Беларуская Служба

Дзяржаўны бюджэт стаў інструментам палітычнай барацьбы ў Польшчы

01.02.2024 15:23
Тры месяцы пасля выбараў у Польшчы не сціхае вострая палітычная барацьба паміж кіроўнай кааліцыяй ды апазіцыяй.
Рэзідэнт Польшча Анджэй Дуда выступае ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве пасля падпісання закону аб бюджэцеPAP/Paweł Supernak

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пастанавіў падпісаць закон аб бюджэце і накіраваць яго ў Канстытуцыйны суд на працэдуру кантролю. Прэзідэнт абяцае, што так будзе з кожным законам. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў недапушчальным прэзідэнцкі крок і абвясціў магчымасць роспуску парламента.

Тры месяцы пасля выбараў у Польшчы не сціхае вострая палітычная барацьба паміж кіроўнай кааліцыяй ды апазіцыяй. Партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) выграла выбары, але на змагла сфармаваць большасці ў парламенце для стварэння ўраду. Партыя перайшла ў апазіцыю да кіроўнай кааліцыі ў складзе «Грамадзянскай платформы» (КО), руху «Польшча 2050», Польскай сялянскай партыі (ПСЛ) ды «Левых сіл».

ПіС выкарыстоўвае той факт, што прэзідэнтам з’яўляецца блізкі да партыі чалавек. Не маючы магчымасці прымаць законы, ПіС імкнецца пры дапамозе прэзідэнта запаволіць прыняцце новых законаў. Так сталася ў выпадку закону аб бюджэце. 

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пастанавіў падпісаць закон аб бюджэце, але пасля накіраваў яго на разгляд у Канстытуцыйны суд. Прычына - як зазначаецца ў прэс-рэлізе Канцылярыі прэзідэнта - працэдура прыняцця гэтых законаў, а дакладней, адсутнасць падчас працы над імі дэпутатаў ПіС Марыюша Каміньскага і Мацея Вонсіка. Суд прызнаў іх вінаватымі ў злоўжыванні ўладай ды пазбавіў іх дэпутацкага мандату. ПіС не прызнае гэты факт. Пра гэта распавяла Малгажата Папроцка з Канцылярыі прэзідэнта.

- Скіраваць закон на разгляд у Канстытуцыйны суд можна толькі пасля прыняцця яго парламентам. Спадар прэзідэнт прыняў рашэнне, што закон уступіць у сілу, але пасля публікацыі будзе накіраваны ў Канстытуцыйны суд на разгляд законнасці працэдуры, што звязана з адсутнасцю пры прыняцці закона дэпутатаў Вонсіка і Камінскага.

Апроч таго ў заяве Канцылярыі прэзідэнта зазначаецца, што «падобныя дзеянні будуць прымацца прэзідэнтам кожны раз, калі члены парламента не могуць выконваць свае паўнамоцтвы, атрыманыя ў выніку ўсеагульных выбараў». 

Цяпер Канстытуцыйны суд мае два месяцы, каб праверыць адпаведнасць гэтых дакументаў Асноўнаму закону. Прафесар Канстытуцыйнага права Марэк Хмай лічыць, што няма падстаў ставіць пад сумнеў працэс прыняцця бюджэту.

- Не павінна быць ускладненняў. На маю думку сумневы прэзідэнта надуманыя, яны не маюць ніякага дачынення да права. Сейм можа мець меншую колькасць дэпутатаў. Гэта натуральна, калі нехта адмаўляецца ад дэпутацкага мандата, губляе яго ў выніку рашэння суда, ці смерці. Так часта здаралася, гэта не парушэнне Канстытуцыі.

«Непрымальная сітуацыя» — так прэм'ер-міністр Дональд Туск пракаментаваў апошні крок прэзідэнта адносна бюджэту.

- Ставіць справу Каміньскага і Вонсіка вышэй за інтарэсы дзяржавы, інтарэсы людзей, якая да таго ж ужо закрытая, з’яўляецца тым, на што няма згоды. Мне крыху сумна, бо нас чакае яшчэ год гэтага «сужыцця», працы ўраду з гэтым прэзідэнтам. Няма часу, каб дазваляць сабе такія гульні.

Прэм'ер-міністр не выключыў датэрміновых выбараў, калі сітуацыя будзе пагаршацца.

- Некалькі месяцаў пасля перамогі на выбарах мне хочацца пачынаць зноў выбарчую кампанію, у нас зашмат працы. Але я хацеў бы выразна падкрэсліць, калі мы не зможам кіраваць, бо прэзідэнт будзе перашкаджаць, і, калі апазіцыя хоча датэрміновых выбараў, яны іх атрымаюць. Не думаю, што сярод палітыкаў  ПіС пануе энтузіязм наконт гэтай ідэі.

Намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Мілаш Матыка сказаў, што, нягледзячы на тое, што праект бюджэту перададзены ў Канстытуцыйны суд, бюджэт будзе выконвацца, і палякі будуць працягваць атрымліваць заробкі.

- Прэзідэнт павінен спрыяць кантактам паміж палітычнымі сіламі, а не перашкаджаць заканадаўчаму працэсу. Я думаю, што гэты крок будзе палітычна неэфектыўным. Канстытуцыйны суд можа вырашаць толькі, як бюджэт будзе дзейнічаць. Шкада, што прэзідэнт не можа быць вышэй за палітычныя падзелы.

«Самае галоўнае, каб бюджэт функцыянаваў», — заявіў дэпутат ад Грамадзянскай кааліцыі Павал Коваль. У размове з Польскім радыё палітык раскрытыкаваў заяву Анджэя Дуды пра накіраванне ў Канстытуцыйны суд кожнага законапраекту, які будзе прыняты без Марыюша Каміньскага і Мацея Вонсіка.

- Я думаю, што прэзідэнт ніяк не можа прызвычаіцца да таго, што ў Сейме новая большасць. Калі б сустрэў прэзідэнта, я б нагадаў яму, што ён не прэзідэнт адной партыі, ці адной групы. Нават, калі прэзідэнту не падабаецца новая большасць, абавязкам прэзідэнта, які ён прысягаў выконваць, з’яўляецца клопат пра дзяржаву, асабліва ў складаныя часы.

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць у траўні наступнага году. Гэта можа прывесці да таго, што ў гэтым годзе ў Польшчы могуць быць праблемы з утрыманнем палітычнай стабільнасці з-за барацьбы паміж урадавай кааліцыяй ды апазіцыйным прэзідэнтам.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч