Беларуская Служба

Пра добрага цара і натоўп лісліўцаў. Ці змена пакаленняў у Беларусі і Расіі прынясе кардынальныя перамены?

27.12.2024 10:12
 Беларусь дапусцілі да царскага цела ў вобразе маладога беларускага блогера Улада Бумагі.
  .
Блогер Улад Бумага.(Фота: Вячаслаў Пракоф'еў / ТАСС)

Шматгадзінныя прэс-канферэнцыі дыктатараў - абавязковы элемент падтрымання іміджу ў СМІ. У Беларусі Лукашэнку не надта турбуе пацяпленне яго ўспрымання ў грамадстве. Тут сістэма абапіраецца на ідэю строгага, але справядлівага бацькі, які ўсё ведае і асабіста пакарае вінаватых. А можа, потым памілуе - хто ведае?

У Расіі традыцыйна інакш. Раз на год састарэлы ўладар Крамля прымае вобраз «добрага цара», які выходзіць у народ — старанна адабраны народ, зрэшты — і вырашае праблемы: пенсіянераў, маці-адзіночак, людзей, незадаволеных станам сваёй паліклінікі ў Мухасранску - і гэтак далей. Да дзясятка за раз. З мільёнаў іншых існуючых у Расіі праблем, якія, хутчэй за ўсё, застануцца не вырашанымі. Ну хіба што на чарговай цар-бацюшкавай канферэнцыі.

Сёлета спектакль Пуціна ў атачэнні яго прапагандысцкага двара доўжыўся ажно 4 гадзіны 27 хвілін - рэкордна доўга. Акрамя звыклага набору тэм, кшталту барацьбы за правы расіян у заходніх краінах, дзе іх нібыта прыгнятаюць, Беларусь з'явілася двойчы. Першы раз – як заўсёды – у якасці хаўрусніка. Мабыць, апошняга хаўрусніка Расіі. Пуцін заявіў, што пасля змены расійскай ядзернай дактрыны, ён будзе абараняць Лукашэнку ў выпадку агрэсіі Захаду супраць Беларусі. Няхай Захад баіцца.

Але другі выпадак быў незвычайны. Беларусь дапусцілі да царскага цела ў вобразе маладога беларускага блогера Улада Бумагі, нібыта выпадкова абранага з натоўпу расійскіх прапагандыстаў, што атачалі Пуціна і яго прэс-сакратара Пяскова. Беларусу дазволілі задаць аж два пытанні. Першае было пра прычыны тармажэння YouTube у Расіі. Стандартны адказ Пуціна быў, што яны самі вінаватыя. Абвясцілі санкцыі і выгналі нашых артыстаў і СМІ - няхай цяпер не скардзяцца.

Але другім пытаннем 28-гадовы блогер (то бок, народжаны ўжо пасля пачатку кіравання ў Беларусі Лукашэнкі) перабіў большасць расійскіх лісліўцаў крамлёўскага дыктатара. Бумага сказаў (а нагадаем, у яго 80 мільёнаў падпісчыкаў сярод дзяцей і падлеткаў): я прашу ў вас парады, як мне выхоўваць маладое пакаленне. Што трэба рабіць, а чаго не.

У гэты момант твар Пяскова ззяў як сонца. І ягоны начальнік таксама не сапсаваў моманту - сказаў, што адказваць на гэтае пытанне яму няма сэнсу, і дадаў: «Адказнасць за сваё дзіця і краіну, у якой яно будзе жыць, будзе кіраваць вамі нават лепш, чым я» - ну проста ідылія!

Прапагандысцкае дасягненне Улада Бумагі, які, дарэчы, ужо з'ехаў з Беларусі ў Маскву, купіўшы нядаўна там кватэру плошчай 270 квадратных метраў за каля 500 мільёнаў рублёў, на маю думку, адказвае на вельмі важнае пытанне: ці прывядзе змена пакаленняў да аўтаматычных перамен у светаадчуванні расійскага і беларускага грамадстваў? На жаль, не.

Аптымісты тут, у Беларусі, і некаторыя ў Расіі сцвярджаюць, што калі расійскі і беларускі дыктатары памруць, рэжым аўтаматычна рухне - і краіны пачнуць змяняцца да лепшага. Пуцін і Лукашэнка сапраўды некалі памруць - магчыма, нават у недалёкай будучыні. Але пакуль існуе сістэма прапаганды - і моладзь жадае ў ёй удзельнічаць - я не стаў бы прагназаваць хуткіх змен да лепшага ні ў Беларусі, ні ў Расіі.

Дарэчы, прэс-сакратар Пуціна Пяскоў публічна ў канцы тыдня заявіў, што яго ўразіла пытанне маладога беларускага блогера. Мяне таксама, Дзмітрый Сяргеевіч. Міска сачавіцы - як бачна - перажыве ўсіх дыктатараў - і для некаторых маладых людзей яна будзе больш каштоўнай, чым свабода і чыстае сумленне.

З Мінска для Польскага Радыё - Ян Кшыштаф Міхаляк