Беларуская Служба

Польскія танкі на Дняпры. Зліты план Д. Трампа па Украіне

07.11.2024 16:02
За захаваннем перамір'я будуць сачыць міжнародныя войскі, і тут у падрыхтоўцы мірнага плана, які цытуе WSJ, вызначаецца роля, якую будуць адыгрываць Польшча і іншыя еўрапейскія краіны.
Ілюстрацыя PAP/EPA/MAST IRHAM

Рашучая перамога Дональда Трампа на выбарах у аўторак, 5 лістапада,  прымушае спекуляваць аб тым, як ён мае намер пакласці канец вайне ва Украіне, якая доўжыцца больш за два з паловай гады. Тым больш, што ў запале выбарчай кампаніі амерыканскі палітык хваліўся, што зробіць гэта за «24 гадзіны», чытаем на польскім партале forsal.pl.

І не прайшло і дня пасля перамогі, а ўжо з'яўляюцца першыя ўцечкі ў СМІ з боку дарадцаў Дональда Трампа, якія спрабуюць перавесці перадвыбарныя заявы свайго лідара ў канкрэтныя рэчы. Аднаго з іх цытуе Wall Street Journal, які пагутарыў з супрацоўнікамі будучай адміністрацыі Белага дома. На іх думку, справа простая.

Адна з версій плану Трампа прадугледжвае неадкладны пачатак перамоў паміж Украінай і Расіяй, але на самым пачатку ахвяра павінна будзе пагадзіцца на саступкі агрэсару. Расія захавала б ужо акупаваныя тэрыторыі, а ваенныя дзеянні былі б прыпыненыя па ўсёй лініі фронту. Па абодва бакі фронту неабходна стварыць шырокую дэмілітарызаваную зону. Недатыкальнасць гэтай дэмаркацыйнай лініі таксама гарантавалі б ЗША. За захаваннем перамір'я будуць сачыць міжнародныя войскі, і тут у падрыхтоўцы мірнага плана, які цытуе WSJ, вызначаецца роля, якую будуць адыгрываць Польшча і іншыя еўрапейскія краіны.

— Мы не будзем пасылаць амерыканцаў трымаць мір ва Украіне і не будзем за гэта плаціць. Давайце папросім аб гэтым палякаў, немцаў, брытанцаў і французаў, —  сказаў газеце адзін з паплечнікаў абаранага прэзідэнта ЗША.

У абмен на такія «саступкі» з боку РФ, ЗША пагадзіліся б не прымаць Украіну ў НАТА як мінімум бліжэйшыя 20 гадоў, але маглі б даваць ёй зброю, каб у выпадку, калі Расія раптам перадумае і зноў нападзе, краіне было чым абараняцца. Пры гэтым суразмоўцы WSJ падкрэслілі, што Дональд Трамп яшчэ не прыняў канчатковага рашэння, і яно наступіць «у апошні момант».

Злітыя амерыканскія прапановы таксама могуць быць разлічаны на  праверку, як на іх адрэагуе свет, пра іх ужо выказаліся прадстаўнікі Расіі. З гэтай нагоды выказаўся, у тым ліку, прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

— Калі вы памятаеце, мы неаднаразова казалі, што ЗША здольныя дапамагчы спыніць гэты канфлікт. Зразумела, гэта немагчыма зрабіць адразу, — сказаў Пяскоў на прэс-канферэнцыі ў сераду, 6 лістапада.

У той жа час расійскія прапагандысты паведамляючы аб новых мірных прапановах, нагадваюць, што У. Пуцін выключае любыя перамовы, пакуль украінскія войскі не пакінуць тэрыторыю Курскай вобласці РФ. 

Перамога Дональда Трампа выклікала значнае ажыўленне ў еўрапейскай палітыцы. Раптам усё гучней загаварылі пра неабходнасць больш моцнай інтэграцыі ўзброеных сіл краін ЕС і больш цеснага ваеннага супрацоўніцтва.

эж