Беларуская Служба

Постсавецкія дыктатары вяртаюцца да сталінскіх практык

19.02.2024 13:44
У Расіі ў турме загінуў лідар апазіцыі Аляксей Навальны. Адказнасць за яго смерць нясе пуцінскі рэжым. На постсавецкай прасторы палітвязні ёсць не толькі ў Расіі.
Аўдыё
  • Эксперт пра сталінскія практыкі постсавецкіх дыктатараў
 ,
Панарама калоніі, дзе адбываў пакаранне і памёр расійскі апазіцыянер Аляксей НавальныEPA/ANATOLY MALTSEV Dostawca: PAP/EPA.

Ці дзеянні Масквы могуць развязаць рукі іншым дыктатарам? Пра гэта размова з экспертам.

У Савецкім Саюзе доўгі час заставаліся вязні сумлення. Савецкая ўлада шырока практыкавала практыку крымінальнага пераследу сваіх палітычных апанентаў ці крытыкаў рэжыму. Пасля развалу СССР пачалася дэмакратызацыя і першыя гады палітвязняў не было.

Аднак дэмакратычныя пераўтварэнні далёка не ўсюды ўмацаваліся, паступова ў розных краінах пачалося вяртанне да старых савецкіх метадаў. Спачатку знікненні палітычных апанентаў практыкавалі аўтарытарныя рэжымы сярэднеазіяцкіх дзяржаў, пазней гэтыя метады пачаў выкарыстоўваць рэжым Лукашэнкі, пасля чаго іх пераняў Крэмль.

Разам з расійскай агрэсіяй супраць Украіны ў самой Расіі адбылася імклівая сталінізацыя палітычнага і грамадскага жыцця. Напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў Пуціна расійскія ўлады пазбавіліся ад галоўнага свайго апанента. Што азначае гэтае здарэнне для постсавецкай прасторы, ці па слядах Крамля могуць пайсці іншыя постсавецкія дыктатары? Пра гэта размова з палітолагам Паўлам Усавым.

- Мала верагодна, што забойства Навальнага прывядзе да ланцуговай рэакцыі на постсавецкай прасторы. Там раней адбываліся забойствы палітычных апанентаў без аглядкі на Расію. У першую чаргу, гэта стварае новую рэчаіснасць у самой Расійскай Федэрацыі. Крамлёўскія ўлады пайшлі на паказальнае забойства свайго апанента. Пуцін і яго атачэнне цяпер не маюць ніякіх абмежаванняў. Яны будуць працягваць узмацняць тэрор, павялічваць страх, а палітычных апанентаў будуць ліквідаваць. Цяпер палітычныя забойствы ў Расіі стануць рэгулярнай практыкай.

У Беларусі ўжо здараліся і знікненні апанентаў дыктатара ды раптоўныя смерці палітвязняў у турме. Тут гэтаксама як у Расіі супрацоўнікі калоній здзекуюцца з палітвязняў. Іх без прычын адпраўляюць у штрафны ізалятар, пазбаўляюць камунікацыі са сваякамі, не аказваюць медычную дапамогу. Ужо год не вядомы лёс апазіцыйных лідараў Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Менавіта ШІЗА стаў асноўнай прыладай катаванняў, і смерць Аляксея Навальнага даказвае гэта. Лукашэнка бярэ прыклад з Расіі? 

- Лукашэнка пойдзе па слядах Пуціна, ствараючы такія ўмовы, пры якіх палітвязні могуць памерці. Падобныя інцыдэнты ўжо здараліся ў Беларусі. Гэта нагадвае сталінскія метады па ліквідацыі палітычных дзеячаў.  Але ў выпадку Лукашэнкі дзейнічае не толькі палітычная логіка аўтарытарнага рэжыму, але яго асабістая прага помсты. Ён не даруе, што апаненты паказалі яго слабасць, змусілі яго паўзці прыніжаным у Маскву ды вымольваць у Пуціна падтрымку.

Палітвязні былі ва Узбекістане, Таджыкістане ці Азербайджане. Улады гэтых краін маюць добрыя адносіны з Расіяй, падтрымліваючы гандаль, у тым ліку ў ваеннай сферы. Ці там таксама магчымы трансфер расійскіх рэпрэсіўных практык?

- Гэта больш складанае пытанне. Улады Азербайджана намагаюцца хоць у нечым захаваць твар еўрапейскіх палітыкаў. Яны маюць добрыя адносіны з ЕС ды ЗША. Аліеў мог бы выкарыстаць дадзеную сітуацыю для большага ціску на апазіцыю. Аднак, уплывы Захаду, у тым ліку фінансавыя, змушаюць рэжым у Баку памятаць пра тое, што не варта злаваць  Захад.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі