Беларуская Служба

Польшча пачынае новы раздзел у польска-літоўскіх адносінах

05.02.2024 14:15
Старшыня польскага Сэйму Шымон Галоўня знаходзіцца з афіцыйным візітам у Літве.
Аўдыё
  • Старшыня польскага Сэйму Шымон Галоўня знаходзіцца з афіцыйным візітам у Літве.
       -       .
Спікер Сейма Рэспублікі Польшча Шымон Галоўня і прэм'ер-міністр Літвы Інгрыдэ Сіманітэ падчас сустрэчы ў Вільні.PAP/Leszek Szymański

Польскі палітыкі сустрэўся з кіраўніцтвам Літоўскай рэспублікі. Бакі размаўлялі пра інтэнсіфікацыю двухбаковай супрацы, большую падтрымку для Украіны, і таксама пра сумесныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі.

Спікер Сейма Польшчы Шымон Галоўня адправіўся з першым афіцыйным візітам за мяжу. У Вільні польскі палітык сустрэўся з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, прэм'ер-міністрам Інгрыдай Шыманітэ і старшынёй парламента Літоўскай рэспублікі Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн.

Шымон Галоўня заявіў у Вільні, што ў цяперашняй міжнароднай сітуацыі задачай Польшчы і Літвы з’яўляецца развіццё супрацоўніцтва, як у плане супольнай палітыкі, так і ўмацавання бяспекі. «Я спадзяюся, што сёння мы адкрываем новы раздзел у польска-літоўскіх адносінах», — дадаў старшыня польскага Сейма пасля размовы са старшынёй парламента Літвы.

Шымон Галоўня паведаміў, што размаўляў з літоўскімі палітыкамі, між іншым, пра развіццё парламенцкай дыпламатыі паміж Польшчай і Літвой

- Мы патрэбны адно аднаму, мы размаўлялі сёння з дэлегацыямі да старшынёй парламенту пра тое, як важна, каб перастаць успрымаць выключна ўрад адказным за замежную палітыку. Парламенты даюць на яе згоду, шукаюць фінансаванне, менавіта тут адбываецца працэс пераконвання новых асоб да таго, каб супольна нешта будаваць.

Шымон Галоўня падкрэсліў, што адносіны паміж нашымі краінамі падобныя да братэрскіх. «У братоў і сясцёр бываюць цяжкія моманты паміж імі, але ў іх таксама бывае шмат прыгожых момантаў», - сказаў палітык.

- Сёння ў выключна складанай сітуацыі, у якой мы апынуліся, нашай задачай з'яўляецца прыспешванне працэсаў пошуку развязанняў у абшарах, якія нас дзеляць, каб зрабіць больш у тых сферах, якія нас яднаюць.

Спікер польскага Сейма  падкрэсліў, што Літва і краіны Балтыі заўсёды будуць стратэгічным партнёрам для Польшчы ў пабудове еўрапейскай і сусветнай бяспекі. «Мы патрэбны адзін аднаму», — сказаў палітык.

- Мы размаўлялі пра важнасць вайсковай супрацы і падтрымкі Украіны, як з фінансавага, такі і вайсковага боку, каб яна магла бараніцца ад расійскай агрэсіі. Таксама мы абмяркоўвалі пытанне чарговага пакета санкцый, якія Пуцін не зможа абыходзіць.

У сваю чаргу спікер Сейма Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн пасля сустрэчы са старшынём Сейма Шымонам Галоўням заявіла, што выдаткі Польшчы на абарону, якія складаюць 4 працэнты ВУП, з'яўляюцца важным сігналам саюзнікам аб тым, што бяспека з'яўляецца надзвычай важным пытаннем для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Кіраўнік літоўскага парламента паведаміла, што падчас сустрэчы з польскім палітыкам абмяркоўваліся таксама пытанні санкцый супраць Расіі ды рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

— Вельмі важна працягваць сумесныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі. Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі надзвычай важнае, у тым ліку на парламенцкім узроўні. Парламенты - гэта інстытуты, якія прымаюць рашэнні аб выдзяленні сродкаў на абарону і іншыя важныя рашэнні.

Што Польшча і Літва могуць зрабіць у дачыненнях з Беларуссю мы запыталіся ў рэдактара парталу «Przegląd Bałtycki» Дамініка Вільчэўскага. Варшава і Вльня маюць абмежаваныя магчымасці ўздзеяння, зазначыў адмысловец. 

- Дагэтуль былі розныя спробы палітычнага ціску, апошнім часам у асноўным гэта была справа закрыцця памежных пераходаў, з польскага боку ў адказ на прысуд для Анджэя Пачобута. Гэта даволі жорсткія ды роспачныя дзеянні ў звязку з тым, што рэжым у Мінску дэманструе гатоўнасць не саступаць. Рэпрэсіі не сціхаюць. Мы бачым, што большасць магчымых інструментаў былі выкарыстаныя, магчымасці ўздзеяння канчаюцца. Усё, што Польшча і Літва выкарыстоўвалі, не дало чаканага выніку. Рэжым у Мінску не саступае, уводзіць усё больш жорсткія рэпрэсіі. Рэжым Лукашэнкі становіцца ўсё больш залежным ад Расіі, саюзнікам у агрэсіі супраць Украіны.

Маршалак польскага Сейму знаходзіцца ў Вільні з двухдзённым візітам. Гэта першы афіцыйны візіт Шымона Галоўні за мяжу. Палітык сказаў Польскаму радыё, што «мы знаходзімся ў час вялікіх змен, выклікаў і новых палюсоў у еўрапейскай палітыцы, таму нам патрэбна як мага больш дыпламатычных стасункаў паміж нашымі краінамі». У сваю чаргу эксперты зазначаюць, што Польшча і Літва нават разам маюць абмежаваныя магчымасці ўплываць на сітуацыю ў суседняй Беларусі, ці на шчыльнасць санкцый супраць Расіі.

 Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч