Беларуская Служба

Лішнія людзі: мігранты, якім удаецца трапіць у Еўропу, не заўсёды сустракаюцца з гасцінным прыёмам

18.06.2024 15:32
На жаль, краіны ЕС не выпрацавалі механізмаў адзінага падыходу да мігрантаў.
Аўдыё
  • Польшча высвятляе, чаму нямецкая паліцыя прывезла ў Польшчу бежанцаў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Kiro Popov/ Shutterstock

Кожны дзень з’яўляюцца паведамленні аб тым, колькі за мінулыя суткі здарылася спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. Польская памежная служба па меры магчымасці стараецца адпраўляць мігрантаў назад у Беларусь, дарэчы, абсалютная большасць палякаў выступае за тое, каб не ўпускаць іх у краіну. Тым не менш, сотням людзей усё ж удаецца прабрацца ў Польшчу і далей у Еўропу. Там яны таксама не заўсёды сустракаюцца з гасцінным прыёмам.  

Мігранты, якім удаецца прабрацца праз беларуска-польскую мяжу, а таксама іншымі шляхамі, часцей за ўсё яны імкнуцца трапіць далей – у краіны Заходняй Еўропы, у прыватнасці, Германію. Там таксама імкнуцца абмежаваць колькасць мігрантаў, аб чым сведчыць апошні інцыдэнт на польска-нямецкай мяжы. Здарэнне мела месца на мінулым тыдні. Нямецкая паліцыя даставіла на аўтамабілі сям'ю мігрантаў на польскі бок і пакінула іх на стаянцы. Меркаваннем Яцэка Дабжыньскага (Jacek Dobrzyński), афіцыйнага прадстаўніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, нямецкія службы парушылі ўсе працэдуры.

- Мы можам смела сказаць, што гэта першы, і адзіны дагэтуль выпадак на мяжы. Раней такія сітуацыі не здараліся. І мы спадзяемся, што яны не будуць здарацца. Польская памежная служба ўвесь час знаходзіцца ў кантакце з нямецкай паліцыяй.

Польскія ўлады павінны правесці следства ў сувязі з інцыдэнтам з бежанцамі, – заявіў у эфіры Польскага радыё 24 сенатар ад «Грамадзянскай платформы» Адам Шэйнфельд (Adam Szejnfeld). На думку палітыка, у дадзеным выпадку можа ісці гаворка пра парушэнне працэдуры дэпартацыі.

- Адпаведныя структуры з польскага боку павінны праверыць, што здарылася, звязацца са сваімі візаві з нямецкага боку і высветліць сітуацыю. І калі ёсць вінаватыя, яны павінны атрымаць пакаранне.

Паводзіны нямецкіх паліцэйскіх недапушчальныя, гэта «абсалютнае парушэнне ўсіх правілаў». Так ацэньвае намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык (Cezary Tomczyk) інцыдэнт, калі нямецкая паліцыя прывезла сям’ю мігрантаў на аўтастаянку ў гарадок Асінаў-Дольны на паўночным захадзе Польшчы. У інтэрвʼю Трэцяму каналу Польскага радыё Томчык паведаміў, што кіраўнік польскага МУС закране дадзеную тэматыку падчас размовы са сваёй нямецкай калегай у бліжэйшую пятніцу.

- Мы будзем гэта абмяркоўваць з нашымі калегамі з Германіі. Спадар міністр Томаш Семоняк будзе ў пятніцу гутарыць са сваёй нямецкай калегай – міністаркай, якая адказвае за ўнутраныя справы. Інцыдэнт – гэта парушэнне ўсіх працэдур. Мы не можам на гэта пагадзіцца. Польшча адправіла адпаведны дакумент па дадзеным пытанні. На нашу думку, нямецкія супрацоўнікі паліцыі павінны быць пакараныя.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што пагутарыць з канцлерам Германіі Олафам Шольцам пра інцыдэнт на мяжы. Ён адзначыў, што «неабходнае дакладнае вытлумачэнне». У пятніцу ў Берлін адпраўляецца кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семоняк.

У сваю чаргу, наш палітычны аглядальнік Павел Усаў нагадвае, што міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы быў створаны штучна беларускім рэжымам. Адна з яго мэтаў – выклікаць напружанасць унутры Еўрапейскага Саюза. На жаль, краіны ЕС не змаглі выпрацаваць адзіны механізм падыходу да бежанцаў, якія перасякаюць мяжу.

- З самага пачатку міграцыйнага крызісу былі розныя падыходы, між іншым, Нямеччына прапанавала, каб Польшча стварыла калідоры і ўпусціла на сваю тэрыторыю і, магчыма, далей, у Еўразвяз усіх мігрантаў, якія сабраліся на мяжы. Пазней, калі стала ясна, што гэта сурʼёзная гібрыдная атака, ЕЗ падтрымаў дзеянні Польшчы. І дагэтуль не быў выпрацаваны агульны механізм супрацьдзеяння міграцыйным атакам, акрамя санкцый, якія накладаюцца на Беларусь. Як павінны захоўвацца еўрапейскія краіны ў выпадку перасячэння мяжы, дакладна невядома. І з гэтым, між іншым, звязаныя дзіўныя крокі нямецкай паліцыі.

Нямецкая паліцыя выступіла з заявай, у якой апісала сітуацыю. Паліцыянты ў ноч з мінулага чацвярга на пятніцу затрымалі прыкладна ў сямі кіламетрах ад нямецка-польскай мяжы сямʼю з пяці чалавек, якія прыехалі ў Брандэнбург без дазволу, але з даведкай, што яны падалі прашэнне аб прытулку ў Польшчы. Паводле заявы, уцекачы не прасілі прытулку ў Германіі, таму, згодна з правіламі ЕС, яны павінны вярнуцца ў Польшчу. Польскі памежнік доўга не адказваў, дзеці пачалі скардзіцца на дрэннае самаадчуванне, таму паліцыя адвезла сямʼю ў бліжэйшую аптэку ў Польшчы. Паводле інфармацыі нямецкай паліцыі, аўтамабіль вярнуўся ў пастарунак, каб забраць тэлефон, які афганская жанчына там забыла. Польскія службы не ведаюць, дзе знаходзіцца сямʼя бежанцаў, прывезеных з Германіі. Мігранты прыбылі ў Польшчу тыдзень таму і папрасілі тут прытулку. Не дачакаўшыся рашэння, яны адправіліся ў Германію. СМІ мяркуюць, што гэта бежанцы з Афганістана.

IAR/PR/нг