Беларуская Служба

Палітолаг: Удзел правых папулістаў ва ўрадавай кааліцыі не зменіць геапалітычны курс Літвы 

21.11.2024 15:11
«Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя будзе задаваць тон, а пераважная большасць літоўскага палітычнага класу і згодная ў асноўных кірунках замежнай палітыкі».
Ілюстрацыя MNStudio/Shutterstock

Па выніках другога тура парламенцкіх выбараў у Літве зменіцца вектар улады.  На змену правым да ўлады прыходзяць левыя, партыя сацыял-дэмакратаў. Літва, як і астатнія краіны Балтыі, - парламенцкая рэспубліка. Гэта значыць, што партыі, якія прайшлі ў парламент, фарміруюць урад, прэзідэнт намінуе будучага прэм'ера, а Сейм сцвярджае новы склад кабінета. Новы ўрад будзе вызначаць не толькі ўнутраную, але і знешнюю палітыку краіны. Цяпер гэта асабліва важна: Літва да гэтага часу была адным з самых заўзятых адвакатаў усебаковай падтрымкі Украіны і дэмакратычнай Беларусі з боку ЕС. 

Беларуская служба папрсіла парфесара Каўнаскага ўніверсітэта, палітолага Анджэя Пукшту распавесці пра фармаванне ўрада Літвы і пра новы палітычны пейзаж краіны: 

— Сітуацыя сёння такая, што ў мінулы чацвер адбылося першае пасяджэнне новаабранага Сейма Літоўскай Рэспублікі і падчас гэтага пасяджэння, як і належыць, былі абраны спікер і віцэ-маршалкі Сейма Літоўскай Рэспублікі, а таксама былі ўтвораны фракцыі. А ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Літоўскай Рэспублікі прэм'ер-міністр вярнуў прэзідэнту паўнамоцтвы, хоць прэм'ер-міністр Шыманітэ і асобныя міністры будуць часова выконваць абавязкі да фармавання новага ўрада. Прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўседа прадставіў у аўторак кандыдатуру сацыял-дэмакрата Гінтаўтаса Палуцкіса на пасаду прэм’ер-міністра, бо постаць ужо вядомая і агучаная грамадству, а потым, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Літвы, у Літве прэм'ер-міністр мае два тыдні, каб прадставіць парламенту праграму ўрада і кандыдатуры міністраў, гэта значыць на працягу двух тыдняў прадставіць склад урада. Выбарчы каляндар больш чым зразумелы, і з таго, як ён выглядае, у нас будзе новы ўрад у апошнія дні лістапада, самае позняе ў пачатку снежня. Варта дадаць, што кааліцыйная дамова ўжо падпісаная. Гэтую кааліцыйную дамову, то бок гэтую будучую кааліцыю, фармуюць тры партыі. Самая вялікая партыя — сацыял-дэмакратычная. Другая партыя — дэмакратычная партыя «У імя Літвы», а трэцяя — самая супярэчлівая, і, падобна, яна выклікала ў грамадстве такую вялікую хвалю эмоцый  —  «Зара над Нёманам» — таксама была ўключана ў кіруючую кааліцыю. Партыя, лідар якой вядомы антысеміцкімі і антыізраільскімі выказваннямі, і гэта, здаецца, распаліла палітычную і грамадскую атмасферу ў Літве. 

Спадар прафесар, ці гэты выбух эмоцый, выкліканы стварэннем такой кааліцыі,  абгрунтаваны? З пункту гледжання польскай палітычнай сцэны, кааліцыя, якая фармуецца постакамуністамі (сацыял-дэмакратамі) і крайняй правай партыяй  «Зара над Нёманам», якая вядомая сваёй ксенафобіяй і антысемітызмам выглядае вельмі экзатычна. У Літве гэта ўспрымаецца інакш?  

