У Gazeta Wyborcza на першай паласе артыкул пра забітага на польска-беларускай мяжы салдата Матэвуша Сітэка (Mateusz Sitek). Паводле крыніц выдання, сяржант не быў апрануты ў спецыяльную лёгкую бронекамізэльку, якая ахоўвае ад удараў нажом. Такога аснашчэння не хапае ў польскім войску. Тым часам надоечы міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што, паводле яго ведаў, жаўнер меў на сабе бронекамізэльку.
Сітэк быў паранены 28 мая, памёр 6 чэрвеня. Газета піша, што з канца лютага Мінабароны вядзе аперацыю пад грыфам «Szpej». Гэты выраз азначае «прафесійнае аснашчэнне». У рамках аперацыі салдатаў, якія ахоўваюць мяжу, аснашчаюць ліхтарыкамі, прыладамі начнога бачання, ахоўнымі шчытамі, камізэлькамі і г.д. Пакуль што вельмі мала салдат атрымала лёгкія камізэлькі. Раней СМІ паведамлялі, што салдаты, якіх адпраўляюць на мяжу, купляюць аснашчэнне за ўласныя сродкі.
Выданне піша таксама пра акалічнасці, у якіх загінуў Сітэк. Калі салдаты заўважаюць, што ў нейкім месцы нелегальныя мігранты спрабуюць разагнуць пруты агароджы, яны стараюцца адабраць у іх аўтамабільныя дамкраты, якімі гэта робіцца. У такой сітуацыі загінуў салдат, ён падбег да мяжы і стараўся выцягнуць дамкрат. Яго часцей за ўсё немагчыма проста вырваць, неабходна яго разагнуць, што патрабуе часу. Калі салдат нахіліўся, трымаючы ў адной руцэ шчыт, а другой спрабуючы вырваць дамкрат, ён атрымаў удар нажом праз агароджу. Салдат знаходзіўся каля агароджы адзін, гэта галоўная памылка. Камандаванне павінна загадаць, каб салдаты захоўвалі максімальную асцярожнасць, і заўсёды дзейнічалі парамі.
нг