушка зазначыў, што на дадзены момант для беларускіх дэмакратычных сіл галоўным міжнародным партнёрам стала Польшча.

- Польшча з’яўляецца найважнейшым стратэгічным партнёрам для дэмакратычных сіл Беларусі. Мы верым у тое, што Польшча будзе для Беларусі брамай у Еўрапейскі Саюз. Менавіта гэтая тэма была адной з галоўных падчас сустрэч з польскім міністрам замежных спраў і міністрам еўрапейскіх спраў. У Польшчы жыве 200 тысяч беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны з-за палітычных рэпрэсій. Мы ўдзячныя Польшчы і палякам за тое, што прынялі беларусаў, і дэманструюць салідарнасць з беларускім народам у такой цяжкай сітуацыі.

У аўторак 9 студзеня ў Варшаве запланавы Святочны прыём для беларусаў Польшчы, які ладзіць польскі прэзідэнт Анджэй Дуда сумесна са Святланай Ціханоўскай.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч