Беларуская Служба

Павялічваецца роля Польшчы на міжнароднай арэне

03.10.2024 07:21
Пра гэта казалі прадстаўнікі польскай улады падчас Варшаўскага форуму бяспекі.
Аўдыё
Warsaw Security Forum 2024.
Warsaw Security Forum 2024. Ілюстрацыйны здымакPAP/Albert Zawada

Варшаўскі форум бяспекі, прысвечаны выклікам міжнароднай бяспекі

Warsaw Security Forum — гэта штогадовая міжнародная канферэнцыя, якая арганізуецца з 2014 года з мэтай абмену досведам і поглядамі ў сферах палітыкі бяспекі краін-членаў НАТА, Еўрапейскага саюза ды іх партнёраў. У форуме ўзяла ўдзел лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.

Варшаўскі форум бяспекі – гэта мерапрыемства, якая сабрала 2000 чалавек з 90 краін свету ў польскай сталіцы. Сярод гасцей ды ўдзельнікаў - прадстаўнікі дзяржаў, амбасадары, палітыкі ды эксперты па міжнародных справах і бяспецы. Адкрываючы канферэнцыю прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуў увагу на тое, што форум стаў месцам выпрацоўкі адказу на расійскую агрэсіўную палітыку.

- Роля нашай краіны павялічваецца на міжнароднай арэне. Бяспека Польшчы, Еўропы ды свету – сёння найважнейшыя пытанні для нас. Пагрозы для нас павялічыліся тры гады таму. У рэгіёне вырасла напружанне, прычына – расійская вайсковая агрэсія супраць Украіны. Хаця пачаткі гэтай агрэсіўнай палітыкі мелі месца ў 2014-м годзе. З таго часу падчас форуму стаў месцам дыскусіі над тым, як стрымаць расійскую агрэсію.

У сваю чаргу віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш звярнуў увагу на неабходнасць выпрацоўкі комплекснага падыходу да пытанняў бяспекі.

- У святле вайны, якая працягваецца ў Еўропе і яе рэгіянальных і глабальных наступстваў, мы павінны ўдзельнічаць у дэбатах аб агрэсіўнай палітыцы Расіі. Важна падкрэсліць, што магчымы распад незалежнай Украіны меў бы катастрафічныя наступствы. Такі сцэнар, хутчэй за ўсё, надасць смеласці не толькі Пуціну ў Еўропе, але і іншым рэжымам па ўсім свеце дамагацца сваіх мэт з дапамогай ваеннай сілы. Важным элементам нашай дыскусіі павінна стаць забеспячэнне міжнародных гарантый бяспекі для Украіны, якая тэрмінова патрабуе нашай падтрымкі.

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што трэба працягваць усе ініцыятывы і задачы па забеспячэнні бяспекі. Ён згадаў пра рэалізацыю рашэнняў самітаў НАТА ў Мадрыдзе, Вільні і Вашынгтоне, якія прысвечаны пытанням стрымлівання і абароны.

- Еўрапейскі саюз адаптуецца да новага міжнароднага асяроддзя бяспекі, што асабліва бачна ў яго пашыранай падтрымцы Украіны, у тым ліку ў ваеннай сферы. Абаронная прамысловасць нашых краін павінна адаптавацца да надзвычайных патрабаванняў, павялічваючы вытворчасць ваеннага прызначэння, асабліва ў галіне боепрыпасаў і сродкаў самаабароны. Трэба памятаць, што будучую ролю Еўрасаюза ў бяспецы трэба ацэньваць у кантэксце NATO. У тым ліку праз развіццё еўрапейскага абароннага патэнцыялу, які павінен быць накіраваны на ўмацаванне калектыўнай абароны

Польскія ўрадоўцы казалі пра тое, польская абаронная палітыка грунтуецца на трох прынцыпах: міжнароднае супрацоўніцтва, мадэрнізацыя польскіх узброеных сілаў і стварэнне сацыяльнага супраціву агрэсару. Як краіна, якая мяжуе з варожымі рэжымамі ў Маскве і Мінску, Польшча павінна хутка нарасціць аператыўныя магчымасці сваіх узброеных сіл за вельмі кароткі час. Падчас форуму было абвешчана, што што агульныя выдаткі Польшчы на абарону ў гэтым годзе складуць 4,2% ВУП, а ў наступным — 4,7%. Гэта з'яўляецца ключавым элементам польскай стратэгіі стрымлівання патэнцыйнага агрэсара.

Падчас Варшаўскага форуму па бяспецы выступіла таксама Святлана Ціханоўская. Яна прамаўляла падчас дыскусійнай панэлі «Робім больш гучнымі жаночыя галасы ў пытаннях бяспекі і абароны», якую зладзіла арганізацыя Women in International Security у рамках Warsaw Security Forum.

Падчас свайго выступу Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларускія жанчыны наглядна паказалі свету сваю непахісную сілу, мужнасць і гатоўнасць адстойваць правы і свабоды нават у самых складаных умовах.

- Адна з рэчаў, якую я даведалася пра жанчын, заключаецца ў тым, што мы цудоўна спраўляемся з некалькімі справамі адначасова. Мы змагаемся за свабоду, выхоўваем дзяцей, падтрымліваем свае сем'і і аб'ядноўваем супольнасці. Мы можам сумяшчаць пратэст у адной руцэ – і трымаць дзіця другой! Гэта тое, што робіць нас унікальнымі. Але справа не толькі ў шматзадачнасці. Жанчыны прыўносяць тое, чаго часта не хапае ў палітыцы: эмпатыю. Мы ўмеем слухаць, разумець чужы боль і аб'ядноўваць людзей. Я ганаруся кожнай з вас.

Менавіта жанчыны выступілі ў Беларусі лідаркамі пратэстнага руху і супрацьстаялі ўзброеным сілавікам, не маючы нічога, акрамя смеласці і жадання справядлівасці. Такія жанчыны, як Марыя Калеснікава, Кацярына Андрэева і Паліна Шарэнда-Панасюк працягваюць змагацца нават з-за кратаў.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл ўзяла ўдзел у Warsaw Security Forum — гэта штогадовая міжнародная канферэнцыя, якая арганізуецца з мэтай абмену досведам і поглядамі ў сферах палітыкі бяспекі краін-членаў НАТА, Еўрапейскага саюза ды іх партнёраў. 

Юры Ліхтаровіч