Беларуская Служба

Пашпарт Мальтыйскага ордэну настолькі рэдкі, што выклікае зацікаўленне нават у памежнікаў

05.02.2024 16:41
У цяперашні час толькі каля 500 чалавек маюць гэты дакумент, што робіць яго самым рэдкім пашпартам у свеце.
Службовы і дыпламатычны пашпарты Мальтыйскага ордэну крыніца: Facebook/Order of Malta Singapore

Пашпарт Мальтыйскага ордэну настолькі рэдкі, што нават пры перасячэнні мяжы ён выклікае немалое зацікаўленне, бо большасць памежнікаў ніколі яго не бачыла. Але атрымаць яго не так проста – ён зарэзерваваны для невялікай групы людзей, паведамляе партал Geekweek.pl.

Мальтыйскі ордэн альбо, дакладней, Суверэнны ваенны ордэн гаспітальераў Святога Яна, Іерусаліма, Радоса і Мальты – гэта каталіцкі рыцарскі ордэн з амаль 1000-гадовай гісторыяй. Ордэн з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права – гэта суверэнная дзяржава, хаця, што незвычайна, без тэрыторыі. Яна з'яўляецца ўдзельнікам міжнародных пагадненняў, падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 113 краінамі свету і нават мае статус назіральніка ў ААН, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ. Акрамя таго, ордэн таксама выдае ўласныя аўтамабільныя нумары, хаця ў яго няма ўласных дарог, а таксама манеты, паштовыя маркі і пашпарты.

Першыя пашпарты ордэн выдаў у XIII стагоддзі, калі яго дыпламаты пачалі ездзіць у іншыя краіны ў якасці паслоў. У цяперашні час толькі каля 500 чалавек маюць гэты дакумент, што робіць яго самым рэдкім пашпартам у свеце.

Хто можа атрымаць гэты пашпарт? Варта пачаць з таго, што дакумент выдаецца на пэўны тэрмін, на працягу якога дадзеная асоба выконвае ўскладзеныя на яго функцыі. Найбольшы тэрмін дзеяння пашпартоў Вялікіх магістраў ордэну – 10 гадоў. Астатнія дзейнічаюць на працягу чатырох гадоў і выкарыстоўваюцца ў дыпламатычных місіях.

На вокладках пашпартоў – тэкст «Ordre souverain militaire de Malte», герб ордэну і надпіс «Passeport diplomatique» або «Passeport de service» пад ім. Дыпламатычныя пашпарты – чырвонага колеру, а службовыя – чорнага.

вс