Беларуская Служба

Польшча стварае буферную зону на мяжы з Беларуссю

29.05.2024 17:57
Прэм’ер-міністр Польшчы з міністрамі абароны і ўнутраных спраў наведаў польска-беларускую мяжу.
Аўдыё
  • Польшча стварае буферную зону на мяжы з Беларуссю
-         -
Прэм’ер-міністр Польшчы з міністрамі абароны і ўнутраных спраў наведаў польска-беларускую мяжуPAP/Artur Reszko

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск наведаў мяжу з Беларуссю. У паездцы яго суправаджалі міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш і міністр унутраных спраў ды адміністрацыі Томаш Сямоняк. Палітыкі правялі сустрэчу з кіраўніцтвам сілавых структур у раёне памежнай заставы ў вёсцы Дубічы Царкоўныя. 

Пасля сустрэчы з вайскоўцамі, паліцэйскімі і пагранічнікамі, якія служаць на мяжы, прэм'ер-міністр адзначыў на спатканні з журналістамі, што на мяжы з Беларуссю працягваецца гібрыдная аперацыя супраць Польшчы. «Мы не маем справу ні з якімі бежанцамі, мы маем справу з арганізаванай, вельмі дакладнай на многіх узроўнях акцыяй парушэння польскай мяжы і спробай дэстабілізацыі дзяржавы», – сказаў Туск.

Дональд Туск падкрэсліў, што дзяржава прадпрыме адпаведныя крокі, каб запэўніць бяспеку паліцэйскім, салдатам і памежнікам, якія нясуць службу на ўсходняй польскай мяжы. Прэм’ер зазначыў, што для гэтага на граніцы будзе створаная буферная зона.

- Гэта агульнае рашэнне арміі, Памежнай службы і паліцыі. Адпаведныя фінансавыя сродкі будуць накіраваныя на ўзбраенне і пастаўкі тэхнікі. Акрамя таго, будуць прадпрынятыя юрыдычныя крокі для таго, каб ваша служба была бяспечнай у імя аховы нашай дзяржаўнай мяжы.

Туск сказаў, што буферная зона на мяжы будзе мець шырыню 200 м.

- Сёння, па рэкамендацыі вашага начальства і калег, было прынятае рашэнне аб стварэнні буфернай зоны на мяжы шырынёю ў 200 м. Мэта гэтага кроку – узмацненне аховы нашай мяжы. Афіцыйна гэтае рашэнне будзе прынятае на пачатку будучага тыдня.

Туск таксама паведаміў пра тое, што на мяжы будуць павялічаныя паліцэйскія сілы. Паліцыя і цяпер нясе службу разам з войскам і памежнікамі, але штатная колькасць супрацоўнікаў на мяжы павялічыцца.

- Было вырашана павялічыць паліцэйскія сілы на мяжы, асабліва ў тых месцах, дзе адбываюцца спробы групавых пераходаў граніцы. Я прашу адпаведныя органы прыняць гэтае рашэнне як мага хутчэй.

Ноччу з панядзелку на аўторак польскі салдат быў паранены нажом на мяжы з Беларуссю. У атацы абвінавачаны мігрант, які спрабаваў трапіць у Еўрасаюз.

Інцыдэнт адбыўся на ўчастку побач з вёскай Дубічы Царкоўныя. Як паведаміла прэс-сакратар 16-й Паморскай механізаванай дывізіі маёр Магдалена Касціньска, нападнік прасунуў руку з нажом праз агароджу ля мяжы. Паранены салдат дастаўлены ў бальніцу ў горадзе Гайнаўка, на дадзены момант яго жыццю нічога не пагражае. Аб затрыманні падазраванага не паведамлялася. Нападнік быў у групе нелегальных мігрантаў, якія атакавалі польскіх салдат і памежнікаў халоднай зброяй і пабітымі бутэлькамі.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Польшчы генерал Веслаў Кукула сказаў, што Польшча плануе ўкараненне некалькі праграм з мэтай узмацнення ўсходняй польскай мяжы. Сярод мерапрыемстваў – праект «Усходні шчыт».

- Крокі, якія мы прадпрымаем, павінны ўзмоцніць мяжу цяпер, калі мы назіраем за гібрыднымі атакамі, і ў будучыні, калі, магчыма, здарыцца мілітарны канфлікт. Беларусь і Расія ўжо сёння праводзяць гібрыдныя атакі, у прыватнасці, праз рух мігрантаў, і нам неабходна абараняцца.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Польшчы генерал Веслаў Кукула      PAP/Marcin Obara Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Польшчы генерал Веслаў Кукула PAP/Marcin Obara

Камандуючы 18-й Механізаванай дывізіяй дывізіённы генерал Аркад’юш Шкутнік папрасіў прабачэння ў жыхароў Падляшша за магчымыя ўскладненні, якія вынікаюць з прысутнасці арміі на мяжы.

- Я прашу прабачэння ў мясцовых жыхароў за пэўныя ўскладненні, але ахова нашых граніц – гэта прыярытэт. Мы, салдаты, выконваем сваю задачу, у нашай службе нічога не змянілася, мы, як заўсёды, гатовыя.

Польшча прыцягнула войска да аховы беларускай мяжы ў 2021 годзе на фоне міграцыйнага крызісу, у якім улады краін Еўрасаюза абвінавачваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Праз мяжу Беларусі ў ЕС пачалі прарывацца групы грамадзян трэціх краін, часта пры прамой падтрымцы ўладаў у Мінску.

Улады краін ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, назвалі гэта гібрыднай вайной супраць іх. Лукашэнка адмаўляе, што ён ці ягоныя чыноўнікі справакавалі сітуацыю і нават абвінавачвае еўрапейскія краіны ў бесчалавечных адносінах да мігрантаў.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл