Карэспандэнт газеты «Rzeczpospolita» нагадаў, што ў пачатку снежня Анвар аль-Буні сказаў яму, што на наступны дзень пасля падзення дыктатара Башара Асада ён вернецца ў Дамаск, аднак усё яшчэ знаходзіцца ў Берліне.
— Я вельмі хацеў бы вярнуцца, але цяпер не магу, трэба ўладкоўваць свае справы бежанца ў Германіі. Каб я мог прыехаць сюды ў будучыні. Калі я ва ўсім разбяруся, паеду на радзіму. Палітычныя падзеі ў Сірыі шматспадзеўныя, - лічыць сірыйскі праваабаронца. Ён сказаў, што дачка ўжо паехала ў Дамаск, сын таксама рыхтуецца з'язджаць з Берліна.
Паводле меркавання Анвар аль-Буні, на правядзенне выбараў у Сірыі трэба пачакаць:
— Да выбараў трэба належным чынам падрыхтавацца. Гэта займае тры, чатыры, нават пяць гадоў. Гэтаксама і з канстытуцыяй. Пра правядзенне выбараў цяпер цяжка думаць. Людзям патрэбна стабільнасць, ежа і электрычнасць. Да таго ж у іх так доўга не было магчымасці дыскутаваць, што яны яшчэ не гатовыя прымаць палітычныя рашэнні. Людзі павінны мець пастаяннае месца жыхарства, яны не могуць галасаваць у лагерах для бежанцаў ці недзе за межамі краіны, напрыклад, у Турцыі. Акрамя таго, рэжым Асада раздаваў грамадзянства іранцам, афганцам і ліванцам, якія яго падтрымлівалі, невядома, што з гэтым рабіць, яны могуць паўплываць на вынік выбараў.
Анвар аль-Буні самым небяспечным на дадзены момант лічыць спробы знешніх гульцоў паўплываць на Сірыю. У першую чаргу гэта Іран, Расія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. І злачынныя прыхільнікі рэжыму Асада.
— Мы не можам дапусціць паўтарэння таго, што адбылося ў Лівіі і Судане. Мы не можам дапусціць вайны, нас павінна займаць не вайна з ісламістамі, а аднаўленне Сірыі, забеспячэнне яе бяспекі, забеспячэнне бяспекі яе межаў. Тады мы пачнем змагацца з ісламістамі мірнымі метадамі, абараняючы правы чалавека, - кажа сірыйскі аглядальнік і праваабаронца.
У інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі аднаго з набліжаных новага кіраўніка Аш-Шара, які шмат гадоў таму кіраваў публічным пакараннем смерцю жанчын. Суразмоўца «Rzeczpospolita» адзначыў, што «калі-небудзь яго за гэта будуць судзіць, але цяпер не час. Прыярытэтам з'яўляецца стабілізацыя краіны. Не можа быць, як у Судане, дзе адзін генерал змагаецца з другім. Мы не хочам грамадзянскай вайны».
Анвар аль-Буні (нар. 1959), сірыйскі юрыст, праваабаронца. Да эміграцыі ў Германію ў 2012 годзе, дзе ён атрымаў палітычны прытулак, ён падвяргаўся пераследам і зняволенню з боку рэжыму Башара Асада. Праваслаўны хрысціянін. На адной з берлінскіх вуліц Аль-Буні пазнаў свайго крыўдзіцеля — сірыйскага палкоўніка службы бяспекі Анвара Раслана, які, схаваўшы сваё мінулае, атрымаў прытулак у Германіі. Раслан быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення судом у Кобленцы ў 2022 годзе за «злачынствы супраць чалавечнасці». Гэта быў першы ў свеце суд над сірыйскімі злачынцамі.
яс