Нягледзячы на прагнозы шматлікіх экспертаў, ультраправым і еўраскептычным дэпутатам не ўдалося набраць дастатковую колькасць мандатаў на выбарах у Еўрапарламент, каб перамагчы цэнтрысцкія палітычныя сілы, – вынікае з папярэдніх вынікаў галасавання, пададзеных на сайце Еўрапарламента.
Правацэнтрысцкая Еўрапейская народная партыя (European People's Party) стане найбуйнейшай палітычнай групай у новым скліканні Еўрапарламента, а цэнтрысцкія, ліберальныя і сацыялістычныя партыі захаваюць большасць, як і ў папярэднім скліканні Еўрапейскага парламента.
Чакаецца, што EPP, ліберальная «Аднавіць Еўропу» (Renew Europe) і сацыял-дэмакраты (S&D) будуць мець каля 403 мандатаў з 720.
Між тым, вядучаму кандыдату ад Еўрапейскай народнай партыі Урсуле фон дэр Ляен патрэбна падтрымка 361 дэпутата Еўрапарламента, каб атрымаць другі тэрмін на пасадзе старшыні Еўракамісіі – пры ўмове, што яна атрымае адабрэнне еўрапейскіх лідараў, каб застацца на сваёй пасадзе.
Матэматычна сітуацыя выглядае на карысць Урсулы фон дэр Ляен, хоць чакаецца, што не ўсе дэпутаты ад кааліцыі прагаласуюць за яе і ёй можа спатрэбіцца падтрымка заканадаўцаў з іншых палітычных груповак. Аднак сама палітык перакананая, што будзе перабарана на другі тэрмін:
-Вядома, я ведаю, што наперадзе мяне чакае яшчэ шмат цяжкай працы, але я хачу яе ўзяць на сябе. І я дакладна ўпэўненая ў сваім другім тэрміне.
Стрымана-еўраскептычныя правыя Еўрапейскія кансерватары і рэфарматары (ECR) атрымаюць 73 месцы, у той час як ультраправая Ідэнтычнасць і дэмакратыя (ID) – 58 мандатаў. Разам дзве правыя групы будуць прэтэндаваць на 131 месца, што менш, чым прагназавалі апытанні, праведзеныя напярэдадні выбараў.
Тым не менш прадстаўніцтва правых і крайне правых павялічылася, асабліва праз добрыя вынікі ў Нямеччыне і Францыі. Параліч Еўрапейскага парламента, адмова ад зялёнай трансфармацыі і, магчыма, нават заігрыванні з Расіяй або спробы заахвоціць чарговыя краіны пасля Вялікабрытаніі пакінуць ЕЗ – прыхільнікі супольнасці выказваюць шмат занепакоенасці, звязаных з узмацненнем правых у ЕП.
Мэйнстрымныя палітычныя партыі па-ранейшаму маюць большасць у Еўрапейскім парламенце, хоць прыкметны нахіл у права, – лічыць палітолаг, прафесарка Сілезскага ўніверсітэту Малгажата Мысьлівец:
-Ківач еўрапейскай палітыкі моцна хіснуўся направа. Найбольшым шокам стала тое, што адбылося ў Францыі. Прэзідэнт Эмануэль Макрон, чыя партыя прыкметна прайграла з партыяй Марын Ле Пэн, распусціў Нацыянальны сход, і ў Францыі адбудуцца новыя выбары.
Падобная сітуацыя выразна бачная ў ФРГ. Хоць выйграў блок ХДС/ХСС, але на другім месцы Альтэрнатыва для Нямеччыны. Хачу звярнуць увагу таксама на поспех іспанскай партыі Vox.
Найбольшыя чаканні крытыкаў ЕЗ тычыліся Францыі і Нацыянальнага аб’яднання Марын Ле Пэн. Партыя крытыкуе прыярытэт права ЕЗ над нацыянальным і анансуе рэферэндум па гэтым пытанні, таксама выступае супраць адзінай гандлёвай палітыкі. Французскія еўраскептыкі атрымалі рашучую перамогу на выбарах. Паводле папярэдніх звестак, партыя Ле Пэн набрала 32,4% галасоў. Гэты вынік больш чым удвая лепшы, чым група «Адраджэнне» прэзідэнта Эмануэля Макрона, якая разлічвае на 15,2%. падтрымка. Трэцяе месца заняла Сацыялістычная партыя, якая набрала прыкладна 14%, паводле экзіт-полаў.
У ФРГ, Альтэрнатыва для Нямеччыны (AfD) прараісйская і антыэмігранцкая групоўка здабыла другое месца, набраўшы 16,2%.. Такім чынам, яна апынулася ззаду хрысціянскіх дэмакратаў з ХДС/ХСС (30%), але зусім нечакана абагнала сацыял-дэмакратычную СДПГ (14%) і Зялёных (12%), якія ствараюць цяпершні ўрад ФРГ.
У Італіі дасягнула поспеху партыя Італьянскіх братоў на чале з прэм’еркай Джорджыяй Мелані, якая крыху менш крытыкуе ЕЗ, але з большага падзяляе ідэалагічныя перакананні еўраскептыкаў. Паводле папярэдніх апытанняў, правыя набралі прыкладна 26-30% галасоў. На другім месцы апазіцыйная левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя з 21-25%. Трэці – апазіцыйны «Рух пяці зорак», які таксама крытычна настроены ў дачыненні да ЕЗ (10-14%). Партнёры прэмʼеркі па кааліцыі атрымалі: Forza Italia – 8,5-10,5% галасоў, у той час як Ліга – 8-10%. Джорджыя Мелані заявіла, што гэта выразны сігнал ад італьянцаў, каб працягваць абраны шлях. Яна спаслалася на саміт G7, які пачнецца ў чацвер, 13 чэрвеня, у Апуліі:
-Я ганаруся тым, што Італія прадставіць сябе на форуме G7 і ў Еўрапейскім саюзе з урадам, мацнейшым за ўсе астатнія. Італьянцы сказалі, на чыім яны баку. Яны на нашым баку. Дзякуй.
Партыя кіраўніцы ўрада Італіі атрымала прыблізна такі ж вынік, як і на парламенцкіх выбарах у верасні 2022 года.
У Іспаніі галоўнай партыяй еўраскептыкаў зʼяўляецца VOX, якая на цяперашніх выбарах мела мала шанцаў пакінуць свой след на нацыянальнай палітычнай сцэне. Партыя прапагандуе неабходнасць змен у іміграцыйнай і энергетычнай палітыцы ЕС, а таксама заклікае адмяніць еўрапейсі Зялёны лад. Паводле апытанняў, яна апынулася на трэцім месцы – 10,4%. выбаршчыкаў. На выбарах перамагла цяперашняя апазіцыйная Народная партыя (НП), набраўшы 32,4% галасоў. Кіруючую Іспанскую сацыялістычную рабочую партыю (PSOE) падтрымалі 30,2% выбаршчыкаў.
Ультраправая FPOe (Аўстрыйская партыя свабоды) перамагла на выбарах у Еўрапейскі парламент у Аўстрыі, сведчаць вынікі экзіт-полу. Аўстрыйская народная партыя (OeVP) пацярпела паражэнне.
На выбарах у Еўрапарламент у Нідэрландах альянс Зялёных і Лейбарысцкай партыі на чале з Франсам Тымермансам атрымаў найбольшую колькасць месцаў – восем месцаў, за ім ідзе ультраправая Партыя свабоды (PVV) Герта Вілдэрса з сямю месца. Менавіта апошнюю групу прызналі найбуйнейшым пераможцам – яна перамагла на апошніх парламэнцкіх выбарах у Нідэрляндах, а цяпер атрымала, верагодна, ажно сем месцаў у Еўрапармаленце. У мінулым скліканне ЕП галандцкай Партыя свабоды наагул не быў прадстаўлена.
Партыя «Фідэс» прэмʼер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана перамагала на выбарах, але дасягнула найгоршага выбарчага выніку, пачынаючы з 2010 года. Кіруючая кааліцыя атрымала ў нядзелю 44,6% галасоў, а другое месца заняла партыя TISZA з 29,7% падтрымкі, лідарам якой з’ўяляецца Петэр Мадзьяр.
Еўраскептыкі возьмуць уладу?
Толькі канчатковыя вынікі і размеркаванне месцаў дазволяць вызначыць, якую ўладу насамрэч маюць партыі, якія крытыкуюць цяперашні курс Бруселя. Аднак нават яны могуць не адказаць на пытанне, ці змогуць еўраскептыкі сфармаваць большасць. Многае будзе залежаць ад правацэнтрыстаў, якія змогуць выбраць, ці галасаваць разам з еўраскептыкамі або з левымі і лібераламі, па падтрымку якіх правацэнтрысты звярталіся ў моманты крызісу.
Па-другое, самім еўраскептыкам цяжка камунікаваць у сваім лагеры. Яскравы прыклад – канфлікт з AfD, якую абвінавацілі ў занадтай радыкальнасці і выключылі з фракцыі Ідэнтычнасць і дэмакратыя. У сваю чаргу польская партыя «Права і справядлівасьць», якая ўваходзіць у асобную фракцыю еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў, дыстанцуецца ад прарасійскіх французскага Нацыянальнага аб’яднаня або вугорскага Фідэсу. Наколькі вялікі ўплыў будуць мець еўраскептычныя партыі, будзе залежаць ад іх здольнасці пераадольваць рознагалоссі і працаваць разам. Менавіта гэтай здольнасці праварадыкалам традыцыйна бракуе.
iar/pap/эж