Беларуская Служба

Візавы скандал у Польшчы мае сваё студэнцкае вымярэнне

04.07.2024 08:15
Паводле вынікаў дзяржаўнай праверкі, у сярэднім кожны другі замежны студэнт не дайшоў нават да другога курсу.
Школа Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Польшчы, перш за ўсё недзяржаўныя, масава і бескантрольна прымаюць замежных студэнтаў. Між тым, кожны другі з іх не заканчвае ВНУ.

За дзесяць гадоў у Польшчу прыехала больш за 321 тысяча замежных студэнтаў з амаль 200 краін, нават такіх далёкіх, як Папуа-Новая Гвінея. Аднак у сярэднім кожны другі з іх не дайшоў нават да другога курсa, паведамляе Rzeczpospolita са спасылкай на дадзеныя Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі.

Паводле выдання, гэта новае вымярэнне візавага скандалу, які тычыцца вымантачвання польскіх візаў для навучання ў Польшчы.

Вынікі дзяржаўнага кантролю візавай сістэмы Міністэрства замежных спраў і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі не пакідаюць сумненняў – замежнікі злоўжываюць занадта лёгкім наборам у польскія ВНУ, а іх сапраўднай мэтай знаходжання ў Польшчы зʼяўляецца праца або міграцыя ў іншыя краіны Шэнгенскай зоны.

Цяпер у Польшчы вучыцца 98 056 замежных студэнтаў, хаця на пачатку навучальнага 2023/2024 года іх было 103 147. Такім чынам пасля першага семестра з адукацыйнай сістэмы зніклі больш за 5 000 студэнтаў.

Па выніках праверкі, у 2018 годзе з тых, хто пачаў вучобу ў Польшчы да другога курса дайшлі толькі 59 працэнтаў замежных студэнтаў, а ў 2022 годзе – 53 працэнты.

Сярод замежных студэнтаў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца пераважна недзяржаўныя ўніверсітэты, якія – як падкрэслівае ў размове з газетай прэс- сакратар Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Наталля Жыта – не атрымліваюць сродкаў з дзяржаўнага бюджэту на ўтрыманне. Хоць замежныя студэнты прымушаны плаціць за навучанне, то адначасова ніхто звонку фактычна не кантралюе, ці зʼяўляюцца яны на занятках, ці не.

аз