Беларуская Служба

У Расіі пачалося трохдзённае галасаванне на выбарах прэзідэнта. Пуцін балатуецца ў пяты раз

15.03.2024 15:18
15 сакавіка ў Расіі і на анексаваных РФ тэрыторыях Украіны стартавалі трохдзённыя выбары прэзідэнта. Асноўны дзень галасавання – 17 сакавіка. У выбарах удзельнічаюць чатыры кандыдаты.
Аўдыё
Głosowanie w Rosji
Głosowanie w Rosji PAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

У выбарах удзельнічаюць чатыры кандыдаты: Уладзімір Пуцін, які вылучыўся на пяты тэрмін, і прадстаўнікі сістэмных партый Леанід Слуцкі (ЛДПР), Мікалай Харытонаў (КПРФ), Уладзіслаў Даванкоў («Новыя людзі»).

Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль у першы дзень асноўнага галасавання на выбарах прэзідэнта Расеі апублікаваў саркастычны пост у сацсетцы Х, павіншаваўшы Уладзіміра Пуціна з перамогай.

«Хацеў бы павіншаваць Уладзіміра Пуціна з пераканаўчай перамогай на выбарах, якія пачынаюцца сёння. Ніякай апазіцыі. Ніякай свабоды. Ніякага выбару», – напісаў Мішэль.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заявіў, што гэтыя выбары не могуць быць свабоднымі і сумленнымі. «Выбары ў Расіі не будуць свабоднымі і сумленнымі. Мы ведаем, што апазіцыйныя палітыкі знаходзяцца пад вартай, іншыя забітыя, многія – у выгнанні», – сказаў ён.

Выбары прэзідэнта РФ таксама праводзяцца ў анексаваным Крыме і на тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей, акупаваных расейскімі войскамі падчас поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Расіяне прымушаюць украінцаў з акупаваных тэрыторый удзельнічаць у псеўдавыбарах, заявіла віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук.

Украінскія ўлады заклікаюць сваіх грамадзян на акупаваных тэрыторыях не ўдзельнічаць у расійскіх выбарах. Аднак, як адзначыла міністр па пытаннях акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук, украінцаў часта прымушаюць гэта рабіць. Яна падкрэсліла, што расіяне робяць усё, каб людзі прыйшлі, прагаласавалі, спачатку прыняўшы расійскі пашпарт. Паводле яе слоў, акупанты прымушаюць людзей не толькі не толькі ўдзельнічаць у псеўдавыбарах, але і адміністраваць іх – напрыклад, хадзіць з урнамі па дамах.

Паводле Верашчук, такім чынам Уладзімір Пуцін спрабуе легітымізаваць акупацыю гэтых тэрыторый.

Міністр па пытаннях акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук падкрэсліла, што некаторыя грамадзяне Украіны спрабуюць уцячы з акупаваных тэрыторый не толькі ад цяперашніх рэпрэсій, але і ад прымусовага прызыву ў акупацыйнае войска. Яна дадала, што Украіна і спецслужбы краінаў-партнёраў маюць інфармацыю, што расіяне хочуць абвясціць мабілізацыю пасля выбараў і што яна будзе татальнай.

Міністр Верашчук падкрэслівае, што свет не можа прызнаць законнасць расійскіх выбараў на акупаваных тэрыторыях, але і законнасць кіравання Уладзіміра Пуціна ў цэлым.

Дарэчы, выбары ў Расіі адбываюцца ў тым ліку праз электронную сістэму. І яна «завісла» з-за «беспрэцэдэнтнай колькасці жадаючых прагаласаваць». У Міністэрстве лічбы заявілі, што «сістэма галасавання адчувае вялікую нагрузку з-за высокай актыўнасці» выбарцаў – за гадзіну ў электронным выглядзе прагаласавала больш за 200 тысяч чалавек. У сваю чаргу пасля пачатку выбараў за першыя дзве гадзіны прагаласавала 900 тысяч чалавек; гэта 20 працэнтаў усіх карыстальнікаў, зарэгістраваных на платформе электроннага галасавання, паведамляе The Moscow Times.

У выбарчых спісах чатыры прозвішчы кандыдатаў, але, як падкрэсліваюць прадстаўнікі расійскай  апазіцыі, ужо вядома, што Уладзімер Пуцін пяты раз будзе займаць найвышэйшую пасаду ў краіне. Мікалай Харытонаў, Уладзіслаў Даванкоў і Леанід Слуцкі, на думку апазіцыі, зʼяўляюцца ўсяго толькі фігурантамі, закліканымі надаць давер да падкантрольнага Крамлю выбарчага працэсу.

Прэзідэнцкія выбары ў Расіі адбываюцца на трэці год расійскай агрэсіі супраць Украіны, ва ўмовах масавых рэпрэсіяў супраць апанентаў Уладзімера Пуціна і праз месяц пасля смерці апазіцыянера Аляксея Навальнага. Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць кожны дзень з 8.00 да 20.00 па мясцовым часе да 17 сакавіка. Апазіцыя заклікала расіян галасаваць за каго заўгодна, акрамя Уладзіміра Пуціна, або зрабіць так, каб іх бюлетэні прызналі несапраўднымі.

17 сакавіка апазіцыя плануе зладзіць акцыю пад лозунгам «апоўдні супраць Пуціна». Гэта мусіць паказаць, колькі людзей у Расіі не хочуць праўлення Уладзіміра Пуціна. Расійскія праваахоўныя органы ўжо заявілі, што акцыю прызналі незаконнай.

Медыя паведамляюць, што мясцовыя ўлады ў Расіі любой цаной хочуць прыцягнуць грамадзян да ўдзелу ў выбарах. Яны аказваюць ціск на супрацоўнікаў бюджэтнай сферы і заклікаюць людзей галасаваць, прапануючы ім бясплатнае харчаванне і латарэі, у якіх можна выйграць што заўгодна – ад цукру да аўтамабіля, піша The Moscow Times. Крэмль імкнецца да рэкорднай яўкі на галасаванні. Напрыклад, у Алтайскім краі ўдзельнікі выбараў змогуць выйграць санкцыйныя iPhone 15s або сродкі для кладкі валасоў Dyson. Удзельнічаць у латарэі могуць тыя, хто апублікуе ў інтэрнэце сэлфі з выбарчага ўчастка.

Многія мерапрыемствы, анансаваныя мясцовымі ўладамі, пачнуцца апоўдні нядзелі. У той жа час, нагадаем, паплечнікі загінулага лідара расійскай апазіцыі Аляксея Навальнага абвясцілі акцыю пратэсту «Поўдзень супраць Пуціна».

PAP/IAR/вх