Беларуская Служба

«Польшча даўно стала для Расіі стратэгічна важным пунктам у Еўропе». Расійскія і беларускія агенты ў Польшчы

12.11.2024 11:32
Расія не кіруецца нейкай ідэалогіяй, ёй важна пашыраць свой уплыў. Таму Крэмль імкнецца ўступаць у кантакты з экстрэмісцкімі палітычнымі коламі, успрымальнымі да наратыву пра нібыта «знішчэнне Захаду» лібералізмам.
ІлюстрацыяStokkete/Shuttestock

У іх па некалькі пашпартоў, старанна падрыхтаваная «легенда» і кампанія ў Лодзі. Пра шпіёнаў беларускага рэжыму ў Польшчы піша Onet са спасылкай на Rzeczpospolita. Аўтар апісвае гісторыю агентаў, якія прыехалі ў Польшчу разам з уцекачамі з Беларусі і пачалі сачыць за беларускай апазіцыяй.

Дзмітрый П. і Максім К. праніклі ў асяроддзе беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Незалежныя журналісты Беларускага цэнтра расследаванняў пры падтрымцы кіберпартызан (групы хакераў, апазіцыйных рэжыму) выйшлі на след двух беларускіх грамадзян, якія выдавалі сябе за апазіцыянераў.

Агенты былі завербаваныя беларускімі службамі пасля масавых пратэстаў у 2020 і 2021 гадах, а затым, разам з палітычнымі бежанцамі з Беларусі яны трапілі ў Польшчу. Іх задача – сачыць за актывістамі беларускай апазіцыі, у тым ліку Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам.

Чым займаліся ў Польшчы Дзмітрый П. (насамрэч Юрый К.) і Максім К. (на самой справе Міхаіл П.). Яны - партнёры фірмы «А» ў Лодзі. Кампанія была заснаваная дыстанцыйна з Беларусі», — піша выданне. Чым займаецца фірма, якое яе абарачэнне? Інфармацыі пра гэта няма. Выглядае як падстаўная кампанія.

Шпіёны перасякалі мяжу Польшчы па гадавой працоўнай візе, аформленай у консульстве ў Гродне. Яны шмат разоў ездзілі ў Беларусь і вярталіся, дзякуючы рэгістрацыі фірмы ў Лодзі яны атрымлівалі працоўныя візы ў Польшчу і права на часовае пражыванне, а фірма давала магчымасць легальнага прабывання ў Польшчы. Выданне адзначае - невядома, ці мужчыны надалей знаходзяцца ў Польшчы.

 

Працяг тэмы шпіёнаў, але на гэты раз расійскіх. Кніга Гжэгажа Жэчкоўскага «Шпіёны Пуціна. Як крамлёўцы захопліваюць Польшчу» (Grzegorz Rzeczkowski „Szpiedzy Putina. Jak ludzie Kremla opanowują Polskę”) выклікае моцныя эмоцыі. Аўтар уздымае пытанне ўплыву Расіі на польскую палітыку і эканоміку.

У выданні Dziennik.pl Жэчкоўскі тлумачыць, што мэта ягонай кнігі — паказаць, наколькі некаторыя групы і інстытуты ў Польшчы могуць знаходзіцца пад уплывам Крамля. Паводле яго слоў, «Польшча даўно стала для Расіі стратэгічна важным пунктам у Еўропе». Сувязі не абмяжоўваюцца палітычнымі коламі, гэта таксама бізнес і грамадскія арганізацыі, якія могуць дзейнічаць як агенты ўплыву. Раней не было дзейснай рэакцыі службаў, якія павінны былі адсочваць замежны ўплыў. Многія людзі, звязаныя з Расіяй, маглі працаваць у Польшчы без перашкод на працягу многіх гадоў.

Адной з вядомых спраў была справа Томаша Л., які працаваў у варшаўскіх дзяржструктурах, меў доступ да асабістых дадзеных многіх палякаў. Некаторыя стараліся паказаць сувязі агента з уладамі Варшавы, тым часам з'явіліся доказы яго ранейшых сувязяў з дзеячамі партый, якія знаходзяцца ў апазіцыі да варшаўскіх уладаў. Гэта прыклад, як Расія стараецца ўзмацняць ўнутраныя канфлікты і маніпуляваць палітычнымі настроямі ў Польшчы.

Жэчкоўскі адзначае, што Расія не кіруецца нейкай ідэалогіяй, ёй важна пашыраць свой уплыў. Таму Крэмль імкнецца ўступаць у кантакты з экстрэмісцкімі палітычнымі коламі, успрымальнымі да наратыву пра нібыта «знішчэнне Захаду» лібералізмам. Гэта можа падабацца палітыкам правага напрамку. Такія групоўкі, хоць і выглядаюць непрыязнымі да Расіі, парадаксальным чынам імкнуцца аслабіць Еўрасаюз, што адпавядае інтарэсам Крамля.

Жэчкоўскі кажа, што нагляд за спецслужбамі ў Польшчы гадамі быў занядбаны, што прывяло да іх аслаблення. Польшча з'яўляецца важным транзітным пунктам для зброі, якая адпраўляецца ва Украіну, таму яна павінна ўмацоўваць свае абарончыя структуры, а не аслабляць іх.

Аўтар папярэджвае, што ў часы хаосу і дэзінфармацыі Расія будзе выкарыстоўваць любую магчымасць, каб распаліць недавер паміж саюзнікамі, у тым ліку Польшчай і ЗША. На думку аўтара, Расія мае доўгатэрміновую стратэгію ўплыву ў Польшчы, у прыватнасці, сканцэнтраваную вакол крайне правых груп і іншых груп, якія паддаюцца расійскаму ўплыву. Важна захаваць незалежнасць і эфектыўнасць спецслужбаў, а таксама пільнасць супраць спроб расійскай дэзінфармацыі.

нг