Беларуская Служба

Прэм'ер-міністр Венгрыі Орбан: Еўропа не можа дазволіць сабе працягваць фінансаванне Украіны

12.02.2024 19:06
Прэмʼер-міністр Венгрыі Віктар Орбан мяркуе, што Украіна, працягваючы вайну з Расіяй, можа прайграць яе, страціўшы больш тэрыторыі. На яго думку, Еўропа не ў стане даць Украіне дастаткова грошай і зброі для перамогі.
FAZ o Viktorze Orbanie: ostatni przyjaciel Putina w Europie, często staje po stronie Moskwy
"FAZ" o Viktorze Orbanie: ostatni przyjaciel Putina w Europie, często staje po stronie MoskwyAlexandros Michailidis / Shutterstock

Народы Еўропы незадаволеныя павелічэннем фінансавай падтрымкі, якую іх урады аказваюць Украіне, заявіў Орбан у размове з былым канцлерам Аўстрыі Вольфгангам Шуселем, апублікаванай у нядзелю на сайце аўстрыйскага штодзённіка «Die Presse».

Орбан нагадаў, што быў у Маскве за два тыдні да пачатку вайны ў лютым 2022 года і тады «ў яго было адчуванне, што магчыма ўварванне». «Расіяне меркавалі, што рана ці позна ім давядзецца вырашыць канфлікт з Украінай сілай, калі Украіна захоча ўступіць у NATO», – дадаў венгерскі прэмʼер.

«Ужо ў 2008 годзе я сцвярджаў, што адзіны спосаб пазбегнуць пачатку вайны – гэта неадкладна весці перамовы аб будучым членстве Украіны ў NATO. (…) Напэўна, не было б пагаднення з Украінай, але прынамсі мы б атрымалі некаторы час, каб падумаць, як адысці ад вельмі канфрантацыйнага стаўлення Расіі. Усё гэта не змяншае адказнасці Расейскай Федэрацыі за гэтую вайну», – падкрэсліў Орбан, прызнаўшы, што «ўсе дыпламатычныя сродкі былі вычарпаныя, каб пазбегнуць гэтай канфрантацыі».

Віктар Орбан: Найлепшай перспектывай было б стварыць буферную зону паміж Расеяй і Захадам

«Мы, еўрапейцы, недастаткова моцныя, каб расіяне ўспрымалі нас усурʼёз. Гэта сілавая гульня. Гэта вайна. Таму трэба праявіць сілу і выразна данесці да расіян: у нас ёсць інтарэсы, у вас ёсць інтарэсы, і на гэтай аснове мы можам заключаць пагадненні», – растлумачыў прэмʼер-міністр Венгрыі.

На яго думку, спыненне агню не абавязкова будзе азначаць паразу Украіны, бо менавіта працяг вайны нясе рызыку прайграць вайну і страціць Украіне тэрыторыю. Цяпер Еўропа забяспечвае Украіну дапамогай, зброяй, грашыма, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і ўсім астатнім, што яна «больш не можа», дадаў Орбан.

«Грошы, безумоўна, праблема. Людзі ў Еўропе незадаволеныя тым, што іх урады аказваюць Украіне ўсё большую фінансавую падтрымку. Мы не можам дазволіць сабе фінансаваць Украіну, каб яна дамаглася ваеннай перамогі», – падкрэсліў прэмʼер-міністр.

«Хочам мы таго ці не (...) Украіна знаходзіцца там, дзе яна ёсць на карце. Найлепшай перспектывай было б стварыць буферную зону паміж Расіяй і Захадам, натуральна, з гарантыямі бяспекі. Калі гэтага не атрымаецца, Украіна страціць сваю зямлю, а расіяне будуць разбураць Украіну зноў і зноў. Расія ніколі не прыме ў сябе на парозе такога члена ЕС і НАТА, як Украіна. Ніколі», – кажа Орбан.

На яго думку, Украіна цяпер не абараняе Еўропу, у адрозненне ад Венгрыі ў 1956 годзе, калі савецкія войскі ўварваліся ў гэтую краіну. «Украіна не прапануе нам, еўрапейцам, ніякай дадатковай бяспекі, таму што большасць з нас ужо ўваходзяць у НАТА, які значна мацнейшы за Расію. Няма рызыкі, што Расія нападзе на чальца НАТА», – падкрэсліў вугорскі прэм’ер.

Паводле Орбана, шанцы на ўступленне Украіны ў НАТА былі да 2008 года, калі «Расія была занадта слабая, каб заблакаваць пашырэнне альянсу на Украіну». «Аднак гэтая магчымасць не была выкарыстаная на саміце НАТА ў Бухарэсце. Нам не ўдалося завяршыць перамовы аб уступленні з Украінай і Грузіяй, страціўшы тым самым перспектыву Украіны як будучага члена ЕС і НАТА. З таго часу Расея няўхільна мацнее. Можна было прагназаваць, што Расея спыніць усе спробы інтэграваць Украіну з заходнімі структурамі», – кажа Орбан.

«Расіяне не ўпрымаюць украінцаў як партнёраў. Яны будуць дамаўляцца толькі з ЗША, а калі мы будзем разумнымі, то, напэўна, і з Еўропай. Самай вялікай пагрозай для Еўропы зʼяўляецца пагадненне аб архітэктуры бяспекі на нашым кантыненце, заключанае паміж Расіяй і Амерыкай, над галавою Еўропы», – сказаў на заканчэнне прэмʼер-міністр Венгрыі.

PAP/вх