Беларуская Служба

Польшча стане больш уплывовай у Еўрапарламенце

10.06.2024 13:55
Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск будзе істотнай сілай у будучай кааліцыі ў Еўрапарламенце, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. 
Аўдыё
  • Польшча мацнейшай у новым Еўрапарламенце
-          ,     .
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск у выбарчым штабе «Грамадзянскай кааліцыі» у Варшаве, пасля завяршэння выбараў у Еўрапарламент.PAP/Leszek Szymański

Цэнтрысцкія партыі захавалі большасць у Еўрапарламенце. Аднак у Францыі і Германіі вялікага поспеху дабіліся ультраправыя, затое ў Польшчы кіроўная партыя ўмацавала сваю пазіцыю.

У нядзелю 9 чэрвеня ў 27 краінах Еўрапейскага Саюза завяршыліся выбары дэпутатаў Еўрапарламенту. Першай вынікі выбараў і расклад сіл у Еўрапейскім парламенце на падставе даступных нацыянальных ацэнак і перадвыбарных апытанняў агучыла цяперашняя старшыня ЕП Рабэрта Мэцола.

- У 2024-м годзе выбарчая кампанія была вельмі інтэнсіўнай, асабліва апошнія тыдні. Сам парламент зладзіў мабілізацыйную кампанію пад лозунгам «Выкарыстай свой голас, інакш іншыя вырашаць за цябе». За апошнія дні 360 мільёнаў еўрапейцаў прагаласавалі за выбар напрамку, у якім ЕС пойдзе ў бліжэйшыя 5 год.

Перамогу на еўрапейскіх выбарах у маштабе ўсяго ЕС атрымала права-цэнтрысцкая Еўрапейская народная партыя (ЕНП), заявіў прэсавы сакратар Еўрапарламента Жауме Гіё.

- ЕНП здабыла 185 дэпутацкіх мандатаў, фракцыя «Сацыялісты і дэмакраты» атрымала 137 месцаў, «Адраджэнне Еўропы» – каля 80 мандатаў, «Еўрапейскія кансерватары і рэфарматары» – 73 месцы, група «Тоеснасць і дэмакратыя» – каля 60 месцаў, кааліцыя «Зялёных» – 52 мандаты, фракцыя «Левыя сілы» – 36 месцаў, недалучаныя дэпутаты – 46, а іншыя, то бок новаабраныя дэпутаты, якія не належаць да ніводнай палітычнай групы, здабылі ў новым складзе парламенту 54 мандаты.

Вынікі выбараў у Францыі ды Бельгіі ўжо прывялі да роспуску парламента ды адстаўкі прэ’ер-міністра. Затое ў Польшчы кіроўная партыя ўмацавала сваю пазіцыю. У адрозенні ад дзвюх вышэйзгаданых краін у Польшчы вынікі выбараў у Еўрапарламент не паўплываюць на расклад сіл ва ўрадзе. Пра гэта заявіла Ёанна Клюзік-Расткоўска з кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі».

- Я думаю, што кожны з кааліцыянтаў сам ацаніў свае вынікі, але ўрад на нацыянальным узроўні працуе нармальна, у міністэрствах застаюцца прадстаўнікі партыі са складу кааліцыі. Не думаю, што на гэтым узроўні будуць нейкія змены.

У панядзелак раніцай польская Нацыянальная выбарчая камісія агучыла вынікі выбараў у Еўрапарламент. Перамогу атрымала кіроўная партыя «Грамадзянская кааліцыя», здабыўшы 37,06 працэнтаў галасоў. На другім месцы партыя «Права і справядлівасць» – з 36,16 працэнтамі. Тройку лідараў закрывае рух «Канфедэрацыя», які падтрымалі 12,08% выбарцаў. Наступныя месцы занялі рух «Трэці шлях» – 6,91 працэнта і «Левыя сілы» з 6,3 працэнтамі падтрымкі. Яўка склала 40,65 працэнта.

Гэта азначае, што польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск будзе істотнай сілай у будучай кааліцыі ў Еўрапарламенце, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў эфіры Польскага Радыё. Справа ў тым, што найбольшы ўплыў на расстаноўку сіл у Еўрапарламенце будуць мець хрысціянскія дэмакраты, сацыялісты і, магчыма, лібералы, сярод якіх і польская «Грамадзянскай кааліцыі».

- Не толькі таму, што ён - лідар партыі, якая перамагла, але таксама таму, што Дональд Туск быў старшынём Еўрапейскай Рады і быў старшынём Еўрапейскай народнай партыі з вялізарным аўтарытэтам. Таксама па фармальных прычынах, бо кіраўнікі ўрадаў будуць вылучаць кандыдата на старшыню Еўрапейскай камісіі.

Залогам перамогі на выбарах у Еўрапарламент стала ўмелая мабілізацыя выбарцаў, мяркуе прафесар палітолаг з Гданьскага ўніверсітэту Аркад'юш Маджэеўскі. На яго думку, «Права і справядлівасць» не змагло эфектыўна заахвоціць сваіх прыхільнікаў пайсці на выбары.

- Для «Грамадзянскай платформы» канчатковы вынік меншы, чым паказвалі экзіт-полы, але ён дазволіў пераадолець важны псіхалагічны бар’ер. Ідзецца пра перамогу, хай і невялікую, але перамогу над партыяй «Права і справядлівасць», і пацвярджэнне ранейшай тэндэнцыі. Пры гэтым, еўрапейскія выбары сталі чарговымі з выбараў і грамадства ад палітыкі крыху стамілася, таму горш было з мабілізацыяй выбарцаў. Гэта паўплывала на выбарчы вынік. Платформа пераадолела важны бар’ер і на гэтым будзе абапірацца далейшая стратэгія партыі.

У сваю чаргу для левых партый у Польшчы вынікі ўчорашніх выбараў у Еўрапарламент сталі сапраўднай жоўтай карткай. Пра гэта ў эфіры Польскага радыё 24 заявіла дэпутат ад партыі «Левых сіл» Аніта Кухарска-Дзедзіч

- Мяне вельмі непакояць вынікі левых партый. Я думаю для шмат каго – гэта час адумацца, бо непрымальна, каб левыя былі на апошнім месцы. Тры месцы ў Еўрапарламенце для нас – гэта нездавальняючая сітуацыя.

Агулам польскія палітыкі ды эксперты звяртаюць увагу на тое, што вынікі цяперашніх выбараў у Еўрапарламенту Польшчы сведчаць пра растучы ўплыў Польшчы ў Еўрасаюзе. Голас польскіх еўрадэпутатаў будзе больш заўважны, выказваюць спадзяванне ў Польшчы.

Юры Ліхтаровіч