Беларуская Служба

Украінскія F-16 змогуць збіваць расійскія крылатыя ракеты, якімі захопнікі тэрарызуюць Украіну

07.08.2024 06:02
Агулам ВПС Украіны атрымаюць 79 самалётаў F-16.
Аўдыё
  • Украінскія F-16 змогуць збіваць расійскія крылатыя ракеты, якімі захопнікі тэрарызуюць Украіну
F-16
F-16 Узброеных сіл Украіныкрыніца: профіль Уладзіміра Зяленскага ў «Фэйсбуку»

Украіна атрымала першую партыю амерыканскіх знішчальнікаў F-16. У краіне зараз 10 такіх самалётаў, да канца 2024 года саюзнікі павінны перадаць яшчэ 20 машын. Агулам чакаецца прыбыццё ва Украіну 79 знішчальнікаў F-16. СМІ паведамілі, што першыя самалёты ўжо здзейснілі ва Украіне баявыя вылеты: узброеныя ракетамі «паветра – паветра» F-16 прымянілі ў супрацьпаветранай абароне.

У нядзелю, калі ва Украіне адзначаўся дзень Паветраных сіл, Уладзімір Зяленскі і ўкраінскія СМІ распаўсюдзілі кадры з цырымоніі прыёму самалётаў на ўзбраенне.

Зяленскі падзякаваў за пастаўкі партнёраў з ЗША, Даніі і Нідэрландаў, але адзначыў, што колькасці самалётаў F-16 і навучаных пілотаў пакуль для арміі недастаткова.

Цырымонія была знятая на відэа, як мяркуецца, на аэрадроме Васількаў у Кіеўскай вобласці. Але гэта не факт, што F-16 будуць базавацца менавіта там. Галоўная мэта ўкраінскай арміі цяпер – зрабіць так, каб самалёты не былі страчаныя на зямлі. Гэта няпростая задача: расіяне толькі за апошнія паўгода пашкодзілі або знішчылі ўдарамі дронаў і балістычных ракет больш за 10 украінскіх самалётаў на аэрадромах. Ёсць два варыянты захавання F-16: прыкрыць аэрадром сродкамі супрацьпаветранай абароны, што не асабліва дапаможа ў выпадку масіраванага ўдару, або ўвесь час перабазоўваць самалёты з аднаго аэрадрому на іншы. Хутчэй за ўсё ўкраінцы будуць гэтак змагацца за жывучасць сваёй авіяцыі.

Авіяцыйны эксперт, былы інжынер-выпрабавальнік канструктарскага бюро «Антонаў» Канстанцін Крывалап, сказаў парталу «Крым. Реалии», што перадача самалётаў – «гэта вельмі сур'ёзная перамога Украіны, калі пасля двух гадоў малення закрыць неба пачынаюцца ўжо канкрэтныя дзеянні».

Чаму атрыманне самалётаў амерыканскай вытворчасці настолькі важнае для Украіны?

Паводле спецыялістаў, пры дапамозе толькі адных сістэм СПА, у тым ліку нават сучасных, не ўдасца абараніць усёй тэрыторыі Украіны з-за яе плошчы.

Без сучасных самалётаў узровень знішчэння расійскіх ракет і дронаў застанецца нізкім – на ўзроўні 60-80%. І таму супрацьпаветранай абароне патрэбныя F-16, гаворыць прэс-сакратар Ваенна-паветраных сіл Украіны палкоўнік Юрый Ігнат.

- Навошта нам патрэбны гэты самалёт? Бо ён перакрые Украіну ад ракетнага тэрарызму Расіі. F-16 можа стаць той часткай СПА, якой нам сёння надзвычай не хапае. F-16 – гэта сучасны шматмэтавы самалёт, які на 100% можа выканаць задачы па знішчэнні крылатых ракет і дронаў, якімі сёння Расі тэрарызуе нашу краіну.

Іншай прычынай таго, чаму Кіеву патрэбныя заходняя авіятэхніка, з’яўляецца тое, што ў ВПС Украіны самалёты састарэлыя, а вораг, наадварот, мае больш сучасныя машыны, сказаў у эфіры інтэрнэт-каналу Freedom эксперт Цэнтру абаронных стратэгій, капітан 1-га рангу ВМС Украіны Андрэй Рыжанко.

- Па-першае, у нас цяпер на ўзбраенні знаходзяцца самалёты МіГ-29, Су-27 і Су-24, якія былі вырабленыя яшчэ ў савецкі час. Яны прайшлі невялікую мадэрнізацыю, аднак іх тактыка-тэхнічныя характарыстыкі і зброя засталіся фактычна на ўзроўні таго, што было 30 гадоў таму. Яны значна ўступаюць тым самалётам, якімі па нас працуе вораг. За гэты перыяд яны змаглі развіць сямейства новых самалётаў, якія пераўзыходзяць нашы машыны і па характарыстыках, і па зброі.
Па-другое, саміх самалётаў у нас засталося няшмат, таму што ў нас былі страты і ў першыя дні вайны, і пазней. Таму іх проста трэба папаўняць.

Першая пастаўка самалётаў дае магчымасці іх праверыць у баявых умовах – F-16 ужо цяпер прымяняюцца для выконвання задач супрацьпаветранай абароны, сказаў тэлеканалу «Настоящее Время» Валерый Раманенка, авіяцыйны эксперт і вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага авіяцыйнага ўніверсітэту Украіны.

- Першая пастаўка самалётаў дае магчымасці іх праверыць у баявых умовах: як яны будуць спраўляцца ў якасці СПА і наколькі яны эфектыўныя ў баях з расійскімі самалётамі. Да самалётаў павінны таксама прывыкнуць лётчыкі і асвоіць узбраенне. А пазней яны зоймуцца расійскімі знішчальнікамі-бамбавікамі.
F-16 ужо цяпер прымяняюцца для выконвання задач супрацьпаветранай абароны. Пад крыламі гэтага самалёта знаходзяцца ракеты Sidewinder малой дальнасці. Гэтыя ракеты – старых мадэляў, прычым спецыяльна, таму што старыя мадэлі танныя, іх вельмі шмат і яны вельмі эфектыўныя для знішчэння расійскіх крылатых ракет. А кошт іх роўна ў дзесяць разоў меншы, чым ракеты Х-101.

Акрамя самалётаў, украінскія пілоты F-16 атрымалі нашлемныя прыцэлы, якія дазваляюць страляць позіркам. Гэтая шматфункцыянальная сістэма не толькі значна павышае інфармаванасць пілота аб наземных і паветраных цэлях, але і забяспечвае кіраванне сістэмамі навядзення і датчыкамі самалёта на адлегласці. Яна замяняе індыкатар на лабавым шкле і дазваляе пілоту страляць туды, куды накіраваны яго позірк.

Самалёт F-16 – лёгкі шматмэтавы знішчальнік вытворчасці ЗША чацвёртага пакалення. Нягледзячы на дастаткова немалады ўзрост, бо F-16 быў створаны яшчэ 49 гадоў таму, ён да гэтага часу застаецца асновай паветраных сіл многіх краін свету, у тым ліку і дзякуючы сваім пастаянным мадэрнізацыям.

Самалёты F-16 знаходзяцца ў тым ліку на ўзбраенні ВПС Польшчы. 

вс

слухайце аўдыёфайл