Беларуская Служба

У 2020-ым я атрымлівала інфармацыю пра парушэнні правоў без фільтраў, і не была да такога гатовая, — спецдакладчыца ААН Анаіс Марэн

17.09.2024 15:35
«Адліга» — не тое слова, калі гаворым пра сітуацыю з правамі і свабодамі чалавека ў Беларусі. Стабільна кепская сітуацыя стала катастрафічнай — у варшаўскай студыі Беларускай рэдакцыі Польскага радыё спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн (Anaïs Marin).
Аўдыё
  • Без фільтраў на маю пошту, у месенджар я атрымлівала інфармацыю пра раненні, расповеды, як катавалі падчас затрыманняў, сінякі, кроў. Я не гатовая была да такога, я палітолаг. Гэта сапраўды было цяжка.
 .
Анаіс Марэн.Фото: Radyjo.net

Анаіс Марэн займае пасаду гэтую пасаду з 2018-га года, сёлета мандат заканчваецца, і Савет па правах чалавека ўжо вывучае новыя кандыдатуры.

Важна адзначыць, што гэтая праца про-бона, гэта значыць без аплаты. Мы гаворым з Анаіс Марэн пра яе назіранні цягам шасці гадоў, што тычацца сітуацыі ў Беларусі.

Слухайце размову ў далучаным файле!

— Вы з 2012 года з'яўляецеся спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі. Перад вашымі вачыма былі і перыяд адлігі, і звышжорсткасць, што бачым зараз. За гэты час, якое ў вас склалася меркаванне аб стане правоў чалавека ў Беларусі? А пра тое, як улады краіны ставяцца да паняцця «правы чалавека»?

— Вы ведаеце, што і да 2020-га года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі была нездавальняючай. Таму Савет па правах чалавека ААН і стварыў гэты мандат у 2012годзе. Кал я ўступіла на пасаду, то не магла сабе ўявіць, наколькі ўсё будзе пагаршацца і сітуацыя стане катастрафічнай, так я ацэньвала яе падчас Генеральнай асамблеі ААН у кастрычніку 2020-га года. І не магла ўявіць сабе, наколькі яна будзе пагаршацца кожны год. Слова «адліга» не адпавядае, сітуацыя заўсёды была праблематычнай ва ўсіх сферах. Амаль усе правы чалавека, свабоды ігнаруюцца, і з вялікім цынізмам. Былі падпісаныя міжнародныя канвенцыі, але яны ігнаруюцца.

У сваім фінальным дакладзе, якія я буду прадстаўляць напрыканцы кастрычніка, буду гаварыць пра тое, наколькі ўрад ігнараваў самі канвенцыі. Якія падпісаў. Ёсць некалькі механізмаў у абароне правоў чалавека. Урад Рэспублікі Беларусь аддае перавагу ўніверсальным перыядычным аглядам, калі ўрады паміж сабою робяць рэкамендацыі ў духу канструктыўнага дыялогу. З маім мандатам прасілі, каб быў такі канструктыўны дыялог. Але мой мандат не прызнаюць і дыялогу не было ўвогуле. У сваім дакладзе я апісваю, што нават тыя рэкамендацыі, якія ўрад атрымаў у 2020-ым ад розных краін свету — больш за 200 рэкамендацый — ігнаруе далей, нічога не робіцца, каб эфектыўна прымяняць міжнародныя прынцыпы правоў чалавека, усе гэтыя абавязкі, якія ўскладзеныя на ўрад Рэспублікі Беларусь, раз яна падпісала міжнародныя канвенцыі.

— Як мяркуеце, чаму ўлады Беларусі занялі такую пазіцыю? Можна было б кропкава выканаць нейкія рэкамендацыі, адсправаздачыцца і атрымаць плюсы за гэта ў публічнай прасторы.

— Думаю, ёсць неразуменне, што ў ААН азначаюць гэтыя канвенцыі. У некаторай меры, думаю, урад Беларусі не разумее правы чалавека, наколькі яны важныя. І ўсё ўспрымаецца як пагроза для асабістай улады дзейснага прэзідэнта, які ва ўладзе ўжо трыццаць гадоў. Усё ўспрымаецца як экстрэмізм, гэта паказальна. На такой аснове не можна нічога рабіць. Калі людзі прымяняюць свае правы на свабоду меркванняў, свабоду асацыяцый, мірных сходаў — гэта ўсё ў Беларусі разглядаюць як пагрозу для ўлады. Таму ідзе тое, што я называла летась «зачысткаю» грамадзянскай супольнасці. Аграмадная колькасць арганізацый, асацыяцый былі ліквідаваныя.

— Ці можаце пракаментаваць, якія цяпер найбольш важныя выклікі ў сферы правоў чалавека для нашага рэгіёна ў сувязі з тым, што маем тут рэжым Лукашэнкі, а ва Украіне ідзе вайна?

— У Беларусі парушаюцца ўсе правы чалавека. Тое, што тычыцца міграцыйнага крызісу ці саўдзелу Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны, гэта не цэнтральная частка маёй работы як спецдакладчыка. Таму што ёсць рэзалюцыя Савета па правам чалавека і не ўвойдуць у яе, напрыклад, гуманітарныя праблемы. Існуюць іншыя мандаты, звязаныя з так званым правам вайны. І калі іншыя ўрады задаюць мне цяпер пытанні наконт удзелу ўладаў Беларусі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, да майго мандата ў Жэневу ў офіс вярхоўнага камісара па правам чалавека не паступала доказаў і нават скаргаў па гэтым кейсам. І трэба разумець, што ў нас нават няма рэсурсаў, каб расследаваць гэтыя прэтэнзіі.

Мая задача — фіксаваць парушэнні міжнароднага права, правоў чалавека, тыя канвенцыі, якія Беларусь падпісала ды ігнаруе.

— Ці можаце назваць, якія перыяды былі для вас найбольш складанымі? 2020-ты? Ці пазней? Таму што 2020 год быў вельмі эмацыйным, былі масавыя пратэсты і сапраўдныя сведчанні жорсткасці, напрыклад, з боку дзяржавы. Але і 2021-ы быў няпростым годам са мноствам кейсаў парушэнняў правоў чалавека ў краіне. Зрэшты, працэс не спыняецца.

— Так, 2020-ты сапраўды быў цяжкім. Нагадаю, гэта яшчэ быў час ковіду, мы сядзелі дома, я з дзецьмі пасля разводу. Гэта было не вельмі проста. І тут паступіла столькі візуальных доказаў такіх парушэнняў, якія я не гатовая была бачыць.

Без фільтраў на маю пошту, у месенджар я атрымлівала інфармацыю пра раненні, расповеды, як катавалі падчас затрыманняў, сінякі, кроў. Я не гатовая была да такога, я палітолаг. Гэта сапраўды было цяжка.

З мая 2020-года адбылося больш за 60 тысяч адвольных затрыманняў. Так, большасць людзей прайшлі праз 10-15 сутак, але ў 2021-ым годзе пачалі прымяняць артыкулы крымінальнага кодэкса, каб праследаваць тых людзей, хто выкарыстоўваў свае правы чалавека.

Рэтраспектыўна, калі мы глядзім на гэтыя моманты, то ў 2020-ым людзі выходзілі на вуліцу, была надзея, што нешта зменіцца. Я не бачыла столькі бел-чырвона-белых сцягоў, як у той час. Было столькі надзеі, і смутна, што сітуацыя становіцца горш і горш. Я бачу 2021 год часам, калі знішчалі грамадзянскую супольнасць, арганізацыі праваабаронцаў, журналістаў, СМІ, адвакатаў, палітычныя партыі, пазней прафсаюзы. Усё нагадвае раман Оруэла «1984», я давала яго чытаць студэнтам ва ўніверсітэце. Сітуацыя ў Беларусі вельмі падобная да гісторыі гэтай кнігі.

Але самы страшны год — гэта цяпер.

Больш за паўтара года няма навін пра некаторых палітвязняў, якіх трымаюць у сітуацыі інкамунікада. Як мы ведаем, спадар Навальны памёр у такіх умовах. Гэтыя ўмовы нечалавечныя, гэта можа азначаць, што ў Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта сур’ёзна. Калі верыць інфармацыі, якую мы маем, то Марыя Калеснікава важыць 45 кг, Алесь Бяляцкі стаў амаль сляпым, бо ўвесь час гарыць святло ў камеры, і не даюць прайсці медагляд. Гэта толькі некаторыя прыклады.

Шэсць гадоў валантарыята для мяне без святла напрыканцы тунэлю — гэта складана, ізноў паўтараць рэчы, пра якія я казала, і нічога не робіцца, нічога не адбывацца — і на міжнародным узроўні, і ўнутры краіны. Людзі сядзяць, людзі пакутуюць, людзі ў эміграцыі, кожны дзень выязджаюць з Беларусі, бо там не жыць. Хто выйшаў з турмы, таксама не застаецца, з’язджае, бо прыходзяць да іх родных.

— Чаму важна захоўваць мандат спецдакладчыка ў ААН па Беларусі?

— Мандат быў створаны ў адказ на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі ў звязку з падзеямі 19 снежня 2010 года. У 2012 годзе быў створаны гэты мандат на аснове рэзалюцыі з боку ААН, Савета па правам чалавека, якія ўрад Беларусі ігнаруе, не супрацоўнічае з маім мандатам, я заўсёды была неўяздная ў краіну. Заўсёды быў прынцыповы падыход з боку ўладаў Беларусі не супрацоўнічаць з гэтым мандатам. Бо яны мяркуюць, што мандат палітызаваны, селектыўны — чаму мы? паглядзіце, што ў Францыі робіцца. Заўсёды чуем такія спробы апраўдацца, хаця рэкамендацыі, зробленыя 12 гадоў таму, засталіся на паперы, на практыцы нічога не было выканана, хаця была магчымасць, калі, напрыклад, была канстытуцыйная рэформа (Рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе, — рэд.). Таму правільна, што застаецца гэты механізм.

Сітуацыя ў 2020-ым годзе была настолькі сур’ёзная, што Савет па правам чалавека ААН стварыў яшчэ адзін мандат, так званы мандат адказнасці, каб расследаваць тыя парушэнні, якія адбыліся ў кантэксце і пасля выбараў 2020-га года. Гэты мандат таксама штогод працягваюць. І штогод падчас сесіі Генеральнай асамблеі ААН, падчас сесіі Савета па правам чалавека, ёсць час гаварыць пра сітуацыю ў Беларусі.

Насамрэч не так шмат краін у свеце могуць скарыстацца такой увагай. Краінавыя мандаты спецдакладчыкаў маюць 15 краін, гэта Іран, Паўночная Карэя. Ужо год існуе мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Расійскай федэрацыі. Ёсць, на жаль, шмат краін, якія разглядаюць правы чалавека як унутраныя справы. І канвенцыі, якія яны самі падпісалі, парушаюць, але цынічна гавораць, што ўсё ў парадку.

— Што б вы параілі ці пазычылі свайму пераемніку, чалавеку, які прыйдзе на ваша месца?

— Удачы! Незалежнасць — важны аспект у нашай працы, які ацэньваецца нават нашымі «ворагамі»  некаторымі краінамі, якія думаюць, што мы шукаем толькі негатыўныя аспекты, недаацэньваем прагрэс. Але калі не супрацоўнічаюць, то і не паведамляюць, што робіцца ці не робіцца ў краіне. Калі прызначаецца спецдакладчык, мяркуецца, што ён будзе непрадузяты, аб’ектыўны. Гэтыя якасці чакаюцца.  Ніхто не мае права ўплываць на носьбіта мандата спецпрацэдур. Таму я не буду даваць ніякіх парад, але, калі гэты чалавек захоча са мной пракансультавацца,  буду радая дапамагчы, перадаць архівы, якія маю. Чалавек будзе на гэтай пазіцыі, бо ён прафесійны. Ён будзе выконваць сваю працу прафесійна і незалежна.

Гэта будзе іншы чалавек, можа быць, менш эмацыйны за мяне. Спадзяюся, ён будзе з вялікім дыпламатычным досведам, бо перамовы ідуць заўсёды, і трэба ведаць, як арыентавацца не толькі ў сістэме ААН, але і ў розных міжнародных арганізацыях.

І таксама, згодна з рэзалюцыяй, мы павінны імкнуцца наладзіць кантакт у ўладамі Рэспублікі Беларусь, неяк пераканаць іх, што гэта ў інтарэсах рэспублікі, у інтарэсах беларусаў, каб урад супрацоўнічаў з ААН, пачуў нашыя рэкамендацыі. Гэта вельмі складаная задача, асабліва калі чалавек неўяздны, яго ўспрымаюць як ворага. Таму ўдачы!

вх