Белы дом абмяркоўвае, ці варта адмяняць санкцыі супраць расійскай энергетыкі, у тым ліку газаправода Nord Stream 2, паведамляе Politico. Верагодна, прыхільнікам такога рашэння з'яўляецца спецпасланнік прэзідэнта Дональда Трампа (прыватна яго сябар) Стыў Віткаф.
Паводле выдання, Віткаф, які сцвярджае, што наладзіў «сяброўскія адносіны» з Уладзімірам Пуціным, нібыта даручыў сваёй камандзе скласці спіс падсанкцыйных расійскіх энергетычных кампаній, каб лабіраваць зняцце з іх абмежаванняў.
Акрамя яго, падобны ўплыў на адміністрацыю нібыта аказваюць групы бізнесменаў, у тым ліку фінансіст Стывен Лінч, які падчас тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Джо Байдэна беспаспяхова спрабаваў пераканаць адміністрацыю дазволіць яму купіць Nord Stream 2. Намаганні да зняцця санкцый прыкладае таксама блізкі паплечнік Уладзіміра Пуціна і кіраўнік кампаніі Nord Stream 2 AG Маціяс Варніг.
Паводле крыніцы інфармацыі Politico, пакуль згаданыя дзеянні не атрымалі шырокай падтрымкі ў Белым доме. Супраць Віткафа выступаюць, між іншым, Дзярждэпартамент і міністр унутраных спраў Дуг Бургам, які ўзначальвае Савет па дамінаванні ў энергетыцы.
Праціўнікі сцвярджаюць, што вызваленне расійскага газавага сектара ад санкцый нанясе шкоду амерыканскім экспарцёрам звадкаванага прыроднага газу і росту паставак газу ў Еўропу.
«Аднаўленне Расіяй статусу галоўнага пастаўшчыка энергіі ў Еўропу стане «крывавай лазняй» для амерыканскіх вытворцаў нафты і газу», - паведаміла выданню адна з крыніц інфармацыі.
Паводле іншай крыніцы, некаторыя ў адміністрацыі ЗША лічаць, што Расія ўвяла Віткафа ў зман адносна маштабу эканамічных магчымасцей ЗША па аднаўленні дзелавых адносін з Расіяй.
Politico адзначае, што зняцце санкцый з Nord Stream 2, якія ўпершыню былі ўведзеныя падчас першага тэрміну паўнамоцтваў Дональда Трампа і прыводзіліся ім як доказ таго, што «ніхто не з'яўляецца больш жорсткім у дачыненні да Расіі, чым ён», мела б сэнс толькі ў тым выпадку, калі б Еўрасаюз пагадзіўся зноў купляць расійскі газ, што, на думку аўтараў, малаверагоднае.
аз