Беларуская Служба

Далучэнне да НАТА было неабходна, каб Польшча не стала спакусай для Расіі - Януш Анышкевіч

12.03.2024 09:15
Роўна 25 гадоў Польшча з'яўляецца членам НАТА. 
Аўдыё
      .
Былы міністр нацыянальнай абароны Польшчы Януш Анышкевіч.Фота: PAP/Paweł Supernak

12 сакавіка 1999 года Польшча афіцыйна стала членам Паўночна-атлантычнага пакту. Дзякуючы гэтаму палякі могуць адчуваць сябе ў бяспецы, паколькі ў выпадку нападзення ўсе члены НАТА павінны салідарна абараняць тую краіну, на якую напалі.

Мы папрасілі распавесці былога міністра абароны Польшчы Януша Анышкевіча пра працэс далучэння і пракаментаваць актуальную сітуацыю ў галіне бяспекі. Наш госць быў кіраўніком мінабароны ў той час, калі Польшча стала членам альянсу.

- Мы ведалі, што Польшча не можа заставацца ў шэрай зоне, абавязкова трэба ўвайсці ў структуры аб’яднанай Еўропы. Амаль адразу пасля вяртання незалежнасці, у 1990 годзе мы падалі заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз. Аднак мы ведалі, што далучэнне будзе доўгім працэсам, ЕС - складаная структура, у якую няпроста ўвайсці. Уступленне ў НАТА прасцей было ажыццявіць, а гэта было неабходна, каб Польшча не была спакусай для Расіі, якая магла захацець зноў далучыць яе да сваёй зоны ўплываў. Перад гэтым неабходна было пераканаць нашых заходніх партнёраў, што негатыўнае стаўленне Расіі не можа быць перашкодай, што НАТА мае права пашырацца, што неабходна паважаць волю дзяржаваў, якія імкнуцца да альянсу далучыцца.

Як вы ацэньваеце падрыхтоўку Польскага войска да патэнцыйнай вайны з Расіяй? На працягу дзясяткаў гадоў у Еўропе панаваў мір, палітыкі не верылі, што поўнамаштабная вайна магчымая. І таму патрэбы грамадзянскай абароны ды арміі не былі на першым месцы, хаця Польшча і так шмат выдаткоўвае на абарону ў параўнанні з іншымі членамі НАТА.

- Ужо здаўна ў Польшчы прыняты прынцып, што на абарону неабходна выдаткоўваць каля 2% ВУП. Так што гэтую натаўскую норму мы выконваем ужо даўно. Але трэба сказаць, што мы рыхтаваліся да зусім іншых задач, да ваенных місій, а не да поўнамаштабнага ўварвання з-за нашай усходняй мяжы. І таму інакш падбіралі аснашчэнне войска, беручы пад увагу тое, што яно будзе працаваць здалёк ад польскай тэрыторыі і ў адносінах ворага, які слабей аснашчаны, скажам, у яго распараджэнні няма авіяцыі. Падчас ваенных місій некаторыя віды ўзбраення непатрэбныя. Цяпер аказалася, што, напрыклад, у Германіі менш танкаў Леапард, чым у польскай арміі. Гэта пачынае мяняцца, але ваенна-прамысловы комплекс не ў стане рэзка павысіць вытворчасць. Толькі цяпер ВПК пачынае рыхтавацца да вайны ў Еўропе, галоўным чынам сухапутнай, хаця не толькі.

Вайна ва Украіне паказвае, што істотную ролю пачалі адыгрываць новыя элементы ўзбраення, а не толькі танкі ці авіяцыя. Напрыклад, вельмі важна мець шмат сучасных дронаў.

- Сапраўды, уваходзяць новыя віды ўзбраення – беспілотнікі, але танкі зусім не знікнуць. Былі такія прагнозы, што танкі па прычыне высокіх коштаў знікнуць з фронту, так, як з мора зніклі браняносцы. Аднак, аказваецца, што танкі патрэбныя, яны ўсё яшчэ выконваюць важную ролю. Пры гэтым, гэта павінны быць танкі, у якіх экіпаж застаецца пад добрай аховай. Танкі старога тыпу сталі зусім безабароннымі з увагі на новыя віды супрацьтанкавай зброі.

Такім чынам, Польшчы пашанцавала, што яна паспела ўступіць у НАТА, якое з’яўляецца гарантам бяспекі. Украіна, Грузія, Малдова не змаглі стаць членамі пакту, і ўсе яны сутыкнуліся з расійскай агрэсіяй у той ці іншай ступені. У Беларусі ніколі не было шырокай дыскусіі пра членства ў НАТА, у 90-ыя гады папулярнай была ідэя нейтралітэту, аб чым казаў тагачасны кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч.

- Тады яшчэ занадта рана было казаць пра Беларусь у НАТА. У тыя часы я ўспрымаў гэтую палітыку нейтралітэту не як сапраўднае жаданне нейтральнага статусу, а як спосаб абараніць Беларусь ад расійскіх памкненняў уцягнуць яе ў ваенны саюз, які Расія ўжо рыхтавала. Лягчэй было бараніцца ад Расіі, карыстаючыся аргументам, што дзяржава не хоча ўступаць у ніякія ваенныя саюзы, чым калі б Беларусь заявіла, што яна імкнецца стаць членам НАТА. Тым больш, што беларусы не былі гатовыя да ўступлення ў НАТА. А перад гэтым неабходна пераканаць грамадства, наколькі гэта важна. Супраціў у беларускім грамадстве ў адносінах альянсу быў на столькі вялікім, што нічога не атрымалася б.

А калі грамадствы некаторых постсавецкіх краін пачалі разумець, што НАТА можа абараніць ад Расіі, было ўжо позна. Скажам, Украіна вельмі хацела б далучыцца да пакту, але цяпер на яе зямлі ідзе вайна, і пакуль яна не закончыцца, краіна хутчэй за ўсё членам не стане. Дарэчы, Украіна атрымала гарантыі бяспекі, калі аддавала сваю ядзерную зброю, але ЗША не змаглі яе абараніць. Украінцы маюць права адчуваць сябе падманутымі.

- Так, сапраўды застаецца ад гэтага горыч. Але нельга забываць, што гэтыя гарантыі былі палітычнай дэкларацыяй, а не міжнародным дакументам. Канешне, гэта цалкам не апраўдвае адсутнасці рэакцыі гарантаў, хаця нагадаю, што сярод гарантаў, акрамя ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі, былі таксама Расія і Кітай. Не думаю, каб хтосьці сур’ёзна думаў, што Кітай намераны гэтыя гарантыі на самой справе рэалізаваць.

нг