Нацыянальная пракуратура абвінавачвае ў махлярстве 41 расійскага медыка і генетыка, якія даследавалі і апазналі целы 60 ахвяраў смаленскай катастрофы, паведамляе «Gazeta Wyborcza». Следчыя паведамляюць, што дасланая з Расіі дакументацыя ўтрымлівала шмат памылак, а пратаколы былі няпоўнымі, незразумелымі і супярэчлівымі.
Расследаванне з 2017 года вядзе Нацыянальная пракуратура Польшчы. Яно было ініцыяванае пасля таго, як годам раней былі выяўленыя шматлікія парушэнні пры ідэнтыфікацыі і даследаванні цел ахвяр катастрофы. У гэты час праводзілася эксгумацыя ахвяр.
Пракуратура палічыла, што расіяне апісалі ў дакументацыі дзейнасць, якой насамрэч не займаліся. Таксама былі прадстаўлены неіснуючыя траўмы, а пашкоджанні, якія маюць істотнае значэнне для расследавання, былі неапісаныя.
Усяго, як падазрае Нацыянальная пракуратура, учынена 63 злачынствы. Абвінавачванні тычацца перашкодаў у ходзе расследавання і засведчання няпраўды ў дакументах, якія маюць юрыдычнае значэнне. Згодна з працэдурай, расійскія медыкі цяпер афіцыйна у статусе падазраваных. Далей ім павінны выставіць абвінавачанне і дапытаць іх у якасці падазраваных.
«Gazeta Wyborcza» паведамляе, што пракуратура накіравала ў Расію адпаведныя дакументы, але гэтая краіна паслядоўна ігнаруе ўсе польскія запыты адносна смаленскай катастрофы. Такім чынам, інфармацыі аб тым, ці былі дапытаныя падазраваныя і прад'яўленыя абвінавачанні, няма.
ав