Падпалены грузавік пад Варшавай, небяспечныя пажары на складзе ў Вялікай Брытаніі і ў аэрапорце ў Нямеччыне з'яўляюцца – як піша ў пятніцу Gazeta Wyborcza – расійскімі дывэрсіямі. Інфарматары выдання сцвярджаюць, што расійскія спецслужбы перасякаюць чарговыя чырвоныя ліні, нават пагражаючы авіякатастрофай.
Выданню Gazeta Wyborcza стала вядома пра першыя вынікі расследавання, якое на працягу трох месяцаў вялося Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы і Мазавецкім аддзелам Нацыянальнай пракуратуры, які спецыялізуецца на пераследзе расійскіх шпіёнаў і дыверсантаў.
«Гэта найбольш небяспечны прыклад расійскай дыверсіі, выяўлены ў Польшчы. Расійская дыверсійная дзейнасць ўвайшла ў новую фазу. Гаворка ідзе ўжо не пра падпал крамаў і фабрык, а пра пагрозу авіякатастрофы», — тлумачаць інфарматары газеты.
«Кітайская электрамасажная падушка, касметыка і эратычныя прылады — змесціва чатырох пасылак, адпраўленых у сярэдзіне ліпеня 2024 года з Вільні, не выглядала падазроным. Дзве пасылкі прайшлі дэталёвы агляд у аэрапортах — супрацоўнікі іх адсканавалі і ўскрылі. Не знайшлі засцерагальнік, схаваны ў падушцы, і лёгкаўзгаральныя рэчывы ў касметыцы», - паведамляе Gazeta Wyborcza.
Адна з пасылак нібыта стала прычынай пажару на базе транспартнай кампаніі ў Пясечне, каля Варшавы, дзе згарэў паўпрычэп грузавіка. Напярэдадні такая пасылка выбухнула ў аэрапорце Лейпцыга, непасрэдна перад загрузкай у самалёт.
Польскія следчыя супрацоўнічаюць са спецслужбамі Літвы, Германіі і Вялікабрытаніі. Паводле звестак выдання, плануецца стварэнне міжнароднай следчай групы — праца над гэтым працягваецца. Крыніцы выдання падкрэсліваюць, што справа надзвычай сур'ёзная.
эж