У некаторых іншаземцаў несапраўдныя візы або іх зусім няма, падробленыя дакументы, сярод іх людзі, якія лічацца «непажаданымі» ў Шэнгенскай зоне – колькасць замежнікаў, злоўленых на нелегальным знаходжанні ў Польшчы, з мінулага года вырасла больш чым напалову, піша Rzeczpospolita.
Дадзеныя Памежнай службы сведчаць, што ў першым квартале гэтага года такіх іншаземцаў было выяўлена 2792, а за аналагічны перыяд мінулага года – 1814. 40 працэнтаў ад усіх былі затрыманыя адразу пасля перасячэння мяжы – пераважна з Беларуссю і Украінай, а амаль пяць тысяч – тыя, хто ўехаў у Польшчу авіятранспартам без неабходных дакументаў.
У гэтым плане ў лідарах грамадзяне Грузіі, за імі - прыбылыя з Беларусі, Малдовы, Расіі, Украіны і Калумбіі. Часцей за ўсё іх затрымлівалі ў правінцыі Люблінскага і Мазавецкага ваяводстваў.
Нелегалаў выяўляюць падчас выбарачных праверак на законнасць знаходжання, а раней яны доўгі час заставаліся незаўважанымі.
Апошні прыклад: чацвёра ўзбекаў, затрыманых у Сілезіі, «пратэрмінавалі» знаходжанне ў Польшчы на некалькі сотняў дзён. 22-гадовы хлопец прыехаў па студэнцкім абмене, але не здаў іспытаў, таму мусіў вярнуцца на радзіму, аднак прабыў яшчэ 315 дзён. Трое яго суайчыннікаў самавольна падоўжылі тэрмін знаходжання на амаль 300 дзён.
Часам за нежаданнем легалізаваць сваё знаходжанне хаваецца крымінальнае мінулае.
Як і ў выпадку з 31-гадовым албанцам – ён насуперак правілам прабыў у Польшчы больш за 102 дні, а раней быў абвешчаны ў вышук італьянскімі ўладамі за нарказлачынствы.
Адзін з грузінаў быў прызнаны «непажаданай» асобай у Польшчы. Атрымаўшы загад пакінуць Польшчу, ён вярнуўся ў Грузію, узяў прозвішча жонкі, перапісаўся з новымі дакументамі і зноў прыехаў у Польшчу.
Як напісала «Rz», паводле статыстыкі, найбольш злачынстваў сярод замежнікаў у Польшчы ўчыняюць грузіны. Летась учынілі злачынствы 10 працэнтаў з ліку ўсіх грамадзян Грузіі, якія легальна пражываюць у Польшчы.
яс