Беларуская Служба

Польшча, Францыя ды Германія актывізуюць супрацоўніцтва ў рамках «Веймарскага трохкутніка»

25.06.2024 16:07
Краіны «Веймарскага трохкутніка» заявілі пра больш цеснае ваеннае супрацоўніцтва.
Аўдыё
  • Польшча, Германія ды Францыя актывізуюць вайсковае супрацоўніцтва
Ілюстрацыйны здымакMinistertswo obrony narodowej RP/Flick

Пра гэта віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш дамовіўся са сваімі калегамі з Францыі і Германіі падчас сустрэчы ў Парыжы. Гэта былі першыя перамовы ў такім фармаце амаль за дзесяць гадоў.

Польшча, Францыя ды Германія актывізавалі перамовы ў трохбаковым фармаце «Веймарскага трохкутніка». З гэтай нагоды ў Парыжы сустрэліся міністры абароны Францыі, Нямеччыны і Польшчы. Пасля перамоў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што саміт прынёс важныя ўзгадненні ў трох пытаннях. Гэта сумесныя вучэнні вайскоўцаў трох краін з 2025 года, пашырэнне ініцыятывы мабільнасці, да якой далучылася Францыя, і далейшая і больш эфектыўная падтрымка для Украіны.

- Супольныя манеўры нашых узброеных сіл саюзнікаў з Веймарскана трохкутніка адбудуцца ў Польшчы ў будучым годзе. Дзякуй за гатоўнасць да супрацоўніцтва.

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Станіслаў Взёнтэк дадаў, што дзякуючы супольным вайсковым вучэнням можна будзе ўдакладніць размеркаванне задач паміж рознымі родамі войск з трох краін.  «Вельмі важна, каб у нас былі агульныя працэдуры», — сказаў чыноўнік.

-  Мы мусім ведаць, як рэагаваць у сітуацыі пагрозы, хто будзе каардынаваць лагістыку, хто возьме на сябе камандаванне. Усе гэтыя элементы неабходна войску праверыць. Якія канкрэтныя механізмы будуць правярацца пакуль не магу сказаць, але я перакананы, што магчымы адзін сцэнар: розныя варыянты рэакцыі на напад ды дзеянні па абароне, у тым ліку ў кіберпрасторы.

У сваю чаргу міністр абароны Францыі Сэбаст'ян Лёкарно згадаў аб магчымым пашырэнні франка-германскага абароннага праекта MGCS (Main Ground Combat System) на далучэнне Польшчы.

- Мы закранулі тэму MGCS і танка будучыні. Гэта франка-нямецкі праект, але не «эгаістычны», ён адкрыты для ўдзелу іншых еўрапейскіх армій. Мы падвялі вынікі працы з польскімі партнёрамі.

Яшчэ бакі гаварылі пра ініцыятыву па мабільнасці ў рамках «Веймарскага трохкутніка». Гэтая дакумент падпісаны Польшчай, Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй і Каралеўствам Нідэрландаў у студзені бягучага году, які тычацца спрашчэння перасоўвання войск па тэрыторыі краін ЕС. Цяпер да ініцыятывы далучаецца і Францыя, распавёў польскі міністр.

-  Ініцыятыва аб мабільнасці падпісаная паміж Польшчай, Германіяй ды Галандыяй, пашыраная на дзяржавы назіральніцы – Бельгію ды Люксембург, павялічвае свой патэнцыял у выніку французскай заявы аб далучэнні. Цяпер паспяховая абарона немагчыма без мабільнасці.

Бакі дамовіліся нарасціць падтрымку для Украіны, каб яна змагла дамагчыся поспеху ў сваёй барацьбе, зазначыў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

-  Мы падтрымліваем далучэнне Украіны да ЕС і ў НАТА. Мы ўжо дапамагаем, перадаючы абсталяванне. Мы верым у большую ролю НАТА і спадзяёмся, што  Альянс будзе больш актыўным пры каардынацыі і перадачы дапамогі для Украіны.

Нямецкі ды польскі бок звярталі ўвагу таксама на пытанне гібрыдных атак на ўсходняй мяжы Польшчы, якая з'яўляецца мяжой Еўрасаюза. Польскі бок апісаў сітуацыю, якая склалася на дадзены момант на мяжы з Беларуссю ды нагадаў ЕС аб агульнай адказнасці па яе вырашэнні. Ідзецца пра штурм мяжы нелегальнымі мігрантамі, ды пра дзеянні расійскіх дыверсійных груп. Віцэ-прэм'ер  Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што польскія службы выявілі дзейнасць у гэтым напрамку ваеннай выведкі РФ.

- Мы выкрылі дзве групы, задачай якіх быў напад на Польшчу: адна група кібератак ды дэзінфармацыі, а другая для ўдараў па крытычнай інфраструктуры. Гэтыя дзве групы падрыхтавала ГРУ. Іх намеры паказваюць, што яны рыхтаваліся да  атак на буйныя аб’екты, каб выклікаць у Польшчы паніку ды пасеяць страх.

Міністры абароны Францыі і Германіі выказалі гатоўнасць узмацніць каардынацыю ў барацьбе з расійскімі спробамі дэстабілізацыі. Супрацоўніцтва паміж Берлінам, Парыжам і Варшавай у рамках «Веймарскага трохкутніка» адноўленае амаль праз 10 гадоў, мае на мэце ўмацаванне сумеснай падтрымкі Украіны, распрацоўку стратэгіі абароны і стрымлівання на ўсходнім флангу Еўропы і абмеркаванне магчымых пагроз гібрыдных нападаў за межамі Украіны.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч