Беларуская Служба

Павал Усаў: І Польшча, і Беларусь апынуліся ў тупіку

24.07.2024 16:18
З неафіцыйных крыніц вядома, што Польшча праводзіць жорсткія перамовы з Беларуссю на тэму вызвалення Анджэя Пачобута. У адваротным выпадку Польшча абяцае цалкам зачыніць межы.
Аўдыё
  • Павал Усаў: І Польшча, і Беларусь апынуліся ў тупіку
Павал Усаў.

Чаму Лукашэнка не вызваліў Пачобута, напрыклад, падчас апошніх вызваленняў палітвязняў, назваўшы яго цяжка хворым, каб мець фармальную прычыну?

Умовай такога звальнення, нават па амністыі, заўсёды з’яўляецца прашэнне аб памілаванні. А гэтага Анджэй Пачобут рабіць не хоча. У выніку абодва бакі апынуліся ў тупіку, кажа палітолаг Павал Усаў:

-Лукашэнка і яго атачэнне ніколі не дэманструюць таго, што іх прымусілі кагосьці выпусціць. Яны вымагаюць падпісаць прашэнне, што азначае прызнанне віны. Пачобут на гэта не пойдзе. Гэта прыводзіць да тупіка, выхаду з сітуацыі няма. Лукашэнка і яго атачэнне прынцыпова не хочуць саступаць. Польскі бок, заявіўшы, што зачыніць межы, апынуўся перад выклікам. Сказаць, што зачыняць межы і не зрабіць гэтага, гэта значыць прызнацца ў сваёй слабасці. У сваю чаргу Лукашэнка не выпусціць цяпер Пачобута. Калі ён выпусціць яго па прычыне ўльтыматуму, то гэта праяўленне слабасці.

У выніку сітуацыя вядзе да росту ўзаемнай агрэсіі. Я разумею логіку і палякаў, і Лукашэнкі, які заўсёды дзейнічаў з пазіцыі сілы. А цяпер яшчэ выстаўлены іншыя ўльтыматумы: спыніць міграцыйны крызіс, выдаць таго, хто забіў польскага жаўнера. А гэтага Лукашэнка таксама не зробіць.

Такім ультыматумам палякі паставілі сябе ў тупіковую сітуацыю. Зараз яны не могуць адмовіцца ад ультыматуму, але і не могуць цалкам зачыніць межы, бо праз іх тавар едзе не толькі ў Польшчу, але і цэлую Еўропу.

Поўная размова - у далучаным гукавым файле. Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка