Беларуская Служба

Эксперт: рана казаць, што Лукашэнка спрабуе аднавіць традыцыйную гульню паміж Расіяй ды Захадам

26.08.2024 15:32
Нядаўнія вызваленні палітвязняў у Беларусі былі ўспрыняты, як спроба рэжыму пачаць наладжваць адносіны з Захадам.
Аўдыё
  • Рэжым у Беларусі спрабуе ў чарговы раз маніпуляваць палітвязнямі
Кадр з прапагандысцкага матэрыялу беларускай тэлевізіі пра вызваленне палітвязняў Screenshot z Youtube-канал АТН

Аднак, сярод экспертаў пануе перакананне, што Лукашэнка ізноў спрабуе дэзынфармаваць заходніх палітыкаў. Беларусам жа рэжым высылае сігнал, каб не думалі пра супраціў і моўчкі пагадзіліся на тое, што Лукашэнка застанецца ля ўлады.

Другі раз за апошнія месяцы беларускі рэжым вызваліў палітвязняў. Дыктатар асабіста абвясціў пра памілаванне некаторых ахвяр палітычных рэпрэсій. Пры гэтым вызваленыя далёка не ўсе. На свабоду вышлі некалькі дзясяткаў чалавек, а ў турмах застаюцца тысячы. Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», на дадзены момант у Беларусі 1388 палітвязняў, толькі за мінулы месяц 170 чалавек былі асуджаныя па палітычных артыкулах. 

Апошнімі вызваленнямі рэжым у Беларусі хацеў бы паўтарыць схему з 2011-2012 гг, калі ўлады часовы спынілі рэпрэсіі, вызвалілі палітвязняў, а ўзамен атрымалі нармалізацыю адносін з Захадам. Аднак гэтым разам Расія не дазволіць Лукашэнку паўтарыць такі манеўр, перакананы наш аглядальнік палітолаг Павал Усаў.

- Рана казаць пра тое, што Лукашэнка спрабуе аднавіць традыцыйную гульню паміж Расіяй ды Захадам. Перш за ўсё трэба браць пад увагу той факт, што Беларусь не з’яўляецца цалкам самастойнай краінай. Расія ажыццяўляе кантроль за стратэгічнымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі. Беларусь пазбаўлена геапалітычнага манеўру, бо застаецца пад гібрыднай акупацыяй: на тэрыторыі краіны размешчаныя расійскія войскі ды расійская ядзерная зброя. У такіх умовах немагчыма казаць пра тое, што Лукашэнка зможа распачаць нейкую гульню без ведама Расіі.

Больш за тое, цяпер на Захадзе зусім няма даверу дыктатару. Заходнія эксперты не вераць у магчымасць дамовіцца з Лукашэнкам. Гаворыць эксперт Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве Каміль Клысіньскі.

-  Лукашэнка выказваўся пра дыялог з Польшчай у інтэрв’ю расійскай тэлевізіі, дзе заявіў, што палякі маюць у сваім ДНА мірнае суіснаванне з беларусамі, бо некалі былі разам у адным блоку, але ўрад Туска вядзе кепскую палітыку, з якай палякі не пагаджаюся. Адсюль у мяне пытанне: з кім Лукашэнка хоча размаўляць? З польскім народам, які хваліць, ці з урадам, з якім трэба весці размовы. Лукашэнка супрацьпастаўляе ўрад і польскае грамадства. Гэта не сведчаць пра жаданне дамовіцца. Больш за тое, беларускі бок ігнаруе польскія базавыя пастулаты: Анджэй Пачобут працягвае заставацца ў турме, забойца польскага жаўнера не выдадзены Польшчы, не бачна ніякіх падстаў да дыялогу, толькі лукашэнкаўскую дэзінфармацыю ды прапаганду. Пасля 2020-21-ых гадоў, у мяне прапалі ўсе сумневы пра магчымасць дамовіцца з Лукашэнкам. Ён цяпер зноў маніпулюе, паказваючы нібыта свае жаданне да дыялогу, але кепскі Захад не хоча. Гэта дэзінфармацыя, магчыма, узгодненая з Пуціным.

Першыя вызваленні – гэта частка падрыхтоўкі Лукашэнкі да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года, на якіх дыктатар плянуе «пераабрацца» і далей кіраваць краінай, зазначае Павал Усаў.

-  На дадзены момант Лукашэнка засяроджаны на правядзенні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Цяпер у працэсе падрыхтоўкі ён хацеў бы аднавіць палітычны кантракт з грамадствам. Лукашэнка імкнецца да таго, каб людзі ўспрымалі яго як адзінае неабходнае зло, з якім трэба пагадзіцца, бо інакш будзе вайна. За гэта дыктатар гатовы крыху аслабіць рэпрэсіі. Рэжым чакае, што большасць грамадства маўкліва пагодзіцца з існуючым станам рэчаў.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі