Беларуская Служба

Прапагандыстка зарабіла ў Польскім тэлебачанні 27 мільёнаў за крытыку апанентаў «Права і справядлівасці»

07.10.2024 16:40
Выданне адзначае, што перадача Аніты Гаргас уваходзіла ў лік так званых «місійных праграм», якія павінна рыхтаваць грамадскае тэлебачанне.
    .
Будынак Польскага тэлебачання ў Варшаве. Фота: Wikimedia Commons/Kocio - Own work/CC BY 3.0

Gazeta Wyborcza піша, што журналістка Польскага тэлебачання Аніта Гаргас (Anita Gargas) атрымала звыш 27 мільёнаў злотых (больш за 6 млн 340 тыс долараў ЗША) за свае перадачы ў рубрыцы «Следчая журналістыка», якія рэгулярна ішлі на TVP цягам усяго перыяду кіравання папярэдняй улады – кааліцыі з партыяй «Права і справядлівасць» на чале (ПіС). У большасці праграм аўтары нападалі на палітычных апанентаў тагачасных уладаў.

У рукі жураналістаў GW трапілі ўнутраныя бухгалтарскія дакументы TVP, якія сведчаць, што Аніта Гаргас, як пастаўшчык праграм, за сем гадоў атрымала ад грамадскага тэлебачання крыху больш за 27 мільёнаў 25 тысяч злотых. «З верасня 2016 г. па снежань 2023 года TVP выпусціла ў эфір 294 перадачы, што дае ў сярэднім амаль 92 000 злотых за серыю», – паведамляе штодзённік. Паводле звестак выдання, сума, якую журналістка атрымлівала, з цягам часу расла.

Штодзёнка задаецца пытаннем, ці больш за 90 тысяч злотых за адну перадачу – гэта шмат? «Можна сказаць, што гэта ў рамках стандарту. Аднак, як кажуць нашы крыніцы ў цяперашнім Польскім тэлебачанні, гэта была толькі так званая «фіксаваная» частка выдаткаў. Насамрэч, з пункту гледжання тэлебачання, праграма прапагандыстаў была значна даражэйшай», – піша на першай паласе GW.

Выданне адзначае, што перадача Аніты Гаргас уваходзіла ў лік так званых «місійных праграм», якія павінна рыхтаваць грамадскае тэлебачанне. А мішэнню крытыкі часцей за ўсё былі муніцыпальныя органы, між іншым, мэр Гданьска Павел Адамовіч (якога пазней зламыснік забіў нажом), у агонь крытыкі трапляў таксама мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, а часцей за ўсё даставалася Дональду Туску.

нг