Вайскоўцы распавялі, што маюць вельмі пазітыўныя ўражанні пасля сустрэч, ёсць і першыя практычныя вынікі. За амаль два гады вайны Полк пашырыўся, ператварыўшыся ў сапраўдную армейскую адзінку. Прадстаўнікі Палка заявілі, што яны закладаюць падваліны пад армію свабоднай Беларусі.
Пры канцы студзеня прадстаўнікі Палка Каліноўскага: камандзір Дзяніс ‘Кіт’ Прохараў і намеснік камандзіра Вадзім Кабанчук пачалі візіт у шэраг еўрапейскіх краін, каб сустрэцца з беларускай дыяспарай. Вайскоўцы наведалі Прагу, Берлін, Вільню, і шэраг польскіх гарадоў, сярод якіх Беласток, Познань, Гданьск і Быдгашч. Візіт завяршыўся ў Варшаве, дзе прадстаўнікі Палка зладзілі прэс-канферэнцыю ў Беларускім Доме.
Вайскоўцы заявілі, што яны задаволеныя вынікамі паездкі, як з эмацыянальнага, так і практычнага боку. Палку ўдалося дагрукацца да беларусаў, сказаў Дзяніс Прохараў.
- Пасля візітаў мы падвядзём вынікі паездкі. Алё ўжо ёсць новыя рэкруты, і таксама дапамога дыяспары, якая кантактуе цяпер з нашым тылавым забеспячэннем. На дадзеным момант шмат пайшло актыўнасці. У нас былі не толькі сустрэчы з дыяспарай, але было шмат непублічных кантактаў. Нам удалося па шэрагу пытанняў дагрукацца да беларусаў. Вайна трывае і нікуды не дзенецца, калі мы не пачнём штосьці рабіць.
Палку ўдалося дамовіцца пра выраб дронаў на патрэбы беларускіх добраахвотнікаў, дадаў Вадзім Кабанчук.
- Цікавасць да сустрэч дэманстравалі не толькі беларусы, але і мясцовыя эксперты. У Еўропе захоўваецца цікавасць да Беларусі, да пытання вызвалення краіны. Ёсць дамоўленасці па дронах, па пікапах, і па матэрыяльна-тэхнічнай дапамозе. Былі размовы не толькі з валанцёрскімі коламі і дыяспарай, але і вытворчымі структурамі.
Камандзір Дзяніс Прохараў распавёў, што за два гады расійскай агрэсіі Полк стаў сапраўднай вайсковай адзінкай.
- На дадзены момант Полк – гэта структура, якая складаецца з Мабілізацыйнага цэнтру ў Варшаве ды Грузіі, Навучальнага цэнтру ў Кіеве, Тылавой службы забеспячэння, якая займаецца ўсімі тэхнічнымі ды бюракратычнымі пытаннямі. Ёсць баявыя батальёны «Волат» і «Ліцвін», баявая група дронаў імя Мікіты Краўцова, медычная рота, і яшчэ баявы батальён «Western», які цяпер называецца «Касцюшка». Гэта іншаземны батальён у складзе Палка Каліноўскага, дзе служаць іншаземцы, у тым ліку ёсць адзін паляк. Цяпер гэта адзіная сістэма, якая працуе для свабоды Беларусі.
Вайскоўцы заклікалі беларусаў падтрымаць іх барацьбу праз данаты альбо далучэнне да дзейнасці Палка. Гаворыць камандзір Дзяніс Прохараў.
- Мы спадзяёмся на тое, каб людзі зразумелі, што пачынаць рабіць трэба зараз. Ідзецца не толькі пра мабілізацыю ў падраздзяленне. Шмат чаго можна рабіць і без службы, можна збіраць падтрымку, дапамогу, дроны.
Лёс вайны яны звязваюць з тым, наколькі Захад застанецца адзіным у справе падтрымкі Украіны.
- Калі Украіне будзе ісці дапамога, асабліва сучасная зброя, ёсць вялікі шанец, што 2024 год стане годам пералому. Ва ўмовах рэсурснага дамінавання Расія прайграе, яны вымушаныя адводзіць авіяцыю ды артылерыю далей ад ліні фронту. Украінцы мацнейшыя духам, яны ведаюць, што бароняць свой дом, а расіяне – захопнікі. Шмат чаго будзе залежыць, наколькі Еўропа і Захад аб’яднаюць свае моцы.
Сваёй мэтай прадстаўнікi Палка назвалі змаганне з расійскай імперыяй, каб не толькі Украіна, але і Беларусь здабыла свабоду.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч