У апошнія гады ў замежнай павестцы лукашэнкаўскіх СМІ ды прапагандыстаў дамінуе Польшча. Менавіта пра гэтую краіну пішуць найбольш сярод іншых замежных дзяржаў. Аднак, гэта не робіцца дзеля таго, каб наблізіць беларусам суседзяў, пазнаёміць іх з асаблівасцямі польскай гісторыі, сучаснасці ды двухбакавых адносін. Лукашысты імкнуцца выклікаць сярод беларусаў негатыўнае стаўленне да Польшчы і палякаў. Гэта добра прадуманая і спланаваная інфармацыйная кампанія.
У Мінску пра Польшчу не кажуць іначай як пра «варожую краіну, якой кіруюць кепскія палітыкі, марыянеткі Амерыкі, якія хочуць захапіць уладу ў Мінску ды разваліць Расію».
У супрацьвагу гэтаму дэманструецца вобраз «мірнай і ўпарадкаванай Беларусі, якой кіруе мудры прэзідэнт, і куды ўцякаюць людзі, якіх пераследуе Польшча, і Захад, і дзе яны могуць свабодна выказвацца”.
Гэта толькі адзінкавыя прыклады таго, што лукашэнскаўскія СМІ кажуць пра Польшчу. З падлікаў аналітычнай кампаніі Media IQ вынікае, што за апошні год у Беларусі найбольш сярод замежных краін пісалі пра Польшчу. Пры гэтым, важна разумець, што ў Беларусі СМІ кантралююцца дзяржавай і выконваюць задачы прапагандысцкай накіраванасці, кажа незалежным беларускі медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі.
- СМІ ў цяперашняй Беларусі дзяржаўныя, без пытанняў. Ці можна паставіць знак роўнасці, што гэта частка прапагандысцкай машыны? Шмат якія з іх – так, а некаторыя – не. Мы не сумняваемся, што называць часткай прапагандысцкай машыны, калі бачым праявы прапаганды, калі ёсць маніпуляцыі, калі ціснуць на нашыя эмоцыі, калі хочуць нас пераканаць у чымсьці. Таму, хутчэй за ўсё, калі мы кажам пра асноўныя тэлеканалы, пра газеты як «СБ Беларусь сегодня», ці нешта падобнае, тут можна ставіць знак роўнасці. Некаторыя выданні, якія прысвечаныя спорту ці культуры, маюць не такі вялікі складнік прапаганды, у прагнозе надвор’я яна зусім не прысутнічае.
Варта зазначыць, што ў тым, што пішуць лукашэнкаўскія СМІ пра Польшчу, відаць вельмі шмат эмоцый ды негатыву: «італьянца ў Польшчы прыгаварылі да сацыяльнай смерці, у Польшчы ў людзей, якія хочуць казаць праўду, адразу ўзнікаюць праблемы, пералом пазваночніка і ірваная рана нагі. Чарговыя зверствы на польскай мяжы, загады ідуць з Вашынгтона, а Польшча проста выконвае гэтыя дырэктывы».
У праграме Клуб рэдактараў, лукашэнкаўскія выдаўцы галоўных выданняў называлі Польшчу «Фальш Паспалітай», перакручваючы гістарычную назву «Рэч Паспалітая», закідваючы цяперашнім польскім уладам падман і маніпуляцыю ў дачыненні да Беларусі. Гэта праявы інфармацыйнага ўздзеяння перакананы, эксперт
- Апошнім часам еўрапейскія структуры пачалі выкарыстоўваць тэрмін FIMI, які перакладаецца як знешняе інфармацыйна-маніпуляцыйнае ўздзеянне. «Ложь посполітая» ўкладаецца ў гэты тэрмін. Гэта прапаганда, якую часам цяжка пабачыць, калі няма відавочнай маніпуляцыі. Тут жа ўсё ёсць, бо ў прапаганды ёсць сэнс, ёсць мета, якую хочацца дасягнуць, і ёсць мэта, што павінна адбыцца з аўдыторыяй. І калі аўдыторыю заклікаюць да пэўных дзеянняў, або правакуюць на нейкія эмоцыі, незалежна ад таго, ці гэта карысна ці не карысна для гэтай самай аўдыторыі, тады мы можам казаць пра прапаганду. Гэта маніпуляцыя нашымі пачуццямі, якая мае на мэце прымусіць нас зрабіць выбар, і не такі, які б мы зрабілі, будучы інфармаванымі, а той, які трэба таму, хто кіруе гэтай махінай.
