Беларуская Служба

Буйныя еўрапейскія краіны павінны браць прыклад з Польшчы і павялічыць свае інвестыцыі ў абарону – эстонскі генерал

14.02.2024 16:37
«Польшча, безумоўна, зʼяўляецца адным з гарантаў бяспекі НАТА (...)». 
 ,    ,
Дэпутат Еўрапарламента, былы камандуючы эстонскай арміяй, генерал Рыха Тэрас commons.wikimedia.org/DoD/Chairman of the Joint Chiefs of Staff/D. Myles Cullen/public domain

Буйныя еўрапейскія краіны павінны браць прыклад з Польшчы і павялічыць свае інвестыцыі ў абарону – заявіў генерал Рыха Тэрас, былы камандуючы эстонскай арміяй, а цяпер дэпутат Еўрапарламента. Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza са спасылкай на Польскае агенцтва друку.

Еўрапейскі палітык адзначыў, што польскія ўрады апошнія гады прыклалі нямала намаганняў, каб значна павысіць абароназдольнасць краіны. У выніку выдаткі на абарону выраслі амаль удвая і дасягнулі 3,8% ВУП, што складае каля 30 млрд еўра ў год.

«Яны пашыраюцца ва ўсіх напрамках, рыхтуючыся да самаабароны», – адзначыў Тэрас. «Гэтыя лічбы, безумоўна, уражваюць нас. Польшчу чакаюць перамены, і яна ўжо з'яўляецца адной з наймацнейшых ваенных дзяржаў у НАТА. Калі ўсё запланаванае будзе рэалізавана, польская армія будзе большая, чым нямецкая, французская, брытанская і італьянская разам узятыя», – дадаў былы камандуючы Сіламі абароны Эстоніі.

«Польшча, безумоўна, зʼяўляецца адным з гарантаў бяспекі НАТА ў сітуацыі, калі мы зноў і зноў чуем сігналы са Злучаных Штатаў аб тым, што амерыканцы не вельмі хочуць уступаць у бой. Ніхто не можа абвінаваціць Польшчу ў тым, што яна не інвестуе ў нацыянальную абарону», – сказаў палітык, маючы на ўвазе нядаўнія словы Дональда Трампа, у якіх ён падрывае гатоўнасць абараняць некаторых сваіх саюзнікаў.

Адстаўны генерал пахваліў Варшаву за закупкі, зробленыя ў розных краінах свету.

«Калі яны не могуць атрымаць нешта ў ЗША, яны заказваюць гэта ў Паўднёвай Карэі, ствараючы канкурэнцыю. Амерыканцы будуць старацца з усіх сіл, каб прадаць палякам больш», – адзначыў Рыха Тэрас.

вс