Беларуская Служба

Прэзідэнт і прэм'ер-міністр Польшчы наведваюць ЗША. Будуць прасоўваць і тэму ваеннай дапамогі Кіеву

12.03.2024 15:53
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэнецца сёння ў Белым доме з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэмʼер-міністрам Дональдам Тускам. Візіт звязаны, у тым ліку, з 25-й гадавінай уступлення Польшчы ў НАТА.
Аўдыё
      -   .
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда падчас прэс-канферэнцыі ў аэрапорце Варшавы.PAP/Leszek Szymański

Старшыня парламенцкага камітэту ў справах Еўрасаюза Міхал Кабоска з «Польшчы 2050» сказаў, што адна з мэтаў візіту – сказаць, што Польшча зʼяўляецца часткай Захаду і сябрам Паўночнаатлантычнага альянсу. Пра гэта палітык заявіў у кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны. Ён падкрэсліў, што Польшча будзе заахвочваць іншыя краіны НАТА і Еўрасаюза захаваць і нават павялічыць ваенную дапамогу Кіеву.

«Каб вайна не ішла на тэрыторыі краіны НАТА, Расія мусіць быць спыненая на тэрыторыі Украіны. Гэта выклік сённяшняга дня, гэта таксама выклік для Кангрэсу ЗША. Важна, каб «польскі наступ» меў месца на гэтым тыдні, каб спатканне пакінула выразны след, быў выразны сігнал: Польшча – гэта краіна блізкая да лініі фронту. І як прыфрантавая краіна Паўночнаатлантычным саюзе, таму будзем падтрымліваць Украіну», – сказаў Міхал Кабоска.

Міхал Кабоска дадаў, што Польшча павінна падтрымліваць Украіну нават у час складаных узаемаадносінаў паміж Варшавай і Кіевам.

Прэсавы сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі паведаміў Польскаму радыё, што кіраўнікі ЗША і Польшчы будуць размаўляць пра дапамогу Украіне, двухбаковыя адносіны і будучыню НАТА.

- Гэта будзе магчымасць адзначыць 25-ю гадавіну ўступлення Польшчы ў НАТА. Але не менш, калі не больш, важная размова аб будучыні нашых цесных двухбаковых сувязяў і, вядома, будучыні НАТА, якое шмат у чым, дзякуючы лідарству прэзідэнта Байдэна, цяпер больш актуальнае і мацнейшае, чым калі-небудзь, – сказаў Джон Кірбі.

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Станіслаў Взёнтак (Stanisław Wziątek) заявіў, што ёсць шанец павялічыць прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы. У цяперашні час дамаўляюцца аб тым, дзе будуць размешчаны амерыканскія вайскоўцы і іх колькасць.

У эфіры Першай праграмы Польскага радыё намеснік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны падкрэсліў, што польскі бок зацікаўлены ў пашырэнні магчымасцяў супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі абедзвюх краінаў.

«Гэта датычыцца тых сфер, якія патрабуюць падтрымкі спецыялістаў. Гаворка ідзе не толькі пра тое, каб мець вайскоўцаў, а пра тое, каб мець вайскоўцаў з канкрэтнымі спецыяльнасцямі, якія ўмацуюць нашы магчымасці», – сказаў намеснік кіраўніка Мінабароны.

Сустрэча прэмʼер-міністра Дональда Туска і прэзідэнта Анджэя Дуды з амерыканскім лідарам Джо Байдэнам запланаваная на сёння. Гэта павінна быць дэманстрацыя моцы альянсу і адзінства ў найважнейшых пытаннях, хоць польскія палітыкі будуць выступаць асобна.

Таксама прэзідэнт і прэм’ер-міністар прыляцелі ў Вашынгтон асобнымі самалётамі ў адпаведнасці з працэдурамі бяспекі. Польскіх палітыкаў размясцілі ў двух розных гатэлях, у некалькіх сотнях метраў ад Белага дому.

Пасля афіцыйнага прывітання прэмʼер-міністр і прэзідэнт распішуцца ў кнізе ганаровых гасцей у пакоі Рузвельта, а потым разам адправяцца ў Авальную залу для гадзіннай размовы з Джо Байдэнам.

Аб выніках гэтай сустрэчы Дональд Туск і Анджэй Дуда павінны абʼявіць на прэс-канферэнцыях перад Белым домам – зноў паасобку.

Нягледзячы на тое, што Дональд Туск і Анджэй Дуда належаць да розных палітычных лагераў, падчас гэтага візіту яны гуляюць у адны вароты – у інтарэсах Польшчы.

Дональд Туск адзначыў у сацсетках: «Палітычна я адрозніваюся ад прэзідэнта практычна ва ўсім, але калі размова ідзе пра бяспеку нашай радзімы, мы павінны і будзем дзейнічаць разам. Не толькі падчас нашага візіту ў ЗША».

Пра «адзінства ў пытаннях бяспекі» казаў і прэзідэнт Анджэй Дуда, які перад адʼездам у ЗША запрасіў прэмʼер-міністра і членаў урада на пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі.

«Я спадзяюся, што гэты пасыл аб нашай адзінай, адзінай пазіцыі і агульных, адзіных дзеяннях пойдзе ў свет», – сказаў прэзідэнт.

Польшча ўступіла ў НАТА 12 сакавіка 1999 года разам з Чэхіяй і Венгрыяй. У памкненнях Польшчы да ўступлення ў НАТА ключавой была гарантыя агульнай абароны, якая вынікае з артыкула 5 Вашынгтонскай дамовы, гэта значыць прынцыпу «адзін за ўсіх, усе за аднаго». У артыкуле сцвярджаецца, што ўзброены напад на аднаго або некалькіх саюзнікаў будзе лічыцца нападам на ўсіх і патрабуе агульнай абароны.

IAR/вх

Далучэнне да НАТА было неабходна, каб Польшча не стала спакусай для Расіі - Януш Анышкевіч

12.03.2024 09:15
Роўна 25 гадоў Польшча з'яўляецца членам НАТА.