Беларуская Служба

Уступленне шведаў у пакт значна ўмацуе ўсходні фланг НАТА – СМІ

05.03.2024 18:04
Шведская армія займае 29-е месца ў свеце са 145-ці ацэненых краін.
Сцяг ШвецыіPicudio/pixabay.com/CC0 Public Domain

Венгрыя стала апошняй краінай НАТА, якая пагадзілася на ўступленне Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Уступленне шведаў у пакт значна ўмацуе ўсходні фланг НАТА, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Нягледзячы на тое, што Швецыя з'яўляецца адной з найбуйнейшых краін Еўропы (яе плошча складае 450 тыс. кв. км), а лічба жыхароў – усяго 10 млн 550 тыс. чалавек – гэта ў 3,5 разы менш, чым у Польшчы. Гэта звязана з вельмі нізкай шчыльнасцю насельніцтва. На адзін квадратны кіламетр тэрыторыі краіны прыпадае ў сярэднім 25 чалавек. Цэнтральная і паўднёвая часткі краіны асабліва густанаселеныя, а паўночныя рэгіёны краіны пустуюць.

Швецыя знаходзіцца ў адносна добрым геапалітычным становішчы, таму што ўсе яе сухапутныя межы праходзяць з Нарвегіяй і Фінляндыяй. Швецыя – вельмі багатая краіна. Намінальны ВУП краіны перавышае 600 млрд долараў. Нягледзячы на адсутнасць доступу да буйных радовішчаў нафты і газу, краіна ўваходзіць у лік сусветных лідараў па ВУП на душу насельніцтва.

Гэтая дзяржава мае некалькі вялікіх пераваг. Па-першае, гэта доступ да сучасных тэхналогій. Абаронная прамысловасць моцная, пра што сведчыць шматлікая экспартная прадукцыя ВПК. Многіх можа здзівіць, што краіна з 10-мільённым насельніцтвам мае, сярод іншага, сучасныя знішчальнікі айчыннай распрацоўкі.

У Швецыі ¬– доўгая традыцыя стварэння ўласных самалётаў, якая сягае даваенных часоў. Цяпер скандынавы працуюць над уласным самалётам пятага пакалення.

Самалёты – не адзіная складаная тэхніка, якую вырабляюць шведы. Швецыя вырабляе таксама якасныя і сучасныя падводныя лодкі ды баявыя наводныя караблі.

Абаронная прамысловасць Швецыі – адна з найбуйнейшых у Еўропе. Зараз у ёй працуе 28 тыс. чалавек

Згодна з рэйтынгам Global Firepower Index, шведская армія займае 29-е месца ў свеце са 145-ці ацэненых краін. Польшча заняла 21-е месца. Аднак варта памятаць, што такія рэйтынгі не заўсёды адлюстроўваюць сапраўдны стан рэчаў. Сёння мы ведаем, што хоць Расія і знаходзіцца на другім месцы, то аднак перамагчы Украіну, якая на 18-м месцы, ёй не ўдаецца.

Важна не толькі колькасць арміі, але і сучасная тэхніка ды тэхналогіі айчыннай прамысловасці. Усё гэта ў Швецыі ёсць.

вс