Беларуская Служба

Эксперт: сірыйскае грамадства спадзяецца, што вайна скончыцца

13.12.2024 15:30
Аднак, падзеі могуць пайсці зусім па іншым сцэнары. У краіне мноства палітычных, этнічных ды канфесійных падзелаў.
Аўдыё
  • Эксперт пра сітуацыю ў Сірыі
 ,            -  ,
Людзі сабраліся, каб адсвяткаваць перамогу апазіцыі пасля пятнічнай малітвы падчас дэманстрацыі на плошчы Аль-Амавін у Дамаску, СірыяEPA/HASAN BELAL Dostawca: PAP/EPA

Усяго за 11 дзён сірыйскай апазіцыі ўдалося зрынуць дыктатарскі рэжым Асадаў. Аднак, цяперашнія пераможцы - гэта розныя ўзброеныя групоўкі, без адзінага камандавання ды акрэсленай структуры. Калі дадаць той факт, што Сірыя з’яўляецца шматэтнічнай і шматканфесійнай краінай, нельга выключыць, што дзяржаўныя межы на Блізкім Усходзе зменяцца.

Больш за паўстагоддзя ў Сірыі кіраваў рэжым сям’і Асадаў. Апошні дыктатар – Башар Асад гаспадарыў у краіне 24 гады. Аднак за апошнія два тыдні сітуацыя радыкальна змянілася. Пасля наступу паўстанцаў з антыасадаўскай апазіцыі, рэжым алавітаў разваліўся, а самому дыктатару давялося ўцякаць у Маскву.

Улада ў Сірыі перайшла да групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», новым прэм'ер-міністрам стаў Мухамед аль-Башыр, які раней узначальваў так званы Урад выратавання, што сфармавалі змагары «Хаят Тахрыр аш-Шам» ў правінцыі Ідліб на поўначы краіны. Лідар пераможцаў Абу Мухамад аль-Джулані заявіў у размове з CNN, што групоўка больш не прытрымліваецца крайніх ісламісцкіх поглядаў, і пазіцыянуе сябе як умераную сілу, абяцаючы бараніць меншасці ды зрабіць Сірыю свабоднай краінай. Сусветныя СМІ паведамляюць, што паўстанцы пакуль паводзяць сябе цывілізавана. Насельніцтва не крыўдзяць, былых салдат сірыйскай арміі раззбройваюць ды абяцаюць сябраваць з суседзямі. Нават прагучалі заявы пра тое, што ворагам Сірыі з’яўляецца Асад, «Хезбала» ды Іран, а не Ізраіль. Пра тое, што адбываецца ў Сірыі, якія там магчымыя сцэнары развіцця падзей, мы паразмаўлялі з турколагам з Варшаўскага ўніверсітэту др. Конрадам Заштаўтам.

- Думаю, для антыасадаўскай апазіцыі хуткая перамога таксама была нечаканасцю, яны самі не спадзяваліся такога ашаламляльнага поспеху. Турцыя відавочна падтрымлівала ісламісцкія групоўкі ў рэгіёне Ідліб. Больш за тое, так званая Сірыйская нацыянальная армія цесна звязана з Турцыяй і ў асноўным дзейнічае як турэцкая проксі-сіла. Крыху інакш  маюцца ісламісцкія групоўкі, у тым ліку найбуйнейшая «Хаят Тахрыр аш-Шам», то бок «Фронт вызваленьня Леванта», яе лідара аль-Джулані апошнім часам паказваюць розныя медыі. Гэтая групоўка падтрымлівала адносіны з Турцыяй, і магчыма мела дапамогу з Анкары, але яна ў значнай ступені была незалежнай. Сама Турцыя, як і Злучаныя Штаты, як Еўрасаюз, як Канада, ды іншыя краіны, заўсёды лічыла гэтую групоўку тэрарыстычнай. Такім чынам, здаецца, яны дзейнічалі самастойна, ці часткова па згодзе з Турцыяй. Я думаю, што разлік паўстанцаў быў больш сціплым на пачатку, гэта значыць усё абмяжуецца атакай на Алепа, другі па велічыні горад Сірыі. Паля чаго яны спадязваліся змусіць рэжым Асада пайсці на перамовы. Гэта тое, да чаго Турцыя імкнецца. Апошнія некалькі месяцаў яна даволі актыўна ціснула на Асада, каб ён пачаў дамаўляцца аб нейкіх умовах не толькі з апазіцыяй, але і з Турцыяй для аднаўлення адносін. Я думаю, было нечаканасцю, што апазіцыі ўдалося так хутка захапіць Алепа, а затым і іншыя буйныя гарады.

На апошніх выбарах два гады таму Асад хваліўся перамогай з 95% галасоў, і вось цяпер паўстанцы на пікапах, прагналі ўсю армію Асада, расіян ды баевікоў «Хезбалы».

- Тут таксама было некалькі пераменных. Найважнейшым фактарам з'яўляецца тое, што сам Асад не стварыў моцнай арміі. Ён абапіраўся на расіян, абапіраўся на «Хезбалу», то бок на іранцаў. Бо «Хезбала» — ліванская групоўка, але, паколькі гэта шыіцкая групоўка, яна падпарадкоўваецца Ірану. Армія Асада нічога з сябе не ўяўляла. Па-другое, у апошнія месяцы «Хезбала» была ўцягнута ў вайну з Ізраілем. Гэта аслабіла яе, а Расія, у сваю чаргу, з 2022 года ўцягнулася ў вайну на Украіне. І яна ўжо вывела з Сірыі большую частку сваіх сіл, у тым ліку сумна вядомую групоўку «Вагнера», якая раней прысутнічала ў Сірыі, і толькі потым была накіравана ва Украіну. А ў апошнія дні, калі гэты наступ ішоў з напрамку Алепа, трэба таксама дадаць, што актывізаваліся іншыя сілы антыасадаўскай апазіцыі, таксама ў паўднёвых краінах у раёне Дар'а. Там, у сваю чаргу, існавала больш блізкая да амерыканцаў групоўка «Сірыйскай свабоднай арміі». На ўсходзе, на рацэ Еўфрат, калі ўсё пачалося, курды занялі частку падкантрольных рэжыму тэрыторый. У выніку армія Асада была аслаблена ды вымушаная дзяліць увагу на два напрамкі.

