Беларуская Служба

Выбары далі Пуціну карт-бланш на зацяжны канфлікт

19.03.2024 15:02
У такой сітуацыі Захад павінен узмацніць санкцыі, кажуць эксперты. Хоць гэтыя меры не абвалілі эканоміку Расіі, але абмежавалі ваенныя магчымасці Крамля.
Аўдыё
  • Эксперт пра палітыку Пуціна пасля выбараў

Расія лічыцца рэсурснай эканомікай, значную частку даходаў Масква, атрымоўвае з экспарту нафты ды паліва. Апошнім часам Крамлю давялося ўвесці эмбарга на экспарт бензіну. Гэта вынік атак беспілотнікаў па НПЗ і дзеяння санкцый. Апошнія не развалілі расійскую эканоміку, але значна павялічылі кошты вайны для Крамля, кажа эксперт Польскага інстытута міжнародных спраў (PISM).

Цэнтрвыбаркам Расіі аб'явіў, што новым кіраўніком краіны застанецца Пуцін, які набраў 87,28% галасоў. Старшыня ЦВК Памфілава падкрэслілі, што на выбарах была зафіксаваная рэкордная яўка - 77,44%. На думку амерыканскіх аналітыкаў, крамлёўскі дыктатар выкарыстае рэкордны ўзровень яўкі і падтрымкі яго кандыдатуры на выбарах для стварэння інфармацыйнага фону для зацяжной вайны ва Украіне. Такое меркаванне агучылі эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). У такой сітуацыі Захаду важна працягваць ціск на Расію, зыходзячы з аналізу падзей у гэтай краіне. Пра цяперашнюю Расію, далейшую палітыку Крамля і магчымасці Захаду ўздзейнічаць на яе Польскае радыё паразмаўляла з Агнешкай Вяльгуцкай з PISM.

- Напярэдадні 2020 года ў Расіі пачалі з'яўляцца думаць пра тое, хто будзе пасля Пуціна. Гэта было вельмі небяспечнае пытанне для дыктатара. Гэта момант, калі аўтарытарны лідар пачынае баяцца за сваё жыццё, або, што яго скінуць з трону. Менавіта тады першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова выступіла з ініцыятывай, хай будзе далей Пуцін. Усё пакацілася па гэтай каляіне. Тады пачаліся масавыя фальсіфікацыі падчас выбараў Пуціна, а цяпер дайшла вайна. Не ўсім яна падабаецца ў Расіі, але цяпер  расіяне прагаласавалі за яе працяг. У выніку ў Расіі будзе ўмацоўвацца неа-таталітарны рэжым, які будзе ісці ў бок 1984 года Оруэла.

Захад спадзяваўся, што ўведзеныя санкцыі аслабяць расійскую эканоміку. Аднак, паводле  Міжнароднага валютнага фонду расійская эканоміка летась вырасла на 3%, а сёлета прагназуецца рост павелічэння ВУП больш чым на 2,5%. Так адбываецца, нягледзячы на тое, што Расія развязала і два гады вядзе поўнамаштабную вайну ва ўмовах моцных санкцый з боку G7, то бок групы найбольш эканамічна развітых дзяржаў.  Чым тлумачыцца такі поспех? 

– «The Economist» нагадвае, што 40% сусветнай эканомікі ды 80% насельніцтва свету не бяруць удзел у санкцыях супраць Расіі. Яшчэ трэба памятаць, што ВУП – гэта даволі грубы індыкатар эканамічнага развіцця, бо ў ім улічваюцца прадпрыемствы, якія працуюць на вайну. Гэтыя прадпрыемствы накручваюць эканоміку даволі моцна. Таму санкцыі не здольныя скінуць з трона такога лідара, як Уладзімір Пуцін, але яны павялічваюць выдаткі на вядзенне вайны. Калі б іх не было, сітуацыя на фронце была б зусім іншая. Хай пакуль расіяне цвёрда трымаюцца на фронце, але ў іх няма аператыўных магчымасцяў, каб заняць большую частку ўкраінскай тэрыторыі. Такім чынам, санкцыі маюць элемент выратавання сумлення заходніх краін, і ў той жа час яны павялічваюць расійскія выдаткі на вядзенне вайны ва Украіне.

У якасці прыкладу эфектыўнасці санкцый эксперт называе нядаўнюю забарону на экспарт  расійскага бензіну. 

- Уздзеянне санкцый можна праілюстраваць адным прыкладам. З 1-га сакавіка расіяне ўвялі эмбарга на продаж бензіну за мяжу. Гэта больш чым парадаксальна, калі паглядзець на тое, за кошт чаго жыве Расія. З аднаго боку, гэта зроблена ў звязку з украінскімі атакамі дронамі па расійскіх НПЗ. З другога боку, з-за санкцый расіяне не маюць такіх тэхналогій і магчымасцяў, каб хутка адрамантаваць заводы. У выніку, не можна выключыць, што неўзабаве будуць уведзеныя квоты на паліва не толькі для грамадзян, але і для арміі.

Экспертка зазначае, што ў кантэксце санкцый не спраўдзіліся чаканні заходніх палітыкаў што да моцы алігархаў. На Захадзе думалі, што замарозяць актывы алігархаў, і яны паўплываюць на Пуціна, каб той спыніў вайну. Аднак цяпер у Расіі алігархі не маюць такой палітычнай вагі, як у 1990-ыя, зазначае Агнешка Вяльгуцка.

- У нас алігархі асацыююцца з 1990-мі гадамі, калі яны мелі вялікую вагу і ўплыў на Барыса Ельцына. Цяпер крыху па-іншаму. Яны дэманструюць сваю адданасць Уладзіміру Пуціну, за што атрымліваюць канкрэтныя даходы і багацце. Напрыклад, у выніку таго, што замежныя кампаніі мусілі выйсці з Расіі, некаторыя алігархі атрымалі іх актывы ды частку рынку. Аднак гэта ўзнагарода для тых алігархаў, якія засталіся пры Пуціне. Яны можа і незадаволеныя асабіста, але пры Пуціне ў іх іншага выбару няма.

Польскае радыё/Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч