Беларуская Служба

Аляксандр Шлык: Рада Еўропы важны механізм падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларусаў

21.11.2024 10:13
Спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай па выбарах распавёў пра актывізацыю супрацы беларускай грамадзянскай супольнасці з гэтай міжнароднай арганізацыяй. 
Аўдыё
  • Рада Еўропы супрацоўнічае з беларускімі дэмакратычнымі сіламі
Ілюстрацыйны здымакCouncil of Europe/Public Domain

Беларусь доўгі гады мела абмежаванае супрацоўніцтва з Радай Еўропы. Па палітычных прычынах – парушэнні правоў чалавека і дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ў краіне. Апошнія гады супраца актывізавалася але не з беларускай дзяржавай, а грамадзянскай супольнасцю. Больш пра гэта распавёў у рамках Форуму ВБЎ спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык.

Аляксандр – вядомы эксперт у галіне выбараў з больш чым дзесяцігадовым вопытам. На працягу апошніх 10 гадоў ён працаваў у аддзеле па выбарах Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ), а з 2016 года ўзначальваў яго. Аляксандр кіраваў назіраннем за ўсімі выбарамі ў рэгіёне АБСЕ і дапамагаў краінам удасканальваць выбарчыя працэсы, каб яны адпавядалі міжнародным стандартам.

Цяпер Аляксандр Шлык адказвае за супрацоўніцтва з Радай Еўропы ў прасоўванні дэмакратычных змен у Беларусі. Гэта адна з нешматлікіх міжнародных арганізацый, якая рашуча і паслядоўна падтрымлівае дэмакратычныя памкненні беларусаў, зазначыў выступоўца.

- Супраца з Радай Еўропы стварае вялізарныя магчымасці для Беларусі як цяпер, так і ў будучыні. Важна памятаць, што Беларусь ніколі не была чальцом Рады Еўропы. На пачатку 1990-ых Беларусь хацела далучыцца да гэтай арганізацыі, але ўсё спынілася на атрыманні статусу запрошанага. Чальцом Беларусь не стала з-за таго, што ў 1996-м годзе ў краіне аднавілася смяротнае пакаранне, і не было дэмакратыі.

Пры гэтым на некаторым узроўні супрацоўніцтва захоўвалася, зазначае эксперт

- У Мінску дзейнічаў офіс Рады Еўропы на базе БДУ, які падтрымліваў кантакты з Беларуссю на выпадак дэмакратызацыі. Вялікай тэмай было супрацоўніцтва па смяротным пакаранні. Але тут не пайшлі далей размоў пра разгляданне магчымасці адмены смяротнага пакарання. Беларускі ўрад вялікай цікавасці не выказваў.

Сітуацыя змянілася ў 2022-м годзе і супрацоўніцтва стала больш інтэнсіўным, толькі на гэты раз супрацоўнічаць пачалі не з дзяржавай, а з грамадзянскай супольнасцю.

- У 2022-м годзе, калі пачалася расійская агрэсія супраць Украіны, 16 сакавіка таго ж году Расія была выключана з Рады Еўропы. 17 сакавіка арганізацыя прыняла рашэнне аб замарозцы ўсіх кантактаў з афіцыйным Мінскам. Праз два тыдні дэмакратычныя сілы ўсталявалі кантакт з Радай Еўропы і прапанавалі аднавіць супрацоўніцтва з Беларуссю, якую б прадстаўлялі беларускія дэмакратычныя сілы ды грамадзянская супольнасць.

Пасля некаторых ваганняў, гэтая прапанова была прынятая, распавёў Аляксандр Шлык.

- Першае, што мы запрапанавалі, каб магчымасць прадстаўніцтва беларусаў праз палітыкаў ды грамадскіх актывістаў. Проста не было, бо Рада Еўропы працуе на падставе працэдур. Спачатку летам 2022-га года Святлана Ціханоўская два разы выступіла на пленарным пасяджэнні Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Яна пераканала іх у тым, каб пачаць наладжваць супрацоўніцтва з дэмакратычнай Беларуссю. У верасні 2022-га года было прынятае рашэнне краінамі чальцамі Рады Еўропы аб стварэнні кантактнай групы з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі.

Чым займаецца гэтая кантактная група?

- Кантактная група пачала з фармулявання плану дзеянняў, то бок набору дзеянняў пры супрацоўніцтве, які складаецца з 15-ці пунктаў. Гэта такія напрамкі як стандарты для дэмакратыі, адукацыя беларускіх юрыстаў ды актывістаў пра еўрапейскія прававыя стандарты, адмена смяротнага пакарання, наладжванне дыялогу з беларускімі палітычнымі сіламі, прасоўванне ідэі мясцовага самакіравання, гендарнай роўнасці, прадстаўленне падтрымкі беларускім незалежным журналістам, праваабаронцам, адукацыя для беларускай моладзі па правах чалавека ды інфармаванне беларусаў пра дзейнасць Рады Еўропы.

Нядаўна Кантактнай групай Рады Еўропы па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі было падпісана пагадненне аб стварэнні Цэнтру Рады Еўропы для беларускага народа ў Вільні.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч