Новае кіраўніцтва ведамства плануе ствараць пошукава-выратавальныя групы і рыхтуе змены пастановы аб pushback, то бок прымусовым вяртанні эмігранта праз мяжу на беларускі бок, – пра гэта піша Віктар Фэрфэцкі у газеце Rzeczpospolita.
З пачатку года іншаземцы спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу 88 разоў – сведчаць звесткі Памежнай службы. Гэта значна менш, чым у студзені 2023 года, калі такіх спробаў было больш за 1,4 тысячы, але эксперты кажуць, што крызіс на беларускай граніцы не скончыўся. Аднак гуманітарнае становішча мігрантаў неўзабаве можа палепшыцца.
Пра гэта гаворыцца ў лісце, які накіраваў намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык амбудсмэну Марціну Вёнцэку. Паведамляецца, што задачай пошукава-выратавальных груп «будзе правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне гуманітарных крызісаў, пра якія да гэтага часу паведамлялі актывісты няўрадавых арганізацый або мясцовыя жыхары». І гэта можа азначаць прарыў не толькі ў стаўленні да эмігрантаў, але і ў падыходзе да няўрадавых арганізацый. Раней НДА заяўлялі, што польская дзяржава ставіцца да іх варожа.
– Я працаваў на мяжы паўтара года і адчуваў сябе патэнцыйным злачынцам, – кажа Мацей Жыўна (Maciej Żywno), сёння віцэ-спікер Сената і ратавальнік няўрадавай арганізацыі Grupa Granica. – Дзейнасць няўрадавых арганізацый была крыміналізавана, і ўрад ПіС выразна даў зразумець сілавым службам, што яны павінны пераследваць такіх людзей, пра што сведчаць выйграныя актывістамі суды, – піша Rzeczpospolita.
Памежная служба ў адказ на такія абвінавачанні заявіла, што супрацоўнічае з многімі арганізацыямі і больш за 800 разоў выклікала на мяжы хуткую дапамогу, правяла больш за 20 выратавальных аперацый і прадаставіла асноўныя тавары, у тым ліку лекі, на некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Мацей Жыўна адзначае, што гэтай дапамогі было недастаткова.
Як павінны працаваць пошукава-выратавальныя групы – міністр Душчык гэтага не патлумачыў.
Прызначэнне Душчыка намеснікам міністра ўнутраных справаў можа сведчыць аб тым, што сітуацыя на полсьска-беларускай мяжы стане больш гуманітарнай. Душчык з'яўляецца хабілітаваным доктарам сацыяльных навук і навуковым супрацоўнікам Цэнтра міграцыйных даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. У апошнім лісце да ўпаўнаважанага па правах чалавека ён паведамляе, што вядзецца праца па дэталёвым вывучэнні ўмоў утрымання ў ахоўных цэнтрах для іншаземцаў.
Мацей Душчык заявіў таксама, што будуць унесеныя змены ў распараджэнне адносна працэдуры pushback, гэта значыць прымусовага вяртання мігрантаў за мяжу. Супраць гэтай працэдуры выступаюць праваабаронцы. На думку многіх экспертаў, пастанова МУС ад 2021 года, прынятая ўрадам ПіС, якая дае магчымасць ажыццяўляць пушбэк, была выдадзена без адпаведнага заканадаўчага дэлегавання.
Аднак гэта не азначае, што Польшча хутка спыніць pushback. У пачатку студзеня Душчык заявіў, што адцісканні спыняцца толькі пасля закрыцця міграцыйнага шляху, аднак падкрэсліў, што дэпартацыі стануць больш «этычнымі».
яс