—  Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя заўсёды была вядомая тым, што больш, чым ліберальныя і правыя партыі, падкрэслівала сваю прыхільнасць да нацыянальнай талерантнасці, цярпімасці і згоды ўнутры грамадства. Напачатку яны казалі, што ніколі не пойдуць у кааліцыю з папулісцкай і правай партыяй, якая нядаўна была створана, уласна «Зара над Нёманам». Так заўсёды бывае з папулісцкімі партыямі, парадокс у тым, што мы не ведаем большасці гэтых новаабраных парламентарыяў, акрамя старшыні гэтай партыі, які праславіўся антысеміцкімі і антыізраільскімі заявамі. Гэта было нечаканасцю, таму што спачатку сацыял-дэмакраты казалі, што ніколі не пойдуць у кааліцыю з гэтай партыяй, што тут будзе нейкая чырвоная лінія, якую яны не пераступяць. Тым больш, што можна было выбраць іншыя партыі. Спачатку разглядалася магчымасць уступлення ў кааліцыю з Ліберальным саюзам. Таксама вяліся размовы аб супрацоўніцтве з Партыяй зялёных і сялян, але выбар спыніўся на папулісцкай партыі, вядомай толькі гэтымі экстрэмальнымі заявамі. 

У кантэксце таго, адбываецца навокал Літвы, прыгадваюцца словы прэм’ера Польшчы Дональда Туска, аб тым, што мірны час закончыўся, а Польшча, і рэгіён пачалі жыць у перадваенны час. А тут раптам у важнага хаўрусніка Польшчы, у Літве паўстала ўрадавая кааліцыя, чальцом якой з’яўляецца партыя, якая добра кладзецца ў расійскія прапагандысцкія байкі пра Еўропу, заклікае да аднаўлення стасункаў з Беларуссю і РФ. Ці варта баяцца развароту Вільні ў бок Будапешта і Браціславы? 

—  Я думаю, што не. Таму што тут галоўнай партыяй, якая будзе задаваць тон, будзе Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя, і ўсё ж пераважная большасць літоўскага палітычнага класу і літоўскай палітычнай эліты згодныя ў асноўных кірунках замежнай палітыкі. Што тычыцца асноўных напрамкаў гарантавання бяспекі. І тут я думаю, што сур'ёзных змен у літоўскай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі не будзе. Гэтак жа, як, здаецца, не будзе землятрусу і ў Міністэрстве абароны, якое таксама будзе ў руках сацыял-дэмакратаў. 

Спадар прафесар, зараз прапаную звярнуцца да тэмы палякаў у Літве. Як мясцовыя палякі ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, якое прадстаўніцтва яны атрымалі ў новым Сейме? На што могуць разлічваць ад новай урадавай кааліцыі? 

—  Тут не адбылося сур'ёзных зрухаў, таму што Akcja wyborcza Polaków na Litwie Związek Chrześcijańskich Rodzin мела тры месцы ў парламенце папярэдняга склікання, а па выніках мінулых выбараў - тры мандаты ў аднамандатных акругах. Партыя не перавысіла пяціпрацэнтны выбарчы бар’ер, абавязковы для ўсіх палітычных партый, якія ўдзельнічаюць у выбарах, таму статус-кво польскай партыі не замяніўся. Ёсць у нас і палякі, якія трапілі ў парламент са спісаў літоўскіх партый. Гэта, напрыклад, Томас Тамілінас, які трапіў са спісу Дэмакратычнай партыі, а таксама ў «Зары над Нёманам» ёсць адно польскае прозвішча. Аднак гэтыя дэпутаты па-за  польскай партыі не дэкларуюць сваёй польскасць і, здаецца, не вельмі атаясамліваюць сябе са справамі польскай меншасці. Аднак пабачым, можа, яны захочуць нешта зрабіць і адносна палякаў у Літве. 

Што на думку прафесара Анджэй Пукшты зараз патрэбна польскай меншасці ў Літве. Улічваючы, што неспакойную геапалітычную абстаноўку, дэзынфармацыйныя акцыі Расіі скіраваныя супраць адзінства літоўскага грамадства, а таксама, як думку палітолага, будуць выглядаць адносіны будучага ўрада з Варшавай слухайце ў падкасце Беларускай службы Польскага радыё для замежжа.

эж