Негатыў у дачыненні да Польшчы не ёсць ініцыятывай СМІ ці паасобных журналістаў у Беларусі. Гэта курс абраны Лукашэнкам ды дзяржаўным апаратам, кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.
- На афіцыйным узроўні рыторыка была вельмі жорсткай на працягу ўсяго года. Польшча ў беларускіх афіцыйных дакументах пазначаецца, як крыніца пагрозы. Можна ўзяць і ваенную дактрыну і канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Тое самае гучыць і ў публічных прамовах Лукашэнкі ды іншых афіцыйных асоб. У перспектыве нават не выключаецца магчымасць выкарыстання тэрыторыі Беларусі для нападу на Польшчу, ці краіны Балтыі ў будучыні.
Рэжым Лукашэнкі імкнецца паказваць Польшчу ў дзяржаўных СМІ як ворага для ажыццяўлення шэрагу задач, тлумачыць Паўлюк Быкоўскі.
- Мы бачым стратэгію кіроўнага рэжыму ў тым, каб разбіць салідарнасць сярод беларусаў. Не сакрэт, што салідарнасць у беларусаў праяўлялася не толькі ў 2020 годзе, але і ў папярэднія гады. Як толькі адбывалася нейкае надзвычайнае здарэнне, людзі пачыналі дапамагаць адзін аднаму, дапамагалі палітзняволеным. 2020 год паказаў, як шмат людзей гатовы падставіць плячо адзін аднаму, каб проста захаваць сваю чалавечнасць, не паддавацца на ціск дзяржаўнага апарату, абараніць слабых і гэтак далей. Салідарнасць вельмі не падабаецца рэжыму. Для гэтага трэба ўбіць клін. І клін убіваецца па розных кірунках. З аднаго боку, можа быць, вось гэтае змаганне з прапагандай нетрадыцыйных каштоўнасцяў, якое зараз набірае абароты. Напэўна зараз будзе законапраект, як у Расіі, і будзе нешта такое рабіцца. У спальню да беларусаў кіроўны рэжым лезе не таму, што яму цікава, ці ён сапраўды падзяляе такія традыцыйныя каштоўнасці, а таму, што трэба знайсці ворага і паказаць пальцам.
Дайшло да таго, што лукашысты пачалі наўпрост абвінавачваць Польшчу ў падрыхтоўцы нападу на Мінск.
Лукашэнкаўскі тэлеканал ОНТ падрыхтаваў прапагандысцкі фільм пра нібыта спробы захапіць Беларусь
- Польшчу хочуць паказаць, як спрадвечнага, гістарычнага ворага Беларусі. І для людзей, якія не вельмі цікавяцца гісторыяй, ці рэдка бывае ў Польшчы, гэта можа спрацаваць. Асабліва ў сітуацыі такой няўпэўненасці, калі пабач ідзе вайна, і здавалася, што толькі Беларусь знаходзіцца ў спакойным месцы. А тут ёсць вораг пад бокам, і трэба аб'ядноўвацца супраць ворага. Гэта тое, што лукашысты жадаюць ад насельніцтва. А з іншага боку, можаце прыгадаць, у 20-м годзе Аляксандр Лукашэнка раптоўна прыгадаў, што, магчыма, Польшча хоча забраць крэсы ўсходнія, Гродна, забяруць і так далей. Гэта было абгрунтаванне, каб Пуцін увёў войскі, ці паліцэйскія фарміраванні для падтрымкі кіроўнага рэжыму супраць пратэстаў. Крэмль Расгвардыю не ўвёў, але на словах падтрымаў Лукашэнку. Менавіта гэта было вельмі патрэбная яму ў той момант. Таму Польшча стала інструментам, якія патрэбны рэжыму для розных мет. У 20-м годзе гэта была тактыка, прыдумаць абгрунтаванне, каб звярнуцца да Пуціна па дапамогу. Цяпер гэта ўжо такая стратэгічная мэта падзяліць грамадства і паказаць на вонкавага ворага.
Польшча стала для рэжыму Лукашэнкі галоўным ворагам. Мінскія прапагандысты шчыруюць, каб навязаць беларусам негатыўны вобраз гэтай краіны.
Юры Ліхтаровіч