Беларуская Служба

ЗША заяўляюць пра апошні шанец на дээскалацыю на Блізкім Усходзе

21.08.2024 09:04
На Блізкім Усходзе працягваецца канфлікт паміж Ізраілем ды палесцінскімі баевікамі з групоўкі ХАМАС.
Аўдыё
  • Працягваецца канфлікт на Блізкім Усходзе
Дэманстрацыя з заклікам спыніць канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАС і падпісаць пагадненне аб закладніках у ІзраіліEPA/ABIR SULTAN Dostawca: PAP/EPA.

Іран ды ліванская Хізбала пагражаюць ударам па Ізраілі. ЗША актывізуюць высілкі, каб не дапусціць да эскалацыі напружанасці ў рэгіёне.

На Блізкім Усходзе вельмі напружана з мінулай восені, калі 7 кастрычніка 2023 г. баевікі ХАМАС уварваліся на ізраільскую тэрыторыю, забіўшы каля 1200 чалавек і схапіўшы 250 закладнікаў. У адказ Ізраіль пачаў ваенную аперацыю па вызваленні захопленых ды ліквідацыі тэрарыстаў. Баявыя дзеянні ў Сектары Газа працягваюцца па сённяшні дзень.

У аўторак раніцай ізраільская армія паведаміла, пра тое, што знойдзеныя шэсць цел закладнікаў ХАМАС. У сваю чаргу тэрарысты заяўляюць, што ад ізраільскіх дзеянняў у адказ загінула больш за 40 тысяч чалавек. Пры гэтым ХАМАС не робіць адрозненняў паміж цывільнымі ахвярамі ды забітымі баевікамі. Агулам Сектар Газа знаходзіцца ў руінах, там пануе маштабны гуманітарны крызіс, а большасць яго жыхароў сталі ўнутранымі бежанцамі.

Сітуацыю ўскладняе тое, што баевікі ліванскай групоўкі Хізбала, еменскія Хусіты ды Іран неаднаразова пагражалі нанесці ўдар па Ізраілю, што можа прывесці да сапраўднай буйнамаштабнай вайны ў рэгіёне. Міжнародная супольнасць імкнецца не дапусціць да гэтага. Найбольшыя высілкі прыкладаюць амерыканцы.

Чарговы раўнд перамоў аб спыненні агню паміж Ізраілем і ХАМАС на вышэйшым узроўні павінен адбыцца на гэтым тыдні. ЗША націскаюць на абодва бакі канфлікту, каб яны пагадзіліся на перамір’е. З гэтай мэтай на Блізкі Усход прыляцеў Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен. Спачатку ў Тэль-Авіве кіраўнік амерыканскай дыпламатыі сустрэўся з прэзідэнтам Ізраіля Іцхакам Герцагам ды прэм'ер-міністрам Біньямінам Нетаньяху. Цяперашнія мірныя перамовы а могуць стаць апошнім шанцам для закладнікаў вярнуцца дадому, настаў час дасягнуць пагаднення паміж Ізраілем і ХАМАС, заявіў дзяржсакратар ЗША.

- Гэта вырашальны момант. Напэўна, гэта найлепшы або нават апошні шанец вярнуць закладнікаў дадому, каб дасягнуць перамір'я. Гэта таксама час, каб пераканацца, што ніхто не робіць крокаў, якія сарвуць працэс. Мы працуем над тым, каб не было эскалацыі, правакацый або любых іншых дзеянняў, якія б перашкодзілі дасягнуць пагаднення.

Ізраільскія палітыкі ацанілі размовы як «пазітыўныя і праведзеныя ў добрай атмасферы». Паведамляецца, што Ізраіль прыняў кампрамісную прапанову, прадстаўленую ЗША, якая заклікана адказаць на патрабаванні як урада ва Іерусаліме, так і ХАМАС.

З Ізраіля Блінкен адправіўся ў сталіцу Егіпта Каір для далейшых перамоў. «Цяпер абавязак ХАМАС зрабіць тое ж самае», а потым абодва бакі пры дапамозе пасрэднікаў — ЗША, Егіпта і Катара — павінны дамовіцца аб працэсе выканання абавязацельстваў, узятых у рамках гэтага пагаднення, дадаў дзяржсакратар.  У Егіпце Блінкен сустрэўся з прэзідэнтам Абдэль-Фатахам Эль-Сісі, чыя краіна дапамагала пасрэднічаць у перамовах з ХАМАС на працягу некалькіх месяцаў разам з Катарам.  У перамір’і моцна зацікаўлены таксама прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які назваў спыненне вайны ў Сектары Газа адной з найважнейшых задач да заканчэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў.

- Я падрыхтаваў мірны дагавор для Сектара Газа. Мы працуем кругласутачна, каб не дапусціць пашырэння канфлікту, каб вызваліць закладнікаў, неадкладна накіроўваць гуманітарную дапамогу ў Газу і спыніць пакуты грамадзянскага насельніцтва сярод палесцінцаў, а таксама, нарэшце, спыніць агонь і спыніць гэтую вайну.

На дадзены момант вядома, што палесцінская ўзброеная групоўка ХАМАС канчаткова не адмаўляецца мірных прапаноў, але абвінавачвае Ізраіль у вядзенні нядобрасумленных перамоў. ХАМАС адхіліў апошнюю версію пагаднення ў нядзелю, адзначыўшы, што амерыканская прапанова занадта спрыяльная для Ізраіля.

Апроч ХАМАС кіраўніцтва ЗША, разам з лідарамі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Італіі ціснуць на Іран, які заявіў, што неўзабаве далучыцца да агрэсіі на Ізраіль. Джо Байдэн заявіў, што ЗША акажуць падтрымку Ізраілю ў выпадку атакі ды заклікаў Тэгеран «адступіць». Гаворыць амерыканскі іранскі карэспандэнт Польскага радыё Ян Паглоўскі.

- Амерыканцы заклікалі Іран перастаць пагражаць Ізраілю нападам, бо гэта будзе мець трагічныя наступствы для рэгіянальнай бяспекі. Іран абяцаў Ізраілю адпомсціць за нядаўнія забойствы лідараў груповак ХАМАС і Хізбала. Іранская атака мела мець месца на мінулым тыдні, але пакуль адкладзена. Амерыканцы працягваюць назіраць за рэгіёнам, і накіравалі на Блізкі Ўсход падводную лодку ўзброеную балістычнымі ракетамі ды прыспешылі прыбыццё авіяноснай групы ў рэгіён.

Апроч таго амерыканцы перасцерагаюць Іран ад узбройвання Расіі балістычнымі ракетамі малой далёкасці Fath-360. ЗША абяцаюць адказаць на рост напружанасці, заявіў журналістам прэс-сакратар Дзярждэпартамента Вэдан Патэль.

-  Мы гатовыя адказаць хутка і жорстка, калі Іран мае намер працягваць рыхтаваць ракетны напад, што, на нашу думку, будзе азначаць драматычную эскалацыю вайны Іранам.

Іран заяўляе, што не адмовіцца ад помсты, але пакуль не рашыўся на правядзенне аперацыі. Не ўдаецца амерыканцам і спыніць вайну ў Сектары Газа. ХАМАС сёння заявіў, што выходзіць з перамоў аб спыненні агню з Ізраілем.  Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен вядзе перамовы аб узнаўленне размоў. Ён у дзясяты раз за апошнія 10 месяцаў наведаў Блізкі Усход, дзе правёў перамовы з уладамі Ізраіля ды Егіпту.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч