Спачатку раніцай кіраўнік польскага ўрада правёў перамовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, а ў другой палове дня – з канцлерам Германіі Олафам Шольцам. Галоўнымі тэмамі размоў сталі абароннае супрацоўніцтва і далейшая падтрымка Украіны, а таксама адраджэнне Веймарскага трохкутніка, гэта значыць фармату шчыльнага супрацоўніцтва паміж Польшчай, Германіяй і Францыяй.
Эмануэль Макрон і Дональд Туск сустрэліся на працоўным абедзе ў Елісейскім палацы. Размова ішла аб падтрымцы Украіны, абароне і суверэнітэце Еўрасаюза, развіцці ядзернай энергетыкі. Адначасова ў парыжскім замку Ла-Сель-Сен-Клу прайшла сустрэча міністраў замежных спраў у фармаце Веймарскага трохкутніка.
Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Макронам Дональд Туск паляцеў у Берлін, дзе правеў перамовы з канцлерам Германіі Олафам Шольцам. Размова ішла пра адносіны Польшчы з Германіяй, Еўропу, бяспеку і эканоміку, а таксама пра агрэсію Расіі супраць Украіны. Сустрэча адбылася ў Адміністрацыі канцлера
Напярэдадні візіту Дональд Туск заявіў, што Еўропа павінна прачнуцца і стаць незалежнай таксама ў сэнсе сваёй бяспекі. Кіраўнік партыі «Грамадзянская платформа» падкрэсліў, што польска-амэрыканскія адносіны трэба падтрымліваць. Аднак, як дадаў ён, словы кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа аб 5 артыкуле НАТА сведчаць аб тым, што таксама важна будаваць вайсковую самадастатковасць.
- Калі Еўропа не будзе больш эфектыўна клапаціцца пра сваю бяспеку, калі мы прывяжам нашу бяспеку выключна да добрай волі ды гатоўнасці ЗША, гэта можа ў пэўным моманце прывесці да катастрофы. Мы павінны разумець, што Еўрапейскі Саюз не можа быць эканамічным гігантам ды карлікам у абшары бяспекі.
«З вяртаннем!» – такімі словамі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон вітаў прэм'ер-міністра Дональда Туска ў Елісейскім палацы. Прэзідэнт Францыі сказаў, што супрацоўніцтва з Польшчай мае вырашальнае значэнне для павышэння бяспекі Еўропы. Ён анансаваў працу над новай дамовай аб двухбаковым супрацоўніцтве, і падкрэсліў, што Францыя падтрымае Польшчу падчас яе старшынства ў Еўрасаюзе ў наступным годзе і выказаў надзею на пабудову даверных адносін.
– Я вельмі рады, што мы можам сустрэцца тут падчас вашага першага візіту ў Францыю пасля ўступлення на пасаду. Вельмі рады, што мы можам зноў пабачыцца. Я хачу яшчэ раз пацвердзіць нашу дружбу і радасць ад сустрэчы і тое, што дзякуючы вам і вашаму ўраду ў нас ёсць партнёры, якія заслугоўваюць даверу, праеўрапейскія, якія ясна гавораць аб важных выкліках для Еўропы.
Сябра парламенцкай камісіі па справах Еўрасаюза Марыюш Вітчак заявіў, што сённяшні візіт прэм’ер-міністра Дональда Туска ў Францыю і Нямеччыну мае на мэце ўзмацненне супрацоўніцтва ў рамках Вэймарскага трохкутніка. «Мы павінны вярнуцца ў першую лігу краін ЕС», – сказаў палітык.
- Раней Польшча добра супрацоўнічала ў рамках Веймарскага трохкутніка, яна была сілай, якая ўдзельнічала ў прыняцці рашэнняў адносна вызначэння кірункаў развіцця Еўрапейскага Саюза. Потым падчас кіравання ўраду ПіС пачаў дамінаваць прадузяты падыход, што не спрыяла еўрапейскаму адзінству. Цяпер мы вяртаемся на моцны празаходні курс. Праз Веймарскі трохкутнік мы хочам адбудаваць моцную пазіцыю Польшчы ў еўрапейскіх структурах, як было раней. Варта да гэтага вярнуцца.
Дэпутат Еўрапарламенту, былы прэм'ер-міністр Лешак Мілер заявіў, што перад прэм’ерам Дональдам Тускам стаіць складаная задача аднаўлення стасункаў з Францыяй і Нямеччынай, бо апошнія гады адносіны Польшчы з Францыяй і Нямеччынай былі не найлепшыя.
- Гэта вельмі важныя візіты, таму што ў апошнія гады адносіны і з Парыжам, і з Берлінам былі моцна напружаныя. Папярэднія кіраўнікі не надавалі адпаведнай увагі гэтым адносінам. Дональда Туска чакае складаная задачы паляпшэння гэтых стасункаў і ажыўлення Веймарскага трохкутніка.
«Мы рыхтуемся да новага раздзелу ў польска-французскіх адносінах», – заявіў у Парыжы прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. У сваю чаргу прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што калі гаворка ідзе пра бяспеку краін Еўрасаюза, павінна дзейнічаць правіла трох мушкецёраў – «адзін за ўсіх, усе за аднаго».
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч