Пасля лідараў апазіцыі, якіх лукашысты «судзілі» завочна, прыйшла чарга аналітыкаў і даследчыкаў. Рэжым заявіў, што 20 навукоўцаў «далучыліся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не ўпершыню закранаюць аналітыкаў ды даследчыкаў. У сакавіку мінулага года рэжым Лукашэнкі асудзіў на 10 гадоў пазбаўлення волі паліталагіню ды заснавальніцу і рэдактарку сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне» Валерыю Касцюгову, і сузаснавальніцу школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa Тацяну Кузіну. Лукашысты абвінавацілі іх у змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. За кратамі ў Беларусі знаходзяцца таксама вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок ды палітолаг Андрэй Паротнікаў. Лукашысты абвінавачваюць першага ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, а другога ў «здрадзе дзяржаве».
Цяпер лукашэнкаўскі Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць па «справе аналітыкаў Ціханоўскай». Лукашысты абвінавацілі 20 чалавек, сярод якіх журналісты, эксперты ды навукоўцы. Лукашысты назвалі іх «аналітыкамі Ціханоўскай» ды звінавацілі ў тым, што яны нібыта «далучыліся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады», і «прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці».
З чым звязаная гэтая атака на журналісцкія ды аналітычныя колы з боку рэжыму Лукашэнкі, пра гэта мы размаўляем з палітолагам Паўлам Усавым, які сам апынуўся ў спісе «падазраваных».
- Дадзеная актыўнасць з боку рэжыму звязаная, перш за ўсё, з тым, каб на інстытуцыянальным узроўні дэмантаваць любую актыўнасць з боку беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой. Апроч таго, гэта дэманстрацыя таго, што ўлады з самага пачатку кантралявалі апазіцыйную актыўнасць і адсочвалі ўдзел розных людзей на розных этапах дзейнасці розных людзей у атачэнні Ціханоўскай, пачынаючы з 2020-га году.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч