Заклік прыднястроўскіх сепаратыстаў пракаментаваў інтэрвʼю PAP прэзідэнт Фонда Казімежа Пуласкега праф. Збігнеў Пісарскі.
«Калі б я рабіў стаўку на тое, ці больш шанцаў узяць пад кантроль Прыднястроўе мае расійскай армія, якая рухаецца з тэрыторыі РФ, ці ўзброеныя сілы Малдовы, Украіны і заходніх краінаў, я б выбраў другую групу», – сказаў эксперт.
Любое адцягненне ўвагі Захаду ад вайны ва Украіне – гэта поспех Расіі
На думку Пісарскага, зварот, паўтораны расійскімі СМІ, можна трактаваць як «псеўдаадказ» на заяву прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона аб магчымай адпраўцы заходніх сухапутных войскаў на тэрыторыю Украіны.
«Я лічу, што гэта блеф, бо аператыўныя магчымасці Расіі не сведчаць аб тым, што гэтая краіна зможа накіраваць значную колькасць вайскоўцаў у Прыднястроўе», – сказаў эксперт.
Ён падкрэсліў, што любое адцягненне ўвагі Захаду ад вайны ва Украіне – гэта поспех Расіі.
«Раздзьмуванне такіх паведамленняў, на мой погляд, зʼяўляецца спробай адцягнуць увагу Захаду, каб аслабіць яго намаганні па абароне Украіны. Я падазраю, што ў апошнім канфлікце на Блізкім Усходзе таксама бачныя сляды расійскай актыўнасці», – падкрэсліў Збігнеў Пісарскі.
Пісарскі таксама нагадаў, што ў пачатку поўнамаштабнага наступу Расіі ў лютым 2022 года вялікая колькасць мужчын прызыўнога ўзросту ўцякла з тэрыторыі Прыднястроўя ва ўласна Малдову. «На мой погляд, гэта сведчыць аб нізкім маральным духу прыднястроўскіх вайскоўцаў. Гэта не тая армія, якая будзе настроена весці наступальныя дзеянні ў Малдове», – сказаў ён.
На думку эксперта па Малдове, прафесара з Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах Роберта Ратайчыка, зварот з боку сепаратысцкага Прыднястроўя можа быць сустрэты «некаторай формай эканамічнай дапамогі з боку Расіі». «Прыднястроўе дэ-факта зʼяўляецца пратэктаратам, які ў розныя гады і рознымі спосабамі эканамічна падтрымліваецца Расіяй», – падкрэсліў ён. Прафесар Ратайчык таксама падтрымлівае думку, што ў Расіі няма фізічнай магчымасці ўвайсці ў Малдову. «У Прыднястроўі знаходзяцца расійскія вайскоўцы, але іх паўтары тысячы, яны ахоўваюць склады зброі і ўдзельнічаюць у так званых міратворчых сілах», – растлумачыў ён.
Далучэнне Прыднястроўя да Расіі не ў інтарэсах уладаў сепаратысцкага рэгіёну Малдовы
Ратайчык падкрэсліў, што далучэнне Прыднястроўя да Расіі не ў інтарэсах – як палітычных, так і эканамічных – уладаў сепаратысцкага рэгіёну Малдовы.
Ён нагадаў, што раней у Маскву неаднаразова паступалі звароты з гэтай нагоды, нават ладзіліся плебісцыты сярод жыхароў. «Прыднястроўе эканамічна і палітычна кантралюецца мясцовым холдынгам Sheriff, які баіцца страціць сваю ўладу і прыбытак, калі сітуацыя ў Прыднястроўі зменіцца», – адзначыў ён.
Паводле Ратайчыка, Расія выкарыстоўвае Прыднястроўе як інструмент для дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі найперш у Малдове, але таксама ва Украіне.
Кіраўнік расійскай групы Цэнтру ўсходніх даследаванняў Марэк Менкішак адзначыў, што Уладзімір Пуцін у сваёй прамове ў чацвер не згадваў прыднястроўскую праблему. «Пра знешнюю палітыку Пуцін у сваёй прамове сказаў адносна мала, у гэтым аспекце ён засяродзіўся на пагрозе з боку заходніх краін», – дадаў Марэк Менкішак. На пытанне, чаму ў выступе гэтая тэма «замоўчваецца», Менкішак адказаў, што ў Пуціна больш важныя справы. «Заходнія СМІ празмерна інтэрпрэтавалі гэтую тэму, і, на мой погляд, ідэя была ў тым, каб аказаць ціск на ўрад у Кішынёве з-за розных эканамічных дзеянняў, якія закранаюць інтарэсы Прыднястроўя. Аднак гаворка, вядома, не ішла аб падрыхтоўцы да сурʼёзных ваенных дзеянняў. Расія толькі паслала сігнал», – рэзюмаваў ён.
Нагадаем, улады сепаратысцкага рэгіёну Прыднястроўя г.зв Кангрэс дэпутатаў усіх узроўняў, які сабраўся ў сераду ў Тыраспалі, заявіў, што Прыднястроўе зведвае «эканамічны ціск», што супярэчыць «еўрапейскім прынцыпам і стандартам абароны правоў чалавека і свабоднага гандлю». Віцэ-прэмʼер Малдовы Алег Серабран заявіў у сераду, што Кішынёў «адхіляе прапаганду з Тыраспалю». Ён падкрэсліў, што Прыднястроўю выгадная «палітыка міру, бяспекі і эканамічнай інтэграцыі ў рамках сувязяў з Еўрасаюзам».
PAP/Dziennik Gazeta Prawna/вх