Беларуская Служба

Польшча робіцца донарам бяспекі ў Еўропе

12.11.2024 17:12
Пасля васьмі год падрыхтоўкі ў Польшчы пачынае дзейнічаць база супрацьракетнай абароны ў рамках НАТА. Пабудаваная вайсковая інфраструктура мае важнае значэнне для бяспекі ўсяе Еўропы.
Аўдыё
  • У Польшчы адкрываецца база супрацьпаветранай абароны НАТА
Амерыканскія салдаты на базе ў РэдзіковаAdam Warżawa /PAP

13 лістапада запланавана адкрыццё амерыканскай базы супрацьракетнай абароны Aegis Ashore ў польскім мястэчку Рэдзікова. Пра гэта адным з першых паведаміў Polsat News кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Севера. Адмысловец патлумачыў, што ідзецца пра базу ВМС ЗША, якая падпарадкоўваецца Еўрапейскаму камандаванню ЗША ды НАТА. База амерыканская, але яна будзе выконваць задачы трансатлантычнай абароны, патлумачыў Яцэк Севера.

База ў Рэдзікове з'яўляецца ключавым элементам амерыканскага Еўрапейскага паэтапнага адаптыўнага падыходу (EPAA) і з'яўляецца часткай інтэграванай сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны Альянса. Яе аператыўная гатоўнасць была пацверджана падчас ліпеньскага саміту НАТА у Вашынгтоне, пасля чаго генеральны сакратар Альянсу Енс Столтэнберг абвясціў, што база гатовая пачаць місію.

Брыгадны генерал Томаш Дрэўняк, былы камандуючы ВПС ды інспектар ВПС патлумачыў, як цяпер будзе дзейнічаць гэтая сістэма.

- Супрацьракетны шчыт складаецца з некалькіх элементаў. Першы элемент – спадарожнікі, якія маюць рэгіструюць момант пуску балістычнай ракеты. Другі – радар, які адсочвае траекторыю ракеты, ён знаходзіцца ў Турцыі. Яшчэ ёсць дзве сістэмы з антыракетамі, адна месціцца ў Румыніі, а другая – Рэдзікове ў Польшчы. У Польшчы месцяцца радары і ракеты. Уся сістэма працуе так, каб стварыць антыбалістычны купал над нашай часткай Еўропы.

Будаўніцтва базы ў Рэдзікове пачалося 2016-м годзе, яшчэ раней – у 2008 годзе Польшча падпісала з ЗША дамову аб намерах. Як гэта было згадвае міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які нагадаў, што стварэнне базы ў Рэдзікове стала вынікам шматгадовых дзеянняў розных польскіх урадаў.

-   Я маю асабістае задаваленне, бо 20 жніўня 2008-га года, я падпісаў дамову з дзяржасакратаром Кандалізай Райс пра размяшчэнне элементаў супрацьракетнага шчыта ў Польшчы. Перамовы лёгкімі не былі, але завяршыліся карыснай дамовай  для Польшчы. Шмат разоў я казаў у размовах з замежнымі партнёрамі, што ў справах бяспекі ды замежнай палітыкі, сярод польскіх эліт ёсць згода.

Вельмі задаволены з адкрыцця базы і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Палітык зазначыў, што гэта праява таго, што Польшча стала поўнапраўным чальцом вольнага свету, суверэнным сябрам НАТО і Еўрапейскага Саюза, і з'яўляецца краевугольным каменем гэтых альянсаў.

-   Сёння Польшча незалежная краіна, удзельніца міжнародных саюзаў, і ў першую чаргу вялікай супольнасці бяспекі – Паўночнаатлантычнага альянсу на чале с ЗША. Мы самі ўдзельнічаем у стваранні ды ўтрыманні гэтых саюзаў, як Бухарэсцкая дзевятка ў рамках НАТА, ці супраца рэгіёну Трох мораў у рамках ЕС.

Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што база супрацьракетнай абароны ў Рэдзікове, пабудаваная ў Польшчы, стала доказам трываласці польска-амерыканскага саюзу.

-   У выніку дамоўленасцяў саміту ў Вашынгтоне з ліпеня бягучага году, тут дзейнічае ўвесь Альянс. Гэта адбываецца ў Польшчы. Мы хочам размаўляць з кіраўніцтвам Альянсу наконт пашырэння радыусу дзеяння шчыта. Для нас важна тое, што мы маем добрыя кантакты і з дэмакратамі ды рэспубліканцамі.

Больш за тое, адкрыццё базы – гэта сведчанне таго, што Польшча становіцца правайдарам бяспекі ў Еўропе, сказаў Польскаму радыё дэпутат ад руху «Польшча 2050 – Трэці шлях» Пётр Страх.

-   Усходні фланг НАТО стаў цяпер вельмі важным. Альянс развіваецца ды ўмацоўваецца, прысутнічае на поўдні Еўропы, у Афрыцы. Аднак у сітуацыі, калі вырасла пагроза з боку Расіі, значэнне менавіта Усходняга флангу павялічылася. Польшча стала правайдэрам бяспекі для Альянсу. Польская авіяцыя патрулюе паветраную прастору краін Балтыі, Славакіі. База супрацьракетнай абароны ў Польшчы інтэграваная з устаноўкамі ў іншых краінах. Гэта дэманстрацыя актыўнасці Альянсу на Усходнім флангу: ад Фінляндыі ажно па поўдзень Еўропы.

Амерыканская супрацьракетная база ў Рэдзікове ўваходзіць у сістэму супрацьракетнай абароны НАТА. Будаўніцтва базы пачалося ў 2016-м годзе. Гатоўнасць да нясення службы база асягнула ў ліпені бягучага году.

Юры Ліхтаровіч