Беларуская Служба

Wyborcza.pl: Новае па справе Томаша Шмыдта

12.06.2024 15:55
Журналісты Wyborcza.pl сустрэліся з інфарматарам, які ведае падрабязнасці расследавання пракуратуры і контрвыведкі.
Былы польскі суддзя Томаш Шмыдт belta.by

Контрразведка і пракуратура падазраюць, што суддзя Томаш Шмыдт наладзіў супрацоўніцтва з беларускай выведкай як мінімум год таму, паведамляе Wyborcza.pl.

Рэдакцыя нагадвае, што суддзя з Варшавы ўжо больш за месяц з'яўляецца зоркай беларускай прапаганды. Польская пракуратура выдала ордэр на яго арышт; абвінавачвае яго ў дзейнасці ад імя замежнай выведкі.

Журналісты Wyborcza.pl сустрэліся з інфарматарам, які ведае падрабязнасці расследавання пракуратуры і контрвыведкі.

«Мы пацвердзілі, што на дадзены момант Томаш Шмыдт падазраецца ў дзейнасці на карысць беларускіх спецслужбаў, пачынаючы з 6 траўня 2024 года. У той дзень ён зʼявіўся на прэс-канферэнцыі ў Мінску, пакінуў пасаду суддзі і папрасіў палітычнага прытулку. Выступаў у беларускіх і расійскіх СМІ, крытыкуючы знешнюю палітыку польскага ўрада. У той жа час ён пачаў актыўна падтрымліваць прапаганду Пуціна і Лукашэнкі ў сацсетках», – гаворыцца ў артыкуле.

Калі прыняць гіпотэзу, што суддзя працуе на беларускія спецслужбы з 6 траўня 2024 года, то не значыць, што ён не рабіў гэтага раней, – падкрэслівае рэдакцыя. Wyborcza.pl паведамляе, што высновы службаў таксама паказваюць, што Шмыдт сам не вядзе акаўнтаў у сацыяльных сетках. Некаторыя посты проста дрэнна перакладзеныя на польскую мову.

Па словах інфарматара, зʼяўленне Шмыдта на прэс-канферэнцыі ў Мінску стала нечаканасцю для польскіх службаў. Ніхто не ведаў, што суддзя едзе ў Мінск і мае намер там застацца.

Як паведамляе рэдакцыя Wyborcza.pl, паводле польскіх службаў, Шмыдт сеў у аўтамабіль і паехаў з Варшавы ў Тэрэспаль, а перад перасячэннем мяжы трапіў у затор і чакаў 24 гадзіны, каб выехаць з краіны. Па словах суразмоўцы журналіста, гэтыя высновы абвяргаюць версію, што адʼезд Шмыдта быў эвакуацыяй, якую праводзілі беларускія службы, напрыклад, з-за рызыкі рассакрэчання. Калі б гэта так было, Шмыдт проста бы знік.

яс