Вайна Расіі супраць Украіны паказала слабасць еўрапейскай і міжнароднай бяспекі, якая патрабуе пераасэнсавання.
Беларусь дэ-факта акупаваная дыктатарскім рэжымам, які дазволіў увайсці ў краіну расійскім ваенным сілам, і атакаваць Украіну. Таму, ва ўмовах сённяшняй сітуацыі, сказ «Беларусь у НАТА» можа гучаць недарэчна. Аднак удзельнікі прэзентацыі і аўтары артыкулаў у аднайменным зборніку пераконвалі, што Беларусь з’яўляецца вельмі важным элементам сістэмы еўрапейскай бяспекі, і раней ці пазней яна ўступіць у Паўночна-атлантычны альянс. У іншым выпадку не будзе гаворкі пра незалежную дзяржаву Беларусь, а яе суседзі не змогуць пачуваць сябе бяспечна.
НАТА на сённяшні дзень – адзіная міжнародная ваенная структура дэмакратычных краін, якая сочыць за мірам у Еўропе, – адзначае аўтар кнігі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», дыпламат і былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў.
- Няма больш эфектыўнай ваенна-палітычнай арганізацыі бяспекі, чым НАТА. Калі б не дапамога НАТА, вайна ва Украіне ўжо скончылася б паразай Украіны. Ці НАТА гарантуе бяспеку? Так, гарантуе. Польшча пачуваецца бяспечнай, нават мяжуючы з вайной, таксама краіны Балтыі, таму што яны ведаюць, што будуць абаронены. Адзінае, што можа быць прывабным для свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, – гэта НАТА. Дэмакратыю трэба бараніць, а бараніць яе можа толькі НАТА.
Януш Анышкевіч быў міністрам абароны Польшчы, калі дзяржава далучылася да НАТА ў 1999 годзе. Ён казаў на сустрэчы, што нават у адносінах Польшчы былі сумненні, ці яна павінна стаць членам альянсу, заходнія палітыкі баяліся рэакцыі Расіі. Аднак палякі былі настроеныя вельмі рашуча, яны дабіліся членства, хаця гэта не быў лёгкі працэс, ён працягваўся гадамі. І перш за ўсё ў неабходнасці далучэння да НАТА павінна быць перакананае грамадства і ўлады. А на дадзены момант немагчыма казаць пра незалежнасць Беларусі, яна з’яўляецца васалам Расіі.
- Няма незалежнай Беларусі. Раней Лукашэнка стараўся паказваць, што ён хаця б часткова самастойна прымае рашэнні. Напрыклад, ён выступаў міратворцам, перамовы паміж Расіяй і Украінай у 2014 годзе ішлі ў Мінску. А цяпер Лукашэнка, калі і адыгрывае нейкую ролю, дык толькі ва ўнутранай расійскай палітыцы, аб чым сведчыў яго ўдзел у бунце Прыгожына. Адзінае суцяшэнне ў тым, што Лукашэнка не згаджаецца на поўнае далучэнне Беларусі да Расіі, ён хоча захаваць уладу. Ні пра якую незалежнасць не можа ісці гаворкі, засталася толькі назва Беларусь і сцяг – іншы, чым расійскі, хаця не такі, які павінен быць.
Расійска-амерыканскі гісторык, аўтар шэрагу кніг пра ўдзел спецслужбаў Расіі ў барацьбе за сусветнае панаванне Юрый Фяльштынскі называе Беларусь ключом да геапалітычнай бяспекі Еўропы. Яна не зможа захаваць незалежнасці, калі застанецца паза ЕС і НАТА. Пытанне аб чарговай спробе Расіі яе захапіць будзе толькі пытаннем часу. Ён казаў, што Расія, хоць і пужае НАТА, на самой справе не верыць у пагрозу ад альянсу. Наадварот, яна сама ўяўляе найбольшую пагрозу.
- Ува ўсіх сваіх суседзяў Савецкі Саюз, а цяпер Расія, адбіраў кавалкі тэрыторыі. Таму гэты міф аб пагрозе, які адчувае Расія з боку сваіх суседзяў, мае абсалютна супрацьлеглае адлюстраванне. Пуцін абгрунтоўвае напад пагрозай членства ў НАТА. Але трэба нагадаць, што ў 1999 годзе прэм’ер-міністр Расіі В.В. Пуцін сказаў, што Расія разглядае пытанне пра членства ў НАТА. Так што НАТА як варожая арганізацыя – гэта легенда апошняга перыяду. А тыя краіны, якія не паселі ўвайсці ў НАТА, страцілі або цалкам, або часткова сваю незалежнасць.
Самае галоўнае ў тым, што НАТА гарантуе бяспеку сваім членам. Трэба быць зусім неразважлівым, каб планаваць нападзенне на краіну, абароненую калектыўнай сістэмай, у якую ўваходзіць некалькі дзясяткаў дзяржаў, калі нават Украіна, якая не з’яўлецца членам альянсу, атрымлівае дапамогу. І нават трывожныя заявы былога прэзідэнта ЗША гэтага не зменяць, – адзначае кіраўнік варшаўскай суполкі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін.
- Нават калі існуе такі выклік, як рыторыка патэнцыйнага кандыдатаў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа, што ё н не будзе аказваць дапамогу чальцам, то ўсё роўна краіны Еўропы стаяць перад пытаннем, як яны будуць дапамагаць Украіне і самім сабе. Так што краіны-чальцы пра гэта дбаюць, нават калі хтосьці дэкларуе, што не будзе выконваць свае абавязкі. Калі мы не ўступім у НАТА, будзе пагроза і нашай незалежнасці, і Прыбалтыцы, і Польшчы, і Украіны. Гэта будзе пастаянная палітычная нестабільнасць, якая дасць Маскве магчымасць маніпуляваць сітуацыяй.
Беларусы маюць трагічны досвед удзелу ў еўрапейскіх войнах. Еўропе зноў пагражае вялікая вайна, а Беларусь, не будучы ў НАТА, можа стаць тэатрам ваенных дзеянняў. Пры гэтым яна не мае моцнага войска, – нагадвае палітык і грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам».
- Беларусь мае вялікую пагрозу паўтарыць той досвед, які беларусы мелі падчас двух імперыялістычных войнаў, калі тэрыторыя нашай краіны была тэрыторыяй асноўных вайсковых дзеянняў, знішчана было каля чвэрці насельніцтва. Ці здольны лозунг «Беларусь у НАТА» перанесці на стварэнне беларускіх інстытутаў, для мяне вялікае пытанне. Калі немагчыма ўхіліцца ад вайны, трэба мець хаця б сваё нацыянальнае войска.
Зборнік «Беларусь у НАТА» быў выдадзены па ініцыятыве Фонда «Еўрапейская Беларусь». У ім свае меркаванні прадставілі аналітыкі з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, ЗША, Фінляндыі, Венгрыі ды Украіны.
нг