Вы назвалі як мінімум чатыры розныя сілы, якія выступаюць у якасці апазіцыі. Як у такіх умовах будзе складвацца сітуацыя? Ці працягнецца грамадзянская вайна ў гэтай краіне, толькі цяпер паміж рознымі фракцыямі апазіцыі? Ці будзе мірнае пагадненне?

- Пакуль у Сірыі можа адбыцца ўсё, што заўгодна, і ўсе спадзяюцца, перш за ўсё сірыйцы, грамадства спадзяецца, што гэтая вайна скончыцца і не будзе працягу барацьбы паміж рознымі групоўкамі. Але гэта вельмі верагодна ў краінах, якія перажылі дыктатуру, дзе ўсе дзяржаўныя інстытуты разбураныя. Не выключана, што гэты канфлікт будзе працягвацца. Тым больш, што гэтых груповак некалькі, і асабліва праблемы ёсць паміж гэтымі пратурэцкімі фракцыямі і сірыйскімі дэмакратычнымі сіламі, якія кіруюць у паўднёва-ўсходняй частцы. Гэта рэгіён, дзе дамінуюць сірыйскія курды. Яны для Турцыі вораг нумар адзін, якая абвінавачвае іх у супрацоўніцтве з партызанамі PKK, што ваююць супраць Турцыі на турэцкай тэрыторыі. У Сірыі рух курдаў JPG уваходзіць у сірыйскія дэмакратычныя сілы. І цяпер можна сказаць, што баі працягваюцца, таму што пратурэцкія атрады спрабуюць адбіць у курдаў больш тэрыторый. Курды заяўляюць, што не імкнуцца да стварэння асобнай дзяржавы і таксама лічаць сябе сірыйцамі. Нават учора, як жэст салідарнасці з Сірыяй, у курдскім рэгіёне былі вывешаныя ўсюды новыя сірыйскія сцягі. У цэнтры ранейшага сцягу былі дзве зялёныя зоркі, а цяпер іх тры, але чырвоныя. Курды таксама вывесілі дадзеныя сірыйскія сцягі. Тым не менш, Турцыя лічыць іх тэрарыстычнай арганізацыяй, і мэта, якую яна паставіла перад сваімі войскамі, якія ўваходзяць у Сірыйскую нацыянальную армію, забраць у курдаў як мага больш тэрыторый. На дадзены момант там працягваюцца баі.

Чаму курды не абвяшчаюць сваю незалежнасць? Напэўна, цяпер рэдкая нагода гэта зрабіць?

- Насамрэч у іх шмат гадоў была аўтаномія ў гэтым рэгіёне. Нефармальная, нікім не прызнаная, хоць у прынцыпе неяк прынятая многімі заходнімі краінамі і падтрыманыя, у тым ліку, ЗША, якія таксама маюць сваіх вайскоўцаў у курдскім рэгіёне. Тым не менш, Турцыя разглядае курдаў як ворага нумар адзін у Сірыі. І вось ужо некалькі гадоў яна праводзіць там розныя ваенныя аперацыі, каб забраць частку іх тэрыторый ля мяжы з Турцыяй і стварыць буферную зону. Так што калі б курды вырашыліся на такі крок, і нават абвясцілі не толькі незалежную дзяржаву, але нейкую вышэйшую форму аўтаноміі, гэта было б правакацыяй для Турцыі, якая паспрабавала б пазбавіць іх аўтаноміі з яшчэ большай сілай. Падтрымка ж ЗША таксама не вельмі пэўная, таму што Дональд Трамп, калі раней быў прэзідэнтам, абвясціў аб вывадзе амерыканскіх сіл з гэтага рэгіёну ў 2018 годзе. Цяпер, некалькі дзён таму, ён сказаў, што Сірыя не важная для ЗША, што гэта не амерыканская праблема. Гэта таксама можа сведчыць аб тым, што калі ён стане кіраваць, то выведзе адтуль амерыканскія войскі. У выніку ўтворыцца вельмі небяспечная сітуацыя для курдаў, таму што тады яны ў прынцыпе не будуць мець ніякага саюзніка ў рэгіёне. Гэта можа азначаць, што яны страцяць любую форму самакіравання.

Усяго за два тыдні сірыйскія паўстанцы змаглі прарвацца з анклава на паўночным захадзе краіны ды захапіць шэраг буйных гарадоў, дайсці да сталіцы Дамаска, дзе зрынулі прэзідэнта Башара Асада праз 13 гадоў пасля пачатку грамадзянскай вайны ў краіне. Пераможцаў вяла паўстанцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам». Шмат хто ў краіне святкуе падзенне дынастыі Асадаў, якая кіравала Сірыяй жалезнай рукой, аднак, далейшая будучыня - незразумелая, сітуацыя ўвесь час мяняецца, розныя паўстанцкія групы кантралююць розныя часткі краіны.

Юры Ліхтаровіч