Беларуская Служба

Расія і Захад абмяняліся палоннымі. Чаму ў спісе няма Анджэя Пачобута?

02.08.2024 07:08
Немцы ці амерыканцы маглі ўнесці ў спіс Анджэя Пачобута ды іншых закладнікаў беларускага рэжыму, бо яны прымусілі Лукашэнку памілаваць абвінавачанага ў дыверсійных дзеяннях грамадзяніна Германіі.
Анджэй Пачобутtwitter.com/LukaszJasina

Выглядае, што заходнія дзяржавы ўжо даўно вядуць перамовы аб вызваленні сваіх грамадзян, якія знаходзяцца ў турмах у Расіі, і важных палітвязняў Крамля. Сумна, што Польшча не ўдзельнічае ў гэтым працэсе, піша Руслан Шошын у газеце Rzeczpospolita.

Берлін праз Маскву ціснуў на беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнку, які днямі памілаваў асуджанага на смерць немца Рыка Крыгера. І, здаецца, ён хутка вернецца дадому.

Некалькі імёнаў закладнікаў Крамля ўжо з'явіліся ў расійскіх незалежных СМІ і неўзабаве яны могуць быць перададзены шэрагу заходніх краін. Верагодна, узамен Расія атрымае асуджаных на Захадзе сваіх агентаў, забойцаў і фінансавых махляроў, якія працуюць на крамлёўскія службы. Гаворка ідзе пра грамадзян Расіі, якія знаходзяцца ў зняволенні ў ЗША, Германіі і Славеніі, піша Rzeczpospolita.

Падрыхтоўка такіх аперацый займае шмат месяцаў, асабліва калі ў іх удзельнічаюць некалькі краін. Ёсць шмат прыкмет таго, што Польшча знаходзіцца недзе ўбаку ад гэтых працяглых перамоваў, мяркуе Шошын.

Не відаць, каб да гэтага былі датычныя і цэнтры беларускай дэмакратычнай апазіцыі за мяжой, дадае каментатар газеты.

Немцы ці амерыканцы маглі ўнесці ў спіс Анджэя Пачобута ды іншых закладнікаў беларускага рэжыму, бо яны прымусілі Лукашэнку памілаваць абвінавачанага ў дыверсійных дзеяннях немца.

У выпадку з Анджэем Пачобутам, які знаходзіцца ў зняволенні больш за тры гады, мы часта чуем аргумент, што ён не хоча пакідаць Беларусь. Хто-небудзь пытаўся ў яго пра гэта? – пытаецца Шошын.

Тым часам наш калега, журналіст і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі, сядзіць у адзіночнай камеры, да яго ставяцца як да тэрарыста, ён мае сурʼёзныя праблемы са здароўем. Урад у Варшаве павінен зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб выцягнуць яго адтуль як мага хутчэй, падкрэслівае аўтар Rzeczpospolita Руслан Шошын.

яс